На выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці такую думку неаднаразова падкрэслівала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна нагадала, што сенатары павінны не радзей за адзін раз на месяц праводзіць прыёмы і сустракацца з людзьмі. 4 лютага падчас адзінага дня прыёму грамадзян парламентарыямі сустрэчы адбыліся ў Віцебскай вобласці.
Заўважана станоўчая дынаміка зваротаў да сенатараў на Віцебшчыне: за 2025 год іх было 760, амаль на 20 % менш, чым у 2024-м. Удвая менш стала калектыўных зваротаў. Але застаюцца канцэптуальныя пытанні, такія як няўважлівы, абыякавы разгляд зваротаў, бяздзейнічанне на месцах. У якасці прыкладу ўзгадалі, што для станоўчага вырашэння пытання з забеспячэннем пітной вадой жыхары аграгарадка Межава Аршанскага раёна вымушаны былі ўзняць на ногі ўсю вертыкаль улады. Аналагічная сітуацыя склалася ў вёсцы Буева Віцебскага раёна...
— Вы ведаеце, якая вялікая ўвага ў нашай краіне ўдзяляецца адносінам да людзей, — нагадала Наталля Качанава.
— На другім пасяджэнні сёмага УНС Прэзідэнт паставіў задачу перш за ўсё ўважліва працаваць з людзьмі. Гэта асноўны пасыл да дэпутацкага корпуса. Уважлівыя адносіны, веданне праблем, чым жывуць людзі, якія пытанні неабходна вырашаць на тым ці іншым этапе вашага развіцця — гэта для нас асноўнае. Другая задача: законы не павінны адставаць ад жыцця.
У 2026 годзе будзе ўдасканальвацца заканадаўства адносна работы са зваротамі грамадзян, а паколькі ў пасяджэнні прэзідыума бралі ўдзел службовыя асобы, якія непасрэдна працуюць з людзьмі, ім адрасавана пажаданне аб слушных прапановах, накіраваных на паляпшэнне закона і падзаконных актаў.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што, нягледзячы на дакладна пабудаваную работу са зваротамі, часам службовым асобам не хапае проста ўважлівых адносін да людзей.
Паводле прыёму, праведзенага ёю ў Бягомлі, Наталля Качанава зноў прыйшла да высновы аб недастаткова эфектыўнай тлумачальнай рабоце з насельніцтвам. Так, тыя, хто прыйшлі на прыём, аказаліся недасведчанымі адносна транспартнага забеспячэння, медыцынскага абслугоўвання (колькасці ўрачоў), іх сведчанні разыходзіліся з інфармацыяй прадстаўнікоў мясцовай улады. Аднак сутнасць праблемы Наталля Качанава ўлавіла і прапанавала разгледзець варыянт выкарыстоўваць магчымасці размешчаных паблізу санаторыяў «Баравое» і «Лясное» для абследавання і правядзення іншых медыцынскіх маніпуляцый у адносінах да жыхароў Бягомльскай зоны Докшыцкага раёна — такая практыка існуе ў санаторыях, што на Нарачы.
— Калі праблема ёсць, не варта думаць, што яна сама сабою вырашыцца, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Настаў час канкрэтных спраў і выканання ўзятых на сябе абавязкаў.
Спікер заўважыла, што надзвычай вялікімі паўнамоцтвамі сёння валодаюць кіраўнікі рэгіёнаў, і трэба іх прымяняць, каб паляпшаць жыццё на падначаленай ім тэрыторыі.
Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян сакратарыята Савета Рэспублікі Максім Шэко адзначыў, што ў 2025 годзе ў Савет Рэспублікі ад жыхароў Віцебскай вобласці паступіла 760 зваротаў, 26 % з якіх датычыліся пытанняў ЖКГ. Астатнія тэматыкі зваротаў складаюць ад 2 % да 10 % ад агульнай колькасці. Максім Шэко таксама звярнуў увагу на тое, што грамадзяне накіроўваюць звароты не толькі па пытаннях жыццезабеспячэння, але і прапануюць варыянты развіцця тэрыторыі.
Прагучалі даклады, прысвечаныя розным аспектам працы мясцовых органаў улады са зваротамі. Так, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі расказаў аб рабоце са зваротамі грамадзян па сваім кірунку. Ён звярнуў увагу на тое, што ад грамадзян часта паступаюць звароты, якія так ці інакш звязаны з кадравымі пытаннямі. «За апошнія 5 гадоў укамплектаванасць урачамі вырасла на 3 %, па сярэдніх медыцынскіх работніках — на 2 %», — сказаў Міхаіл Вішнявецкі.
Таксама грамадзяне звяртаюцца па пытаннях чэргаў у паліклініках. Частка зваротаў звязана з даступнасцю медыцынскай дапамогі ў вёсцы.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў, гаворачы аб удасканаленні сістэмы ўзаемадзеяння органаў улады з насельніцтвам, падкрэсліў: «Як паказвае практыка, часта прычынай звароту з’яўляецца не сама праблема, а недастатковасць інфармавання насельніцтва. Для пераадолення такой сітуацыі вядзецца шырокая інфармацыйна-тлумачальная работа з насельніцтвам па ключавых праблемах галіны жылля. Гэтым займаецца гарадская газета, дзе на пастаяннай аснове публікуюцца матэрыялы па дадзенай тэматыцы, размяшчаюцца каментарыі службовых асоб. Падрабязная інфармацыя аператыўна размяшчаецца ў Telegram і на іншых платформах».
Адным са спосабаў работы з грамадзянамі з’яўляюцца асабістыя прыёмы. «Для больш поўнага ахопу грамадзян, якія па розных прычынах не могуць прыйсці на асабісты прыём, на рэгулярнай аснове арганізоўваем выязныя прыёмы, сустрэчы на працоўных месцах, працоўных калектывах, у тым ліку сустрэчы ў фармаце свабоднай размовы. Падчас сустрэч мы тлумачым нормы заканадаўства, знаёмім жыхароў горада з тэрмінамі і парадкам выканання праграм, адказваем на пытанні. Таксама эфектыўны метад работы з насельніцтвам — правядзенне прамых і гарачых тэлефонных ліній», — дадаў старшыня Віцебскага гарвыканкама.
Святлана ЯКАЎЛЕВА