Top.Mail.Ru

Член Савета Рэспублікі Глеб Лапіцкі: Кожны павінен займацца сваёй справай

Уцягнутасцю аўдыторыі ў абмеркаванне вынікаў УНС вылучалася сустрэча члена Савета Рэспублікі Глеба Лапіцкага з калектывам філіяла «Віцебскія цеплавыя сеткі» РУП «Віцебскэнерга».


Дэлегат УНС Глеб Лапіцкі найперш звярнуў увагу на тое, што ў новай канстытуцыйнай якасці яно мае статус найвышэйшага органа дэмакратыі ў Беларусі. Ён вызначае стратэгію развіцця краіны, а зацверджаная на сходзе Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку з’яўляецца ўзважаным і абавязковым да выканання дакументам. І хоць праграма і іншыя матэрыялы УНС ёсць у свабодным доступе на афіцыйных інтэрнэт-пляцоўках, яго ўдзельнікі ідуць у народ, каб растлумачыць іх змест, спраецыраваць іх вектары на пэўную галіну ці рэгіён, звярнуць увагу на канкрэтныя моманты.

Спікер прапанаваў азірнуцца і на мінулую пяцігодку, на яе асаблівасці. Сярод іх — выпрабаванне ковідам і зацверджаны новай Канстытуцыяй інструмент назірання за здароўем шляхам дыспансерызацыі. Не прайшлі без следу падзеі 2020 года, якія падштурхнулі людзей са здаровым мысленнем аб’яднацца вакол нацыянальнага лідара і захаваць суверэнітэт і незалежнасць сваёй невялікай дзяржавы. Мы змаглі супрацьстаяць санкцыйнаму ціску, сарыентаваўшыся на экспартазамяшчэнне, лакалізацыю вытворчасці, новыя нішы збыту прадукцыі.

— Далей павінна быць толькі больш, — выказаў упэўненасць Глеб Лапіцкі. — У праграме вельмі канкрэтна акрэслены мэты, задачы, прыярытэты, буйныя інвестыцыйныя праекты... Усё накіравана на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва.

Гаворачы аб галіне, дзе заняты калектыў «Віцебскіх цепласетак», энергетыцы, член Савета Рэспублікі прапанаваў успомніць, колькі правальных прагнозаў з боку несяброўскіх нам краін было наконт увядзення ў дзеянне Беларускай АЭС. Але як толькі гэта падзея адбылася, тая ж Польшча пачала будаваць АЭС у сябе. Энергетычную сістэму ў краіне трэба развіваць, каб да кожнага населенага пункта, як гэта бачыць Прэзідэнт, дайшла танная электраэнергія, якую людзі жадаюць выкарыстоўваць для электраацяплення. Работы ў прадстаўнікоў адпаведнай галіны хопіць. Тым больш цяпер абмяркоўваецца магчымасць будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі.

Слухачоў уразіў факт, прыведзены на УНС Аляксандрам Лукашэнкам і ўзгаданы Глебам Лапіцкім: тры гады таму насельніцтва афрыканскай краіны Зімбабве, багатай на недры, пакутвала ад недахопу харчавання. Экспартаванне туды беларускай тэхнікі, тэхналогій, прадуктаў у 2025 годзе пазбавіла Зімбабве ад голаду.

— Беларусі ўласціва не толькі манетызаваць свае магчымасці, але і выканаць пэўную гуманітарную, высокую ролю, — заўважыў сенатар. — Наша ментальнасць такая, што мы гатовыя падзяліцца тым, што маем.

Глеб Лапіцкі расказаў аб сустрэчы з першымі лэдзі Зімбабве і Экватарыяльнай Гвінеі, пацвердзіўшы, што госці з афрыканскага кантынента адносяцца да нашай краіны, Прэзідэнта і народа з найглыбейшай павагай і сімпатыяй. Зацікаўлены ў развіцці адносін з Беларуссю па розных кірунках у многіх краінах «дальняй дугі» — ёсць прастора для пошукаў экспарту прадукцыі.

Закрануўшы тэму развіцця Віцебшчыны, спікер адзначыў, што гэта духоўны цэнтр Беларусі — з Полацкам, калыскай дзяржаўнасці, святой Ефрасінняй Полацкай, першадрукаром Францыскам Скарынам, урэшце, доўгажыхаром сярод мноства міжнародных фестываляў «Славянскім базарам у Віцебску». Важна ствараць станоўчы імідж сваіх мясцін, адкрываць і дэманстраваць іх патэнцыял, адметнасці. Гэта можа стаць нечаканай фінансавай крыніцай. Нездарма такая вялікая ўвага ў наступнай пяцігодцы ўдзяляецца турызму.

Як да дырэктара «Славянскага базару» і гендырэктара ЦК «Віцебск» да Глеба Лапіцкага паступілі пытанні аб сюрпрызах на юбілейным фестывалі і культурным небасхіле паўночнай сталіцы. Ён паведаміў, што будзе рэалізаваны новы праект «Настаўнік у забыцці», прысвечаны настаўніку Марка Шагала Юдалю Пэну. Падчас «Славянскага базару» адбудуцца тэатральныя ночы, якраз прысвечаныя жыццю і творчасці знакамітых мастакоў. Да дня горада прымяркуюць аднаўленне конкурсу «Віцебская прыгажуня» і прысвяцяць яго Году беларускай жанчыны. Будаўніцтва шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Віцебск-Арэна», якое цяпер абмяркоўваецца, дасць магчымасць уключаць абласны цэнтр у гастрольныя туры папулярных выканаўцаў.

Цікавіла аўдыторыю меркаванне члена Савета Рэспублікі наконт дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Ён звярнуў увагу на тое, што моладзь атрымлівае падтрымку па ўсіх кірунках — ад адукацыі і заняткаў спортам і творчасцю да прэферэнцый на першых рабочых месцах, у вырашэнні жыллёвых пытанняў, пры нараджэнні дзяцей. І наўрад ці трэба прыдумваць нешта новае, каб дапамагчы маладым людзям.

— Усё залежыць ад сям’і, — упэўнены Глеб Лапіцкі. — Выхаванне хлопца ці дзяўчыны спажыўцом, якому ўсе абавязаны, або сталай асобай, гатовай браць адказнасць за сваё жыццё і сумленна выконваць працоўныя і грамадзянскія абавязкі, ускладаецца найперш на сям’ю, а затым ужо на ўстановы адукацыі і працоўныя калектывы. У выніку «перакормлівання» выгодамі губляецца каштоўнасць прапанаваных магчымасцяў.

Спыніўся сенатар і на такім агульнаважным прыярытэце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, як умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу і здароўя нацыі. Гэта пытанне ён лічыць самым важным, таму што калі мы перастанем нараджаць дзяцей, не стане насельніцтва і краіны ў цэлым. Тады ўсе намаганні эканамічнага і сацыяльнага кірункаў будуць дарэмнымі. Нараджэнне хоць бы трох дзяцей — рашэнне, якое можа прыняць і ажыццявіць толькі сям’я і ніхто іншы.

— Задачы на пяцігодку стаяць складаныя, але рэальныя. Іх выкананне залежыць не ад кагосьці і дзесьці, а ад нас саміх. Кожны павінен займацца сваёй справай, рабіць яе якасна і ў поўным аб’ёме, тады і будзе развіццё, — заключыў Глеб Лапіцкі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА,

фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю