Top.Mail.Ru

Успамінаем першыя дні Гарадоцкай наступальнай аперацыі 13—31 снежня 1943 года

Баявы танк на ганаровым п’едэстале

Галоўнай славутасцю свайго гарадскога пасёлка жыхары Езярышча, які называюць паўночнымі варотамі Беларусі, лічаць баявы танк Т-70. У якасці помніка ён устаноўлены на магіле камандзіра 159-й танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса Сямёна Хайдукова. Бронемашына на высокім п’едэстале быццам вітае кожнага, хто ўязджае па аўтатрасе з боку Санкт-Пецярбурга і Пскова ў першы беларускі населены пункт. Адметна, што Езярышча — адзінае ў нашай краіне месца, дзе можна ўбачыць узор лёгкага савецкага танка Т-70. 

Цяжкія вёрсты вайны

Услед за імклівай і паспяховай Невельскай наступальнай аперацыяй, праведзенай у першай дэкадзе кастрычніка 1943 года, савецкае камандаваннне планавала вызваленне паўночных рубяжоў Беларусі. Асноўны ўдар у напрамку Гарадоцкага і Мехаўскага раёнаў намерваліся нанесці ў другой дэкадзе лістапада. Папярэдне 4-я ўдарная армія (4-я Уд А) 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвала варожую абарону паміж Невелем і Езярышчам і пачала прасоўванне наперад па паўночна-заходнім краі цяперашняга Гарадоцкага раёна. Але вораг падцягнуў свежыя рэзервы і звузіў гарлавіну «мяшка», у які добраахвотна палезла армія, да 2 кіламетраў. Узнікла пагроза акружэння 15 дывізій. Каб прадухіліць гэта, пачалася паскораная падрыхтоўка да вызваленчага ўдару войскамі 11-й гвардзейскай арміі (Гв А) з паўночна-ўсходняга боку. 

Тэрміны наступлення некалькі разоў пераносілі па ўмовах надвор’я: ішлі дажджы, ніяк не ўстанаўлівалася стабільная мінусавая тэмпература, снег, які выпадаў, таяў. Байцам не было дзе адагрэцца і высушыцца, немагчыма было акапацца: на глыбіні 3-4 штыкоў рыдлёўкі з зямлі выступала вада. Грунтавыя дарогі немагчыма было праехаць, нават танкі перасоўваліся па іх з цяжкасцю, пяхота пераносіла зброю і машыны на руках. Даводзілася дастаўляць снарады і міны на агнявыя пазіцыі гужавым транспартам, а то і ўручную. Так, штодня з 1 па 5 снежня ад кожнай дывізіі 11 Гв А выдзялялі да 2 тыс. байцоў для пераноскі боепрыпасаў і іншых грузаў па бездарожжы на адлегласць 15-20 км. «Гэта быў сапраўдны подзвіг воінаў арміі, які стварыў адну з самых неабходных перадумоў для ажыццяўлення намечанай аперацыі», — успамінаў у сваіх мемуарах камандуючы 11 Гв арміяй Кузьма Галіцкі.

Мост на крыві

Гарадоцкая аперацыя пачалася 13 снежня. Па задуме акружэнне войскаў праціўніка намячалася ажыццявіць перш за ўсё на поўдзень ад возера Езярышча. Гэта было не так проста: на падтрымку авіяцыі з-за ўмоў надвор’я разлічваць не прыходзілася, а для такой ударнай сілы, як танкі, надзвычай складаным быў тутэйшы ландшафт, багаты на рэкі, ручаіны, балоціны і азёры. 

  • Як сведчыў у кнізе «Першым заўсёды складана» былы тэхнік-лейтэнант роты тэхабслугоўвання 159-й танкавай брыгады (тбр) Пётр Кірычэнка, 14 снежня ў 7 гадзін яго брыгада (27 танкаў Т-34 і Т-70), узмоцненая іншымі падраздзяленнямі, заняла зыходныя пазіцыі для атакі пярэдняга краю абароны праціўніка ў раёне Жукава-2. За імі размясцілася ўзмоцненая 44-я мотастралковая брыгада, а побач — узмоцненая 117-я тбр (21 танк). Праціўнік займаў абарону на заходнім беразе ракі Дуброўка, асядлаўшы ўсе пануючыя вышыні і ведучы моцны агонь па пераправе. Перад сапёрнымі батальёнамі была пастаўлена задача падчас артпадрыхтоўкі ў нейтральнай зоне навесці два масты праз Дуброўку, якімі планавалася забяспечыць адначасовую атаку танкаў і пяхоты. 

Як толькі пачалася артпадрыхтоўка, сапёры панеслі да ракі матэрыялы і дэталі для зборкі мастоў. І тут на пярэднім варожым краі ажылі шматлікія доты і дзоты, якія не ўдалося выявіць і падавіць. Адтуль па сапёрах вёўся прыцэльны агонь. Гэта прывяло да вялікіх страт, асабліва пры навядзенні высакаводнага маста. За дзве гадзіны работы ён чатыры разы разбураўся варожым артагнём. Але салдаты няспынна подбегам цягнулі да ракі бярвенне, а назад выносілі параненых таварышаў. 

Каб пазбегнуць неапраўданых страт, камандзір 1-га танкавага корпуса Васіль Буткоў загадаў адкласці будаўніцтва высакаводнага маста, а нізкаводны будаваць сіламі двух батальёнаў. Абодва берагі былі забалочаныя на сотні метраў, даводзілася наводзіць гаць, а пойма была замініравана двух’ярусным мінным полем. Мост удалося пабудаваць толькі да 18 гадзін, і тады танкісты 159 тбр рушылі ў атаку. 

Пры будаўніцтве пераправы, фарсіраванні Дуброўкі і ў ходзе наступлення 1-ы танкавы корпус страціў забітымі і параненымі каля 220 танкістаў і сапёраў. Гэта была адна з самых драматычных старонак Гарадоцкай аперацыі.

Цяжкія раненні, якія аказаліся смяротнымі, атрымаў камандзір 159 тбр Сямён Хайдукоў. Гэтага выдатнага чалавека, які стаяў каля вытокаў фарміравання брыгады, таленавітага, патрабавальнага і клапатлівага камандзіра любілі ўсе — начальнікі і падначаленыя. 

Любімы ўсёй брыгадай камандзір

159 тбр пачала фарміравацца ў лютым 1942 года ў Кіраве Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці. У асабісты склад уваходзілі прызыўнікі з Варонежскай, Горкаўскай, Іванаўскай, Саратаўскай, Тульскай абласцей, уральскія рабочыя, нафтавікі з Баку, прызыўнікі з Далёкага Усходу і Сібіры. Фарміраванне скончылася да 11 чэрвеня 1941 года. На ўзбраенне па лэнд-лізе паступіла 30 англійскіх танкаў Mk. IIІ Valentine і 20 лёгкіх Т-60. Баявое хрышчэнне адбылося ў Харкаўскай вобласці на Паўднёва-Заходнім фронце. Пасля яго расфарміравання 159 тбр апынулася ў акружэнні, і вывеў яе менавіта новы камандзір — падпалкоўнік Хайдукоў. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што Дзень Перамогі 159-я танкавая Полацкая ордэна Леніна, Чырванасцяжная, ордэна Суворава брыгада сустрэла ў самым галоўным горадзе ўсходняй акругі Прусіі Гумбінене. Сёння гэта Гусеў Калінінградскай вобласці. 


Сямён Хайдукоў — выхадзец з сялянскай сям’і былой Вяцкай губерні. У 1919-м 18-гадовым юнаком дабравольцам уступіў у Чырвоную Армію. У 1920 годзе з фронту Савецка-польскай вайны быў камандзіраваны ў Петраград вучыцца на бранякурсы. Выпушчаны камандзірам танка, як адзін з найбольш здольных танкістаў быў прызначаны камандзірам танкавай роты. Шматгадовая служба зрабіла яго вопытным камандзірам і выхавальнікам маладых танкістаў і мотастралкоў. Умелым і мужным афіцэрам ён праявіў сябе ў Савецка-фінскай вайне. 

Сямён Хайдукоў неаднаразова дэманстраваў узоры мужнасці і адвагі. Ва ўсе атакі ён вадзіў брыгаду асабіста, яго танк заўсёды можна было бачыць там, дзе ішоў найбольш напружаны бой. Не губляючы кіравання падраздзяленнямі, асабіста кіраваў баямі. Пастаянна дапамагаў камандзірам паставіць часці ў лепшыя ўмовы. Яго адзначалі як адукаванага, спакойнага, удумлівага камандзіра, які ўмее не толькі наносіць удары па ворагах, але і максімальна захоўваць жывую сілу і матэрыяльную частку. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Кутузава ІІ ступені, Аляксандра Неўскага і Чырвонай Зоркі. 

Усім сэрцам пакланіся!

У мемуарах следчага Асобага аддзела НКУС Яўсея Яцоўскіса, датаваных лютым 1944 года, чытаем: «... у Езярышча вярнуліся позна ўвечары і пераначавалі... раніцай агледзелі пасёлак... На плошчы пакланіліся магіле загінулага ў баі за Езярышча камандзіра 159 тбр палкоўніка Сямёна Паўлавіча Хайдукова. На пастаменце ўзведзенага помніка савецкі танк і фатаграфія героя». Такое ўшанаванне памяці свайго камандзіра і пазнака яго магілы баявой бронемашынай у той час, калі яшчэ працягвалася наступленне ў бок Віцебска, ішла падрыхтоўка да вызваленчай аперацыі «Баграціён», сведчаць аб глыбокай павазе і шчырай любові таварышаў па зброі да свайго камандзіра. 

Побач пахавалі мноства іншых загінулых, у тым ліку тых, хто памёр ад ран у езярышчынскім прыфрантавым шпіталі. Утварылася брацкая магіла. Пазней, ужо ў мірны час, сюды перазахавалі астанкі байцоў-чырвонаармейцаў з дробных магіл у наваколлі Езярышча. На воінскіх могілках № 4371 знайшлі апошні прытулак больш за 260 савецкіх салдат і афіцэраў, імёны 250 вядомыя дакладна і ўвекавечаны на мемарыяльных плітах. 

Езярышчанцы шануюць памяць вызваліцеляў, з пакалення ў пакаленне перадаюць праўду пра подзвігі ў імя свабоды і міру. Ім ёсць з каго браць прыклад адданасці свайму народу і Радзіме. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю