Думка аб скіраванасці Узброеных Сіл Беларусі на абарону сваёй краіны лейтматывам праходзіла праз выступленне міністра юстыцыі Яўгена Каваленкі перад працоўным калектывам філіяла «Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка» ААТ «Светлагорскі ЦКК», што ў Чашніках. Сустрэча праходзіла ў рамках адзінага дня інфармавання па тэме «Абарончая магутнасць беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах».
Спікер засяродзіў увагу на тым, што абарона і нацыянальная бяспека беларускай дзяржавы трымаюцца найперш на арміі. Яе вярхоўным галоўнакамандуючым, згодна з Канстытуцыяй, з’яўляецца Прэзідэнт.
Выбраны на гэты пост Аляксандр Лукашэнка вызначыў стратэгічныя кірункі па пераўтварэнні ва Узброеныя Сілы сучаснай Беларусі тых вайсковых часцей і аб’яднанняў, якія засталіся на тэрыторыі былой БССР. Мэтай было стварэнне баяздольнай мабільнай арміі. Сёння яна з’яўляецца часткай аб’яднанай рэгіянальнай групіроўкі войскаў і магутнай заслонай ад магчымых атак звонку, у першую чаргу з захаду, паўночнага захаду, а цяпер трывожныя навіны прыходзяць і з паўднёвых рубяжоў.
Знешнюю ваенна-палітычную абстаноўку Яўген Каваленка ахарактарызаваў як складаную: нарошчваецца прысутнасць НАТА ў краінах заходняй Еўропы, актыўна мілітарызуюцца Польшча і Прыбалтыка, на іх тэрыторыях ствараюцца ваенные базы з прысутнасцю армій іншых краін, вядзецца іх баявая падрыхтоўка па наступальных сцэнарыях. Толькі ў 2025 годзе прайшло больш за 250 вучэнняў.
У такіх умовах важна быць гатовымі адстаяць краіну. Таму ў Беларусі створана кампактная, мабільная, прафесійна падрыхтаваная і добра аснашчаная армія, якая гарантуе бяспеку дзяржавы і грамадзян. У прыярытэце — удасканальванне сістэм разведкі, радыёэлектронная і контрбатарэйная барацьба, выкарыстанне беспілотных авіяцыйных комплексаў, аператыўная маскіроўка, развіццё сістэм кіравання.
Створаны новы род войскаў: беспілотная авіяцыя, сярод задач якой — паветраная разведка, агнявое паражэнне, навядзенне і карэкціроўка агню, забеспячэнне воінскіх падраздзяленняў. Працуе ваенна-прамысловы комплекс. Згодна з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, доля айчынных узораў узбраення павінна скласці не меней за 50 %.
— Наш галоўны саюзнік — Расійская Федэрацыя, — абазначыў міністр юстыцыі. — Пацвярджэннем найвышэйшага ўзроўню ўзаемадзеяння нашых дзяржаў з’яўляецца размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі і пастаноўка на баявое дзяжурства ракетнага комплексу «Арэшнік».
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц