Гэты будынак ў пастэльных тонах размясціўся ў Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай па суседству з музеям В.К. Бялыніцкага-Бірулі. На яго адкрыццё прыйшла ўся яўрэйская суполка Магілёва. Прысутныя не хавалі радасці. Асветніцкі цэнтр будавалі больш за 10 гадоў. Рэалізацыя праекта стала магчымай, дзякуючы падтрымцы абл- і гарвыканкама, спонсараў, неабыякавых землякоў. З віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін.
— Унікальнасць нашай дзяржавы ў тым, што яна дэкларуе свабоду сумлення і веравызнання, чым абумоўлівае мірнае суіснавання ўсіх канфесій, — падкрэсліў ён у сваёй прамове. — Магілёўская яўрэйская абшчына «Хабад» з моманту свайго ўтварэння ў 2015 годзе уносіць вялікі ўклад у гуманітарнае, адукацыйнае, сацыяльнае жыццё рэгіёну, на пастаяннай аснове аказвае духоўную, маральную, дабрачынную дапамогу. Асветніцкі цэнтр быў пабудаваны талакой. Гэта адметная рыса беларусаў, якія заўсёды гатовы падставіць плячо любому, каб кожны чалавек, незалежна ад узросту, веры, сацыяльнага становішча, адчуваў сябе ў нашым горадзе, рэгіёне, краіне ўтульна і камфортна.
Адкрыццё праходзіла пад гукі запальных яўрэйскіх мелодый, апладысментаў і лікавання публікі. Намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве кампаніі «Сервалюкс» Аляксандр Герчыкаў перадаў равіну магілёўскай суполкі Менделю Альперовічу сімвалічны ключ са словамі: «Мы пабудавалі гэты прыгожы і моцны як вера будынак, каб людзі былі ў ім шчаслівыя і ўзносілі свае малітвы.»
«Такія месцы саступаюць па святасці толькі храму і іх называюць мікдаш меат — «малое свяцілішча», падкрэсліў урачыстасць падзеі вядучы мерапрыемства. І запрасіў да мікрафона галоўнага равіна Расіі Берл Лазара, які спецыяльна прыехаў у Магілёў з гэтай нагоды. «Дарагія сябры, мазаль тов, — па яўрэйскі вітаў ён прысутных. — Будынак будаваўся доўга, але нашы малітвы пачутыя. Не сумняваюся, што ўся яўрэйская суполка верыла ў тое, што гэта магчыма».
Пасля таго як стужка была перарэзаная, Берл Лазар згодна запаветам Торы асвяціў будынак.
Як адзначыў магілёўскі равін Мендель Альперовіч, у гэтым доме дзеці і моладзь будуць развіваць свае таленты. «Мне вельмі імпануе тое, што Беларусь талерантная краіна, тут ёсць магчымасць мірна жыць і рэалізавацца», — падкрэсліў ён.
Фота аўтара