Горад над Дзвіной лічыцца дэсантнай сталіцай Беларусі найперш таму, што тут дыслацыруецца легендарная 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада (раней дывізія).
Са снежня 1979 года па люты 1989-га яна выконвала баявыя задачы ў Рэспубліцы Афганістан — у ліку першых увайшла «за раку» і адной з апошніх вярнулася адтуль. За час афганскай вайны там пабывала больш за 60 тыс. ваеннаслужачых дывізіі, звыш 11 тыс. афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдат гэтага вайсковага злучэння ўзнагароджаны ардэнамі і медалямі, восем ваеннаслужачых удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Чацвёра з іх — Уладзімір Задарожны, Аляксандр Каравін, Аляксандр Міраненка, Мікалай Чэпік —навечна залічаны ў спісы 103-й брыгады. 907 чалавек з асабістага саставу дывізіі загінулі ў Афганістане, 10 прапалі без вестак.
На вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў устаноўлены помнік «Боль», на гранітных плітах якога высечаны імёны 150 жыхароў вобласці, якія загінулі ў апошняй вайне з удзелам беларусаў. Непадалёк размяшчаецца адзіны ў нашай краіне музей воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У паўночнай сталіцы працуе так званы афганскі цэнтр — абласны клінічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, дзе аздароўліваюцца воіны-інтэрнацыяналісты і члены іх сем’яў. У Беларусі не засталося бадай ні воднага «афганца», хто не скарыстаўся б магчымасцю прайсці тут курс рэабілітацыі, многія з’яўляюцца яго пастаяннымі пацыентамі.

Добрая навіна: напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў пасля капітальнага рамонту аднавіў работу бесейн цэнтра рэабілітацыі. Пераўтварыўся не толькі сам будынак, але і абсталяванне для водападрыхтоўкі і ачысткі вады, басейн аснашчаны пад’ёмнікам для маламабільных карыстальнікаў, у яго чашы ўстаноўлены гідрамасажныя фарсункі, вадаспад. У дадатак уладкавана ванна для кантрасных працэдур. Наогул лячэбна-аздараўленчай базе афганскага цэнтра пацыенты даюць найвышэйшую адзнаку.
Сёння ў Віцебску жывуць каля 1,6 тыс. «афганцаў» (у вобласці — звыш 3,6 тыс. чалавек). З двума з іх, падпалкоўнікамі ў адстаўцы Цімафеем Харошанькім і Алегам Шпакоўскім мы сустрэліся ў музеі іх роднай 103-й брыгады. Абодва яны, выпускнікі Разанскага гвардзейскага вышэйшага паветрана-дэсантнага вучылішча, прайшлі дарогамі Афганістана.
— 10 студзеня 1979 года наш 317-ы парашутна-дэсантны полк паднялі па трывозе, а 26-га студзеня мы ўжо высадзіліся ў Кабуле, — успамінае Цімафей Харошанькі. — Я займаў пасаду памочніка начальніка штаба палка. Першы батальён забяспечваў ахову важных сталічных аб’ектаў, другі стаяў у ахове генеральнага сакратара цэнтральнага камітэта народна-дэмакратычнай партыі Афганістана Бабрака Кармаля, трэці двойчы- тройчы на тыдзень выходзіў на баявыя заданні, у тым ліку ў самых небяспечных кропках у Кандагары і Лашкаргаху. Мы сумленна і дакладна выконвалі пастаўленыя баявыя задачы.
Першым узрушаннем стала няўдалая Кунарская аперацыя: 29 лютага варожыя групы спрабавалі пракрасціся ў размяшчэнне савецкіх войск. Туды накіраваўся дэсант 317-га палка. Старшы лейтэнант Харошанькі быў аператыўным дзяжурным, менавіта ён прымаў першыя паведамленні аб стратах. 37 загінулых, 79 параненых, адзін прапаў без весткі.

— Боль за тых рабят, якія толькі напярэдадні былі такія натхнёныя, жывыя, не адпускае дагэтуль, — апускае галаву афіцэр. — Я асабіста ведаў старшага сержанта Чэпіка, першага Героя Савецкага Саюза ў Афганістане. Пасля ўзрыву складу боепрыпасаў праціўніка група з трох сапёраў трапіла ў засаду. Загінулі радавыя, Колю паранілі. Каб не трапіць у палон, ён падарваўся на асколачнай міне накіраванага дзеяння, забраўшы на той свет каля 30 душманаў. Такое не забываецца.
У наваколлі размяшчэння 103-й брыгады начная страляніна вялася штоноч. Днём мясцовыя жыхары былі лаяльныя і ветлівыя, а разам з захадам сонца да світання браліся за ўзброю.
— У Афганістане я бываў тройчы і правёў там тры гады, — распавядае Алег Шпакоўскі. — Пачынаў капітанам, камандзірам узвода, пазней — роты, памочнікам начальніка паветрана-дэсантнай службы. Быў камендантам цэнтральнай часткі Кабула, ахоўваў рэзідэнцыю кіраўніка краіны, бываў у пакоях яго палаца, быў знаёмы з сям’ёй. Падчас лоя-джыргі (аналаг з’езду. — Аўт.) выконваў функцыі асабістага ахоўніка Бабрака Кармаля.
Мужчыны падкрэсліваюць, што прысутнасць ва усходняй краіне кантынгенту савецкіх войск насіла міратворчы характар, была накіравана на падтрымку дзеючага ўрада, а таксама садзейнічала барацьбе з тэрарызмам і перадухіленню наркатрафіку. Ваеннаслужачыя будавалі патрэбныя мірныя аб’екты, разам з мясцовымі арганізоўвалі суботнікі, далучалі іх да прагрэсіўных поглядаў. Той, хто сваімі нагамі хадзіў дарогамі Афганістана, спадзяваўся на яго лепшы дзень, пакінуў там частку маладосці, і сёння нераўнадушны да падзей у той далёкай краіне. Пра гэта і яшчэ пра многае будуць яны ўспамінаць на сустрэчы з баявымі таварышамі 15 лютага.
— Калі б мне далі магчымасць вярнуцца ў свае 18 год, і зрабіць іншы жыццёвы выбар, я б абраў той жа шлях, якім прайшоў, — прызнаецца Алег Шпакоўскі. — Вучылішча, Афганістан, пазней — вучоба у Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе, служба ў 103-й дывызіі... Ні за што не сорамна. Мы верныя прысязе, і паняцці «вернасць», «гонар», «патрыятызм» для нас не пустыя словы. Гэта даводзім на сустрэчах з сучаснай моладдзю. А яшчэ тое, што найгалоўнейшая ў свеце каштоўнасць — гэта мір.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара