Даўно даказана, што асновай моцнага здароўя, добрых працаздольнасці і самаадчування дзяцей служыць правільнае харчаванне. Таму пытанне ўдасканалення сістэмы харчавання ў школах, дзіцячых садках, інтэрнатах, цэнтрах рэабілітацыі і аздараўленчых лагерах паслядоўна вырашаецца на дзяржаўным узроўні. Так, з 1 кастрычніка грашовыя нормы расходаў на харчаванне будуць павялічаны на 5 % для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, дашкольных і іншых устаноў адукацыі. Гэты крок будзе зроблены з адзінай важнай мэтай — умацаванне здароўя падрастаючага пакалення і забеспячэнне дзяцей збалансаваным, якасным харчаваннем.
Павышэнне грашовых норм дазволіць уключаць у меню школьнікаў і дашкалят больш разнастайныя, натуральныя і якасныя прадукты, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням да дзіцячага рацыёну. Што датычыцца норм, то яны распрацаваны на аснове аналізу цэн на прадукты харчавання, які праводзіцца кожныя тры месяцы. Такі падыход забяспечвае аб’ектыўнасць і празрыстасць фарміравання выдаткаў на харчаванне, а змяненне стане важным крокам на шляху да ўстойлівай, якаснай і даступнай сістэмы дзіцячага харчавання, дзе галоўным арыенцірам застаецца клопат пра здароўе падрастаючага пакалення.
«Звязда» з гэтай нагоды даведалася, як сёння харчуюцца школьнікі на прыкладзе адной з устаноў адукацыі ў сельскай мясцовасці.
Амаль як у кавярні
Дызайнам сталовая ў школе аграгадка Гарбавічы Чавускага раёна хутчэй нагадвае кавярню. На сценах — трафарэты з малюнкамі, раздатачная чымсьці нагадвае барную стойку, за якой усміхаецца адзеты ў стыльную ўніформу кухар, светлае і прасторнае памяшканне — усё выклікае жаданне затрымацца тут на нейкі час, а не ўкінуць нешта ў рот і бегчы па сваіх справах. Дырэктар школы Аксана Раманава лічыць, што ў школьным харчаванні не можа быць дробязяў — усё павінна быць прадумана: ад інтэр’ера да меню. Тры гады таму тут быў рэалізаваны пілотны праект па арганізацыі харчавання, ініцыяваны Міністэрствам адукацыі.
— Адной з мэт была мадэрнізацыя сталовай, каб дзеці адчулі сябе тут па-хатняму ўтульна, — кажа дырэктар. — Асабіста мне максімальна хацелася наблізіць яе да кавярні. Калі знаходзішся ў сценах, дзе прыемна сядзець, то і ежа ўспрымаецца па-іншаму.
Над афармленнем абедзеннай залы шчыраваў увесь педагагічны персанал. Тыя ж трафарэты на сценах, напрыклад, рабілі самі. І ўкладвалі ў справу ўсе сілы і душу, бо разумелі, што для дзяцей гэта адно са знакавых памяшканняў. Яны прыходзяць сюды тройчы на дзень: на сняданак, абед і падвячорак. Раённыя ўлады дапамаглі з набыццём мэблі, сельгасарганізацыя «Рудэя Гранд» — з падлогавым пакрыццём, магілёўская ІT-кампанія — з набыццём сэнсарных дыспенсераў.
Запяканка, бабка, «Фанфікі»
Амаль цалкам змянілася і меню. Яно стала яшчэ больш смачнае і разнастайнае. Адзін дзень прысвечаны выключна стравам беларускай кухні. І ён стаў адным з любімых у дзяцей.
— Раней меню было трывіяльнае, — кажа дырэктар. — Той жа запяканкі або бабкі не было. Прапанавалі дзецям, і яны з’елі ўсё! Для кіраўніка ўстановы адукацыі гэта сапраўдная ўзнагарода. Я зразумела, што мы на правільным шляху.
Каб рэалізаваць праект, трэба было не толькі змяніць меню, але і мець абноўленую матэрыяльна-тэхнічную базу. У Гарбавіцкай школе ёсць усё неабходнае для прыгатавання здаровай ежы: і параканвектамат, і смажыльныя шафы, іншае неабходнае абсталяванне. Кухар Таццяна Сірук расказвае, што было ўкаранёна шмат страў, кожны дзень іх мянялі. Тое, што дзеці елі лепш, пакідалі і прапаноўвалі нешта новае ў меню.
— За вучэбны год у нас некалькі разоў яно мяняецца, — кажа яна. — Былі і бургеры, і бабка бульбяная, і бульба запечаная пад назвай «Антошкава бульба» — дзеці яе вельмі любяць. Бульбу абіраем, мыем, наразаем долькамі, падсушваем, перамешваем з алеем, солім і ставім у смажыльную шафу. Тады яна атрымліваецца вельмі смачная — залацістая і духмяная... Зразы «Фанфікі» гатуем з курынага фаршу, унутр кладзём сыр, смажаную цыбулю і моркву — атрымліваецца сакавітая катлетка. Зразы «Выдумка» робяцца па той жа схеме, толькі з ялавічыны. Было распрацавана спецыяльнае меню ў межах краіны, і школам давалі права выбару. Мы максімальна выкарысталі яго. Укаранілі каля 40 % новых страў.
«Нават дома так смачна не кормяць»
Школьнікі таксама прычыняюцца да кухонных спраў. Для выхавання ў дзяцей навыкаў накрываць стол, прыбіраць яго пасля прыняцця ежы практыкуецца дзяжурства па сталовай. Школьнікі па чарзе нясуць тут вахту.
-
Наколькі дзецям падабаецца сталовая, карэспандэнт «Звязды» пацікавілася непасрэдна ў іх. Прагучаў званок, і дзятва пабегла падсілкавацца. Пакуль мылі рукі, пазнаёмілася з трэцякласніцай Кірай. Яна прыязджае на ўрокі з Вайніл. Дзяўчынка прызналася, што нават дома так смачна не кормяць. І вельмі ёй даспадобы школьная піца. Ксюша Каранькова з Гарбавіч дадала, што акрамя піцы любіць боршч у выкананні школьных кухараў, бульбу і ўсё астатняе. Дарэчы, у школе ёсць магчымасць не толькі смачна паесці, але і навучыцца добра гатаваць. Гэтаму вучыць дзяўчат на ўроках працоўнага навучання настаўніца Алена Раманава.
— Грамадска карысная работа, якая прысутнічае ў адукацыйным працэсе, заклікана выхаваць у дзяцей працавітасць, імкненне да стваральнай працы, творчую ініцыятыву. Мы ў свой час і падлогу ў класе мылі. Тэхперсанал абслугоўваў толькі агульную тэрыторыю. Кіраўнік дзяржавы вельмі правільна адзначае, што чалавека трэба прывучаць да грамадска карыснай працы з дзяцінства, — гаворыць Аксана Раманава.
Сёння Гарбавіцкую школу наведвае 133 чалавекі з улікам выхаванцаў дзіцячага садка. Дзеці прыязджаюць з 10 населеных пунктаў. Яны ў школе амаль цэлы дзень, і для іх здароўя вельмі важна атрымліваць гарачую ежу. Комплексны абед каштуе да трох рублёў.
— Мы ні ў чым не адстаём ад гарадскіх школ, — кажа дырэктар. — Але ў нас яшчэ і ўтульна, як дома. Дзяцей менш, і кожны з іх на вачах. У гарадах у асноўным буфеты. Я лічу комплекснае харчаванне найлепшым. Там ёсць суп. Дома гэту страву ўжо мала хто гатуе.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Нэлі ЗІГУЛІ, Чавускі раён
У тэму
Вольга Гурынава, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Чавускага райвыканкама:
— Школьнае харчаванне — адзін з важных складнікаў здароўя нашых дзяцей. У апошнія гады адбыліся вялікія змены ў арганізацыі харчавання. Значны ўпор робіцца на перавагі дзяцей. Праводзіцца анкетаванне, і на яго аснове складаецца двухтыднёвае меню, куды ўключаюцца стравы беларускай кухні. Там ёсць і дранікі, якія дзеці любяць, і пельмені, і смажанкі. Як след павялічыўся працэнт дзяцей, якія харчуюцца ў школьнай сталовай. Без тэхналагічнага абсталявання, якое штогод абнаўляецца, складана было б прыгатаваць тое, што патрэбна. Але мы адсочваем гэта, развіваемся і рухаемся наперад. На жаль, сёння шмат дзяцей з лішняй вагой, іншымі захворваннямі, якія звязаны з няправільным харчаваннем. Калі не выхоўваць культуру харчавання з маленства, праблема будзе толькі павялічвацца. Мы ж павінны гэта прадухіліць.