Надзея Каткавец адзначыла, што тэма надзённая, яна была актуальная заўсёды.
— І дзяржава, і насельніцтва шмат чаго робяць для навядзення парадку на зямлі, — паведаміла яна. — Але не ўсе пакуль разумеюць, што мы нясём яшчэ і персанальную адказнасць за стан нашай экалогіі.
Памочнік Прэзідэнта расказала, што падчас наведвання Бабруйскага смеццеперапрацоўчага прадпрыемства яна звярнула ўвагу на складзены асобна бульбоўнік. Але ж гэта арганіка, якую можна было пакінуць на асабістым прысядзібным участку, каб яна перагніла і стала ўгнаеннем для глебы на наступны год.
— У пытанні экалогіі галоўны чалавек і яго адносіны да тэмы, — падкрэсліла Надзея Каткавец. — Трэба не забываць, што сваімі дзеяннямі мы можам пагоршыць экалогію, нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю. Што датычыцца дзяржавы, то ў нас у краіне робіцца ўсё для таго, каб палепшыць экалогію па ўсіх кірунках.
З дакладам на тэму экалогіі і асабістай адказнасці за яе стан выступіў перад работнікамі Домабудаўнічага камбіната і лектар Магілёўскай абласной структуры «Беларускага таварыства «Веды», дэкан факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ілья Макавецкі.
Тэму экалагічнай культуры ў Магілёве таксама абмеркавалі з калектывамі ААТ «Мажэліт», ТАА «Генеральная сістэма інвестыцый», Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава. У якасці спікераў выступілі першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі, старшыня аблсавета, сенатар Аляксандр Гарошкін, намеснік старшыні аблвыканкама Алег Стэльмашок. У Клімавіцкім раёне з працоўным калектывам лікёра-гарэлачнага завода сустрэўся член рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.
На сустрэчах ішла размова пра важнасць дзяржаўных праграм, накіраваных на паляпшэнне экалогіі, розных экалагічных акцый, раздзяленне бытавых адходаў, эканомію вады. Разглядаліся таксама іншыя пытанні, узнятыя прадстаўнікамі калектываў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby