Як паведамілі ў Дзяржаўным упраўленні па ахове культурнай спадчыны, камень з гравіроўкай, які знайшлі на схіле Гажытан павета Мадо правінцыі Цынхай, адносіцца да перыяду дынастыі Цынь (221–207 гг. да н. э.). Гэта адзіная вядомая на дадзены момант у Кітаі каменная гравіроўка эпохі Цынь, якая захавалася на сваім першапачатковым месцы, і самая высакагорная знаходка той эпохі, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Як стала вядома, у ліпені 2020 года прафесар Цынхайскага педагагічнага ўніверсітэта Хоу Гуанлян выявіў надпіс на камені падчас палявой экспедыцыі на беразе возера Г’ярынг-Цо ў нацыянальным парку Саньцзян’юань. Камень размешчаны прыкладна за 200 метраў ад паўночнага берага возера на вышыні 4306 метраў над узроўнем мора. Яго паверхня з высечанымі сімваламі мае даўжыню 82 сантыметры і максімальную шырыню 33 сантыметры. Плошча ўчастка з надпісамі складае каля 0,16 квадратнага метра, вышыня ад зямлі — прыкладна 19 сантыметраў. Тэкст складаецца з 37 іерогліфаў, выкананых у стылі пісьменства «цынь чжуань».
Эксперт па старажытным пісьменстве, прафесар гуманітарных навук Пекінскага ўніверсітэта Лі Лін адзначыў, што цяпер адзінай гравіроўкай, якая добра захавалася, на камені часоў Цынь Шыхуана з’яўляецца камень Лан’я ў Нацыянальным музеі Кітая. Астатнія артэфакты альбо захаваліся толькі фрагментарна, альбо з’яўляюцца рэплікамі. Таму эксперт лічыць, што цыньская гравіроўка на схіле Гажытан, якая змяшчае поўную дату і знойдзена каля вытокаў ракі Хуанхэ, дапаўняе прабелы ў гістарычных ведах, паколькі інфармацыя аб ёй не зафіксавана ў пісьмовых крыніцах. Гэтае адкрыццё мае вялікае значэнне і ўяўляе важную гістарычную, мастацкую і навуковую каштоўнасць.
Дынастыя Цынь была заснавана Ян Чжэнам, які ўвайшоў у гісторыю як Цынь Шыхуандзі — першы імператар аб’яднанага Кітая. Яго кіраванне вызначылася маштабнымі рэформамі: уніфікацыяй пісьменства, увядзеннем адзінай сістэмы мер і вагаў, стварэннем агульнай валюты і адміністрацыйным падзелам краіны.