Канец студзеня на календары, а чарада свят усё працягваецца. У Беларусі не па сезоне сонечна і цёпла, а ў Паднябесную прыйшло Чуньцзэ — Свята вясны. Так рамантычна тут называюць пачатак новага года. У адпаведнасці з кітайскай традыцыяй гады адлічваюцца ад пачатку праўлення Хуан-дзі — з 2698 года да н. э. Такім чынам і атрымліваецца, што сёлета настаў 4723-і.
Хуан-дзі, або Жоўты імператар, — легендарная асоба, ён лічыцца заснавальнікам даасізму і — ні больш, ні менш — першапродкам усіх кітайцаў. Прынята лічыць, што жоўты колер суадносіцца з характэрным адценнем вады ракі Хуанхэ. Цікава, што гэты колер у Кітаі стаў імператарскім, кіраўнік насіў адзенне залаціста-жоўтага колеру, на спіне звычайна вышываўся залатымі ніткамі іншы сімвал імператарскай улады — лун, які з’яўляецца адначасова і адным з рачных божастваў. Дасюль захаваўся маўзалей Хуан-дзі — месца, дзе быў пахаваны легендарны Жоўты імператар. Паводле легенды, ён узышоў на неба, таму ў маўзалеі захоўваюцца толькі яго адзенне і капялюш.
Штогод дата Чуньцзэ змяняецца, паколькі вызначаецца выключна па месяцава-сонечным кітайскім календары. Адсюль і другая назва — месяцавы Новы год. Пачатак святкавання прыпадае на другі маладзік пасля зімовага сонцастаяння і таму перамяшчаецца ў межах месяца — паміж
21 студзеня і 21 лютага. Сёлета Свята вясны адзначаюць з 29 студзеня. Падчас Чуньцзэ Паднябесная літаральна расцвітае кумачом. Паўсюль вісяць плакаты з вытанчана выпісанымі на іх іерогліфамі «фу» (шчасце) і «сі» (радасць), гірлянды ліхтароў і іншыя ўпрыгажэнні. І ўсе яны — выключна чырвонага колеру, які азначае поспех і дабрабыт. На дзвярах жыхары налепліваюць парныя каліграфічныя надпісы, выкананыя чорнай тушшу на чырвонай паперы. Змест зводзіцца да выказвання жыццёвых ідэалаў гаспадара дома або добрых пажаданняў на новы год. На дзверы налепліваюць таксама выявы духаў-ахоўнікаў і бажаства багацця ў надзеі, што яны прынясуць шчасце і дабрабыт.
Жыхары Паднябеснай, мабыць, самыя актыўныя ў свеце карыстальнікі «сусветнага павуціння» , таму ўсё часцей лічаць за лепшае віншаваць сяброў і блізкіх анлайн. На змену традыцыйным званкам і паштоўкам прыйшлі паведамленні па месенджары WeChat. Адзін з самых папулярных спосабаў — адпраўка стыкера — анімаванай карцінкі. Часта карыстальнікі сумяшчаюць традыцыйныя пажаданні — кітайскія ідыёмы (чэн’юй) — з пацешнымі малюнкамі або фатаграфіямі знакамітасцяў. Не стаў выключэннем і год Зялёнай Драўлянай Змяі, якая сімвалізуе мір, гармонію, абнаўленне, новыя магчымасці і па праве лічыцца «маленькім драконам».
Навагодняя вячэра адрозніваецца не толькі багаццем і разнастайнасцю страў, але і старадаўнімі традыцыямі. Напрыклад, меню не абыходзіцца без страў з курынага мяса, рыбы і «доўфу» — соевага тварагу (у нас яго называюць «тофу»), бо ў кітайскай мове назвы гэтых прадуктаў сугучныя са словамі, якія азначаюць «шчасце» і «дабрабыт». На Свята прынята абменьвацца падарункамі. Самым распаўсюджаным з’яўляецца чырвоны канверт — «хунбаа». Гэта не толькі грошы, але і пажаданне ўдачы, працвітання іх атрымальніку. З развіццём тэхналогій рабіць такія падарункі стала яшчэ прасцей. Той жа WeChat з 2015 года даў сваім карыстальнікам магчымасць адпраўляць грашовыя «хунбаа» ў асабістыя і публічныя чаты.
Святкаванне кітайскага Новага года заканчваецца маштабным фестывалем ліхтароў, які сёлета адбудзецца 12 лютага. Дарэчы, сустрэлі Чуньцзэ не толькі на яго «радзіме». Яго таксама адзначалі па ўсім свеце, перш за ўсё — у многіх краінах, дзе жыве значная колькасць кітайцаў. Шмат мерапрыемстваў з нагоды Чуньцзэ ладзіцца і ў Беларусі.
А ў Кітаі распачаліся вялікія святочныя канікулы, якія працягнуцца больш за тыдзень. Жыхары Паднябеснай «гукаюць вясну».
Фота РИА Новости