Top.Mail.Ru

У наступным годзе на падтрымку АПК будзе выдаткавана больш сродкаў, чым сёлета

Харчовая бяспека і падмурак эканомікі

Галоўны фінансавы дакумент краіны на будучы год — праект Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год» — ужо прыняты ў другім чытанні дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Законапраект традыцыйна прадугледжвае і бюджэтную падтрымку аграпрамысловага комплексу.

Так, на падтрымку АПК у кансалідаваным бюджэце запланавана Br4,4 млрд. «Рэспубліканскі бюджэт — 1,3 млрд рублёў, мясцовыя бюджэты — 3,1 млрд рублёў, уключаючы 1 млрд рублёў мэтавых сродкаў (субвенцый), якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту», — патлумачылі ў Міністэрстве фінансаў.

Сродкі будуць размеркаваны па розных кірунках. На тэхнічнае перааснашчэнне і матэрыяльныя рэсурсы (ГЗМ, угнаенні, запчасткі) прадугледжана 1,7 млрд рублёў, на падтрымку вытворцаў (надбаўкі за прадукцыю, патанненне крэдытаў) — 0,8 млрд рублёў, на меліярацыю і аднаўленне зямель — 0,5 млрд рублёў. На іншыя расходы на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі запланавана 1,4 млрд рублёў.

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктара ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага Аляксандра БАГЕЛЯ, дзяржава шмат чаго робіць для таго, каб Беларусь была незалежнай краінай, а харчовая бяспека — гэта адзін з галоўных гарантаў гэтай незалежнасці. «Безумоўна, нас, аграрыяў, не можа не цешыць тое, што павялічыцца дзяржаўная падтрымка і мы зможам паскорана мадэрнізаваць вытворчасць, укараняць дакладнае земляробства, новыя тэхналогіі», — гаворыць кіраўнік буйной гаспадаркі. Ён заўважае, што гэта не толькі стымул, але і адказнасць. «Павінна быць аддача ад кожнага ўкладзенага ў сельскую гаспадарку рубля, — лічыць Аляксандр Багель. — Трэба эфектыўна развіваць прадпрыемствы, каб была высокая вытворчасць працы, каб людзі атрымлівалі годны заробак, жылі ў камфортных умовах, каб ім хацелася працаваць на зямлі. А для гэтага неабходна нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, эфектыўнае планаванне і кіраванне, інвестыцыі ў сучасную тэхніку, дадатковыя рабочыя месцы, выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Сельская гаспадарка — гэта цяжкая праца з ненармаваным працоўным графікам, але і добрая магчымасць самарэалізавацца, дасягнуць больш высокай прафесійнай прыступкі. А разуменне, што ты працуеш на харчовую бяспеку — аснову асноў развіцця і суверэнітэту краіны, — дае сілы працаваць яшчэ з большай самааддачай».

Як звярнуў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Андрэй БАЛЫШ, такая значная падтрымка з’яўляецца вельмі важнай. «Сяло — аснова нашай харчовай бяспекі і падмурак эканомікі, — патлумачыў Андрэй Балыш. — Вылучаныя сродкі — гэта не проста лічбы, а мэтанакіраваныя інвестыцыі ў будучыню: на тэхніку, ГЗМ і ўгнаенні, падтрымку вытворцаў, меліярацыю. Усе гэтыя інвестыцыі апраўданы доўгатэрміновымі перспектывамі. Такая комплексная падтрымка дае магчымасць нам не толькі забяспечыць свой уласны стол, але і нарошчваць экспартны патэнцыял. Сельскагаспадарчая прадукцыя Рэспублікі Беларусь — паважаны і вядомы брэнд, які трывала асацыіруецца з якасцю і бяспекай. Пастаўляючы сельгаспрадукцыю ў дзясяткі краін, мы ўмацоўваем эканамічны суверэнітэт, а таксама аўтарытэт нашай краіны на міжнароднай арэне».

Вераніка КАНЮТА, Нэлі ЗІГУЛЯ

Чытайце таксама: Вытворчых траўм у АПК сёлета стала менш

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю