Top.Mail.Ru

У Мінску распачаліся ўрачыстасці з нагоды кітайскага Свята Вясны

Кітай выказвае намер разам напісаць новую главу ў бліскучым летапісе беларуска-кітайскіх адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Аб гэтым заявіў перад пачаткам канцэрта «Вясёлае Свята Вясны» ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Чжан Вэньчуань.


Арганізатары мерапрыемства — Міністэрства культуры Беларусі, Міністэрства культуры і турызму КНР, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і пасольства КНР у Беларусі. Серыя культурных урачыстасцяў праводзіцца ў беларускай сталіцы з нагоды Чуньцзэ — Свята вясны (Кітайскі Новы год), якое сёлета прыпадае на 17 лютага.

«Беларусь — наш дарагі сябар, з якім мы дзелімся гэтай радасцю, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — З моманту нашага першага сумеснага святкавання „Вясёлага Свята Вясны“ у Мінску ў 2014-м прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў. Пачаўшыся як культурная выстава, гэтае мерапрыемства вырасла ў маштабную культурную падзею, якая аб’ядноўвае сёння мастацкія выступленні, інтэрактывы з элементамі нематэрыяльнай спадчыны, выставы культурнай творчасці, стаўшы залатой ніткай, якая звязвае сэрцы нашых народаў. Культуры становяцца больш разнастайнымі і маляўнічымі дзякуючы абменам, цывілізацыі ўзбагачаюцца дзякуючы ўзаемнаму навучанню».

Гэта свята, якое адлюстроўвае глыбокія пачуцці кітайскага народа, напрыканцы 2024 года было афіцыйна ўключана ЮНЕСКА ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, стаўшы агульным культурным здабыткам усяго свету. Як заўважыў кіраўнік дыпламатычнай місіі, «гэты гонар натхняе нас несці радасць Свята Вясны ў розныя куткі планеты. Толькі летась мы правялі больш за 500 святочных мерапрыемстваў у больш як 100 краінах і рэгіёнах, сустракаючы свята разам з народамі свету і дзелячыся ўнікальным зачараваннем кітайскай культуры. Сёлета мы старанна падрыхтавалі для вас вытанчаную культурную імпрэзу на стыку эпох і культур, дзе сустракаюцца старажытнасць і сучаснасць, дух Кітая і Беларусі».


Як вядома, 2026-ты — гэта год Каня па кітайскім месяцовым календары, нагадаў пасол. «У кітайскай культуры конь сімвалізуе сілу, вернасць і накіраванасць наперад. У кітайскай мове ёсць такія выразы, якія перакладаюцца як „поўны сіл як дракон і конь“, што азначае вялікую жыццёвую сілу, а таксама „няхай поспех прыскача з хуткасцю каня“, якое ўвасабляе найлепшыя надзеі на імклівую перамогу і поспех. Ад усёй душы жадаем, каб адносіны паміж Кітаем і Беларуссю, падобна скакуну, які скача ва ўвесь апор, былі поўныя дынамікі, няўхільна рухаліся да мэты ўсеагульнага росквіту і імкліва дамагаліся поспеху». Як падкрэсліў Чжан Вэньчуань, такія мерапрыемствы садзейнічаюць «паглыбленню ўзаемаразумення і ўмацаванню ўзаемадаверу паміж нашымі народамі праз культурнае збліжэнне, каб мы маглі разам напісаць новую главу ў бліскучым летапісе кітайска-беларускіх адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства».

Беларусь высока цэніць шматгадовае стратэгічнае партнёрства з Кітаем. Такі пункт гледжання выказаў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі. Ён адзначыў, што гэтае мерапрыемства — нагляднае пацвярджэнне трываласці культурных мастоў, якія злучаюць Беларусь і Кітай. Ён падкрэсліў, што Беларусь высока цэніць шматгадовае стратэгічнае партнёрства з Кітаем, заснаванае на прынцыпах узаемнай павагі, раўнапраўя і ўліку ўзаемных інтарэсаў.

«Наша ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў першую чаргу будуецца на даверы і дружбе паміж лідарамі нашых краін — Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. Нашы краіны выбудавалі трывалую архітэктуру ўзаемадзеяння, якая ахоплівае плённае супрацоўніцтва па ўсіх ключавых напрамках», — падкрэсліў міністр.

Руслан Чарнецкі звярнуў увагу на адносіны ў сферы культуры, якія дынамічна развіваюцца. «На сённяшні дзень паміж нашымі дзяржавамі сфарміравана трывалая і шматузроўневая аснова для ўсебаковага культурнага супрацоўніцтва. Мы маем поўны комплекс неабходных умоў — ад нарматыўна-прававой базы, замацаванай у міжурадавых і міжведамасных пагадненнях, да развітой сеткі нефармальных кантактаў, дружалюбных і асабістых сувязяў. Усё гэта стварае ўнікальныя перадумовы для далейшага паглыблення культурнага дыялога і ўмацавання ўзаемаразумення паміж нашымі народамі», — лічыць міністр. — Нашы творчыя калектывы актыўна і на пастаяннай аснове гастралююць па Кітаю. Напрыклад, толькі ў мінулым годзе Вялікі тэатр оперы і балета з вялікім поспехам даў канцэрты ў 12 кітайскіх гарадах, а Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ажыццявіў сем паказаў спектакляў у Шанхаі«.


Руслан Чарнецкі таксама расказаў, што ў музеях Беларусі і Кітая праходзяць знакавыя выставы, якія падкрэсліваюць моцную культурную сувязь паміж нашымі народамі. Напрыклад, у Шанхаі дэманстравалася экспазіцыя «Крывею сэрца» аб беларускіх пісьменніках-франтавіках, а ў Мінску ў Нацыянальным гістарычным музеі экспанавалася унікальная выстава «Нітка лёсу. Беларусь — Кітай», дзе ўпершыню былі прадстаўлены паштоўкі і фатаграфіі з выявамі Паўночнага Кітая з асабістых калекцый, а таксама падарункі кітайскіх дэлегацый, комплекс прадметаў нумізматыкі і баністыкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

На думку міністра, асаблівай увагі заслугоўвае развіццё кінематаграфічнага дыялога паміж краінамі. «Кітайскія майстры экраннага мастацтва даўно і трывала занялі дастойнае месца ў праграме Мінскага міжнароднага кінафестывалю „Лістапад“. Асобай вяхой стаў другі па ліку Дзень кітайскага кіно, праведзены ў рамках фестывалю. Гэтая падзея, безумоўна, набывае статус добрай традыцыі, узбагачаючы фестывальную палітру сапраўднымі шэдэўрамі кітайскай кінематаграфіі і ўмацоўваючы культурныя масты паміж нашымі краінамі. У сваю чаргу беларускае кіно ўпэўнена заваёўвае прызнанне ў Кітаі. Яскравае таму пацвярджэнне — поспех карціны „Чорны замак“ Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм“, якая атрымала прэстыжную ўзнагароду за лепшую работу мастака-пастаноўшчыка на кінафестывалі краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Чунцыне», — заўважыў Руслан Чарнецкі.


Міністр адзначыў, што ў беларускіх установах сферы культуры навучаецца амаль тысяча кітайскіх студэнтаў: «Рэалізуюцца розныя адукацыйныя праграмы з кітайскімі партнёрамі, арганізаваны летнія школы для знаёмства з беларускай культурай. Кожны студэнт, кожны сумесны праект, кожная культурная сустрэча закладваюць падмурак для шматгадовага партнёрства, заснаванага на ўзаемнай павазе і шчырай цікавасці да духоўных каштоўнасцяў адзін аднаго».

У фае Палаца культуры прафсаюзаў былі арганізаваны інтэрактыўныя зоны з дэманстрацыяй нацыянальнай культурнай спадчыны, арганізаваныя дэлегацыяй з Пекіна, такія як маляванне карамеллю, размалёўванне масак пекінскай оперы і клуазоне (мастацкія вырабы з эмаллю). Таксама прадстаўлена выстава макетаў дызайнаў, прысвечаных Году каня і арганізаваны культурныя інтэрактыўныя майстар-класы пры ўдзеле Інстытутаў Канфуцыя БНТУ і БДУФК.

У праграме святочнага канцэрта — выступленні высокапрафесійных мастацкіх калектываў. Яркія нумары прадставілі артысты з танцавальнага ансамбля «Хэюнь» Пекінскай акадэміі танца з традыцыйнымі кітайскімі танцамі, аркестр «Цынлань», сфарміраваны з лепшых музыкантаў Кітая, цыркавы арт-гурт «Шаохуа», які складаецца з выдатных артыстаў Кітайскага цырка, калектыў баявых мастацтваў «Лун’юнь» каманды Чэн Цзябань школы самога Джэкі Чана, а таксама многія заслужаныя артысты Кітая і Беларусі. Праграма ахоплівае танцы, інструментальную музыку, акрабатыку і баявыя мастацтва, у поўнай меры дэманструючы багатую традыцыйную культуру Кітая і яе сучасную дынаміку.

14 лютага святочны канцэрт адбудзецца ў Першым нацыянальным гандлёвым доме. Яшчэ адно мерапрыемства запланавана на 15 лютага. Яго арганізуюць сумесна Асацыяцыя арганізацый кітайскіх суайчыннікаў «Хуацяа», пасольства КНР, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. На сцэне гэтага тэатра пройдзе грандыёзны святочны канцэрт, прысвечаны найважнейшаму святу кітайскага календара. Святочны сімфанічны канцэрт будзе называцца «Кітайскі Новы год 2026». 

Чуньцзэ — гэта свята, у якім пераплятаюцца тысячагадовыя традыцыі, глыбокі сімвалізм і радасная надзея на будучыню. Канцэрт закліканы перадаць гэтую шматгранную атмасферу, прадставіўшы сінтэз музычнай спадчыны Усходу і Захаду, адзначылі ў пасольстве КНР у Беларусі. Цэнтральная падзеяя вечара — выступленне сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Марыны Траццяковай. Як заўважылі ў пасольстве, гэты вечар стане яркім сімвалам дружбы і дыялогу паміж Беларуссю і Кітаем. 

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю