Top.Mail.Ru

У Мінску прэзентавалі культурную спадчыну Паднябеснай

Як усепагодныя і ўсебаковыя стратэгічныя партнёры, Кітай і Беларусь заўсёды захоўваюць узаемную павагу і гатоўнасць вучыцца найлепшаму адзін у аднаго. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань падчас прэзентацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая ў рамках мерапрыемства «Чай для гармоніі міру. Беларусь-2025». Прыгожае і змястоўнае мерапрыемства прайшло ў Кітайскім культурным цэнтры ў Мінску.


— У апошнія гады культурны абмен паміж Кітаем і Беларуссю становіцца ўсё больш насычаным, а яго вынікі — усё больш адчувальнымі, — падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі. — У мінулым месяцы мы паспяхова правялі шостае пасяджэнне Падкамісіі па культурным супрацоўніцтве Кітая і Беларусі, дадаўшы новы імпульс гуманітарнаму супрацоўніцтву нашых краін. Кітайскі культурны цэнтр у Мінску, як важная платформа і акно для нашай дзейнасці і паглыблення абмену, адыгрывае ўсё больш прыкметную ролю.

Сярод адметных праектаў — мерапрыемства «Свята Вясны», якое ужо цягам 10 гадоў паспяхова праводзіцца ў Беларусі. Колькасць удзельнікаў павялічваецца год ад года. Па меркаванні Чжана Вэньчуаня, гэта стала адна з самых папулярных кітайскіх культурных падзей. Мерапрыемства «Чай для гармоніі міру», якое праводзіцца ў Мінску ўжо трэці год, штогод прыцягвае дзясяткі тысяч чалавек і па праве лічыцца зорным брэндам гуманітарнага абмену паміж Кітаем і Беларуссю. Акрамя таго, пастаянна праводзяцца такія серыі мерапрыемстваў, як Дні кітайскай культуры, Кітайскі кінафестываль, «Свята сярэдзіны восені», прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Кітая і Беларусі і іншыя. Гэтыя рэальныя культурныя і турыстычныя ўзаемадзеянні збліжаюць народы нашых краін.

2.jpg

4.jpg

6.jpg

— Дасягненне такіх адметных вынікаў супрацоўніцтва стала магчымым дзякуючы дальнабачнасці кіраўнікоў нашых дзяржаў, нястомным намаганням і значнай падтрымцы народаў, — адзначыў Чжан Вэньчуань. — Беларускія песні, танцы і вырабы народных промыслаў карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў Кітаі; гэтак жа кітайская каліграфія, тэатральнае мастацтва, тэхнікі нематэрыяльнай культурнай спадчыны знаходзяць шырокі водгук у Беларусі. Нематэрыяльная культурная спадчына з’яўляецца неацэннай часткай скарбніцы пяцітысячагадовай кітайскай цывілізацыі. Менавіта мовай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, гэтай агульнай універсальнай мовы, мы распавядаем пра глыбокую ісціну адзінства ў разнастайнасці. Нам выпаў вялікі гонар запрасіць выдатнага кітайскага майстра чайнай цырымоніі Чжаа Сіньсінь, майстра ігры на старажытным цыне Чжаа Цзыньяна і майстра мастацтва духмянасцяў Яна Маасэня. 

Як вядома, у 2022 годзе традыцыйнае мастацтва вырабу чаю і звязаныя з ім традыцыі былі ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Кітай — радзіма чаю, калыска чайнай культуры. Чайны ліст увасабляе кітайскі светапогляд адзінства прыроды і чалавека, а таксама філасофію гасціннасці, заснаванай на прынцыпах гармоніі, павагі, чысціні і спакою. Падчас прэзентацыі паслядоўніца легендарнага чайнага майстра Лін Фуцюаня, вучаніца чайнага эксперта Ло Цзяньу і заснавальніца сістэмы «Дзевяць формаў чаявання Хуэйсінь» спадарыня Чжаа Сіньсінь правяла традыцыйную чайную цырымонію.

7.jpg

9.jpg

Пах чаю дапоўніўся водарам духмянасцяў, сакрэтамі якіх падзяліўся майстар Ян Маасэнь. Гэтае кітаскае мастацтва вядзе адлік сваёй гісторыі ажно з палеаліту. Раней духмянасці выкарыстоўваліся выключна ў рытуальных мэтах. У сучаснасці яны знаходзяць больш шырокае прымяненне і карыстаюцца вялікай папулярнасцю па ўсім свеце. Кітай уключыў традыцыйныя тэхналогіі вырабу духмянасцяў у спіс нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У розных рэгіёнах Паднябеснай вядзецца аблічбоўка старажытных методык, ствараюцца базы даных па гісторыі і культуры водараў.

10.jpg

Калі чай і духмянасці — паэзія для пяці органаў пачуццяў, то гуцынь — гэта рэха сэрцаў кітайскіх паэтаў і музыкантаў. У 2003 годзе мастацтва ігры на гуцыне было ўключана ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай сусветнай культурнай спадчыны. Гэта адзін з найстаражытнешых шчыпковых музычных інструментаў у свеце, яго гісторыя налічвае больш за 3000 гадоў. Мастацтва ігры на гуцыне аказала вялікі ўплыў на гісторыю кітайскай музыкі, эстэтыкі, сацыякультурнага развіцця і філасофскай думкі. Гэта адзін з найважнейшых сімвалаў старажытнай духоўнай культуры Кітая ў галіне музыкі.

Тым вечарам у Кітайскім культурным цэнтры давялося пачуць выдатнага майстра ігры на гуцыне Чжаа Цзыньяна. Маэстра ствараў музыку для праекта Пекінскага нацыянальнага аркестра «Пяць стыхій», напісаў гукавое афармленне на гуцыне для эпічнага фільма «Тварэнне багоў», а таксама выступаў мастацкім кіраўніком у спектаклі «Вёсны і восені Канфуцыя». У апошнія гады майстар Чжаа, выкарыстоўваючы інавацыйны міждысцыплінарны падыход, актыўна даследуе сучасныя формы выражэння старажытнага мастацтва гуцыня, нястомна працуе над захаваннем гэтай унікальнай традыцыі і яе папулярызацыяй у свеце. Нарэшце ён наведаў і Мінск, каб змяніць прастору чароўнымі гукамі гуцыня і падарыць слухачам незабыўныя эмоцыі. 

14.jpg

13.jpg

Як адзначыла дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Ірына Варановіч, дзякуючы такім мерапрыемствм мы насамрэч лепш разумеем адзін аднаго, нягледзячы на вялікую адлегласць, становімся бліжэй. Гэта вельмі важна, бо не заўсёды атрымлімваецца паехаць у далёкую краіну. Тым не менш, турыстычныя патокі паміж Кітаем і Беларуссю паступальна пашыраюцца. Аб гэтым карэспадэнту «Звязды» паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў. Паток турыстаў з Кітая абумоўлены колькасцю авіяцыйных рэйсаў, перспектывамі фарміравання трансгранічных маршрутаў з Расіяй. Як адзначыў Дзмітрый Марозаў, таксама варта мець на ўвазе тое, што ў Беларусі навучаецца каля 12 тысяч кітайскіх студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, якія вельмі актыўна падарожнічаюць. Яны вельмі цікавяцца рознымі рэгіёнамі нашай краіны, публікуюць інфармацыю аб сваіх падарожжах, свае ўражанні на розных платформах. Гэта перш за ўсё сацыяльная сетка «сяахуншу» (таксама вядомая як «малая чырвоная кніжка»), а таксама, вядома ж, «вічат», «доўінь» (кітайскі аналаг «цік тока»). Цікавасць да Беларусі вялікая, таму, як лічыць Дзмітрый Марозаў, варта актыўна працаваць з кітайскімі сацыяльнымі сеткамі, насычаць іх інфармацыях аб нашых славутасцях, турыстычных аб’ектах. Трэба пашыраць на кітайскай мове праграмы экскурсій, тураў. І шэраг туркампаній нашых краін сур’ёзна факусіруюцца на пашырэнні турпатоку. Так што і ў беларусаў, і ў кітайцаў ёсць магчымасць пабачыць усё на свае вочы.

15.jpg

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю