У традыцыйным конкурсе «Духоўныя вытокі Радзімы маёй», які арганізавалі Магілёўская епархія і камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама, прынялі ўдзел 63 чалавекі. Усе яны падапечныя сацыяльных пансіянатаў і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тэмай іх натхнення стала любоў да роднага краю. Пераможцы былі адзначаны ў намінацыях «Апавяданне. Верш», «Фатаграфія», «Малюнак».
— Сэнс гэтага мерапрыемства — падтрымаць тых, хто мае патрэбу ў нашай увазе і цяпле, — адзначылі арганізатары. — Радасць становіцца ўдвая большай, калі ёй дзелішся з іншымі. Творчасць гэтых людзей — сапраўдны прыклад сілы духу, любові да Бога і роднай зямлі. Дзякуем кожнаму ўдзельніку за шчырасць і талент!
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў прайшла ў сценах кафедральнага сабора Праабражэння Гасподняга. За значны ўклад у справу духоўнай асветы і дзейную дапамогу ў сацыяльным служэнні блізкім Дыпломамі Магілёўскай епархіі ўзнагароджаны Магілёўскі сацыяльны пансіянат «Жамчужына», Цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта preobrazhensky_sobor_mogilev