16 снежня каля святочнай ёлкі ў Палацы культуры вобласці кружылі ў бальных сукенках і строгіх касцюмах навучэнцы і студэнты. На навагодняе мерапрыемства атрымалі запрашэнне 50 юнакоў і дзяўчат з ліку адоранай і актыўнай моладзі. Баль адбыўся у рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».
— Гэтым урачыстым мерапрыемствам мы падкрэсліваем, што менавіта моладзь з’яўляецца галоўным стваральным патэнцыялам нашай вобласці, — звярнуўся да ўдзельнікаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок. — Вы — энергічныя, мэтанакіраваныя, амбіцыйныя, і ўжо дасягнулі пэўных вынікаў у сваім жыцці. І па праве можаце называцца лепшымі прадстаўнікамі Прыдняпроўскага краю. Жадаю вам не спыняцца на дасягнутым, з упэўненасцю ісці наперад!
Сярод тых, хто завітаў на навагодні баль, трэцякурсніца Магілёўскага медыцынскага каледжа Паліна Петруленка. Яна ўдзельніца прадметнай алімпіяды, пераможца конкурсу «Усе таленты табе, мой Магілёў!». Дзяўчына не толькі добра вучыцца, але і шмат увагі надае грамадскім справам — дапамагае бадзяжным жывёлам, удзельнічае ў трэнінгах «Без залежнасці» па прынцыпе «роўны абучае роўнага», дзеліцца цеплынёй сваёй чулай душы з маленькімі ўдзельнікамі дабрачынных навагодніх ранішнікаў.
Навучэнец Магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа Арцём Блок таксама шмат чаго дасягнуў. Ён выдатны спартсмен, пераможца абласных спаборніцтваў абласной круглагадовай спартакіяды сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, член зборнай Магілёўскай вобласці па баскетболе, член Савета вучнёўскага самакіравання каледжа.
Мерапрыемства стала для яго ўдзельнікаў яшчэ адным, але вельмі прыемным выпрабаваннем. Маладыя людзі загадзя адточвалі танцавальныя па, каб потым уразіць усіх прысутных у зале.
— Мы вельмі адказна рыхтаваліся, працяжныя рэпетыцыі, прагоны і вось нарэшце баль, — падзяліўся курсант Магілёўскага інстытута МУС Мікіта Саулаў. — Адчуваем неверагодную атмасферу казкі, урачыстасці, прыгажосці. Эмоцыі перапаўняюць.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава звярнула ўвагу на сімвалічнасць таго, што ўсе навагоднія і калядныя мерапрыемствы ў краіне супадаюць з правядзеннем светлай акцыі «Нашы дзеці».
— Гэта той перыяд часу, калі кожны дарослы можа стаць крыху чараўніком і ажыццявіць жаданне кожнага дзіця, — падкрэсліла яна.— Ну а баль — гэта вельмі хвалюючае і прыгожае мерапрыемства для нашай мэтанакіраванай моладзі.
Падчас святочнага вечара адбылося шмат прыемных сюрпрызаў і запамінальных момантаў. Моладзь атрымала смачныя падарункі ад аблвыканкама, паўдзельнічала ў запальванні агеньчыкаў на навагодняй ёлцы, згуляла ў латарэю ад Дзеда Марозу і вядома ад душы патанцавала.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА