Top.Mail.Ru

У Магілёве запрашаюць на фотавыставу, дзе можна даведацца, пра што марыць музейная ваза


Аўтар фотапраекта «Паспей убачыць» кіраўнік Віцебскага фотаклуба «Старая ратуша» імя С. Юркоўскага, старшыня аддзялення Беларускага саюза фатографаў, супрацоўніца Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Лабацкая. Адзін з блокаў яе фотавыставы прысвечаны менавіта музейным прадметам, дзе яны выступаюць у якасці натуры. Як адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р.Раманава Яўген Белавусаў, аказваецца з дапамогай фотаапарата музейную дзейнасць можна пераўтварыць у фотамастацтва. Фотапраект Таццяны Лабацкай — гэта погляд на рэчы адначасова вачамі музейшчыка і фатографа. 

IMG_20250718_171243.jpg

  • — Сёлетні год асабліва багаты на плённае супрацоўніцтва з віцебскімі калегамі, — паведаміў Яўген Белавусаў. — У музеі гісторыі Магілёва была магчымасць убачыць выстаўку работ заснавальніка першай у Віцебску мастацкай школы Юдэля Пэна, а мастацкі музей імя П.В.Масленікава запрашаў на выставу віцебскіх мастакоў. На гэты раз мы знаёмімся з фотамастацтвам паўночнага рэгіёна.

Цікавасць да выставы праявілі ўдзельнікі Магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка».

— З Таццянай мы пазнаёміліся больш года таму, хаця завочна былі знаёмыя і раней, —паведаміла член гэтага фотаклуба, магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна. — Ідэя паказаць творчасць віцебскіх фотамастакоў магілёўскаму гледачу ўзнікла, калі я наведала віцебскую Ратушу, паглядзела цудоўны музей і экспазіцыю, прысвечаную знакамітаму фатографу XIX стагоддзя Сігізмунду Юркоўскаму, жыццё якога звязана і з Магілёўшчынай. Вельмі радуе, што кантакт з віцебскім фотаклубам адбыўся. Таццяна наогул таленавіты чалавек і яе выстава цудоўная. Афармленне,эстэтыка падачы фатаграфій — усё гэта вельмі цікава. 

Фотапраект працуе ужо другі год, але па ранейшаму прываблівае ўвагу. Аўтар жартуе, што музейшчыкі заўсёды вельмі трапяткі адносяцца да сваіх скарбаў і яны рэдка пакідаюць сцены сваіх сховішчаў. А тут такая добрая магчымасць ўбачыць гэта багацце. 

IMG_20250718_171616.jpg

IMG_20250718_172256.jpg

— Музейны прадмет цікавы тым, што знаходзіцца не ў кагосьці на кухні, а ў музеі і жадае яшчэ паслужыць людзям, — раскрывае яна сакрэт сваёй задумкі. — Калі гэта ваза, яна марыць, каб у яе паставілі кветкі, калі чайнік, чакае, каб з яго ішла пара ад смачнай гарбаты. Добра было б дапоўніць здымкі арыгіналамі, але музейшчыкі не дазваляюць выносіць іх са сваіх сховішч. Нават здымкі праводзіліся непасрэдна там.

Акрамя музейных прадметаў на выставе можна ўбачыць пейзажы і партрэты. Што датычыцца партрэтаў, то гэта любімы жанр фотамастачкі. На іх твары вядомых людзей і не толькі. Ёсць каларытны здымак нават віцебскага бамжа. Чымсьці нагадвае Будулая з вядомай кінастужкі «Цыган». 

IMG_20250718_171943.jpg

IMG_20250718_172633.jpg

Таццяна Лабацкая працуе музейным фатографам ужо пяць гадоў. Прызнаецца, што прыйшла паглядзець, што ёсць у сховішчах музея, і ... засталася працаваць. Музейная работа захапіла яе так, што цяпер яна нават не ўяўляе сябе без гэтай справы. А яшчэ яна спадзяецца, што з магілёўскімі калегамі ў віцебскага фотаклуба атрымацца зрабіць шмат цікавых сумесных праектаў.

Наведаць фотавыставу Таццяны Лабацкай можна будзе ў магілёўскім музеі этнаграфіі да 26 жніўня.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю