Тое, з якім нецярпеннем магілёўскія тэатралы чакалі гэтай падзеі, было бачна няўзброеным вокам. Прыбраныя, з усмешкамі і добрым настроем, яны займалі месцы ва ўтульнай глядацкай зале, пілі каву ў абноўленай тэатральнай кавярні, з замілаваннем слухалі выступленне ансамбля «Экспромт-Класіка-Квартэт», фатаграфаваліся на фоне эфектнага дэкору. Чарговы 139-ы сезон Магілёўскі абласны драмтэатр вырашыў пачаць з апошняй прэм’еры мінулага сезона «Пара кахання». І не прагадаў. У зале быў поўны аншлаг.
— Гэтая лірычная камедыя па п’есе Валянціна Катаева ў пастаноўцы піцерскага рэжысёра Надзеі Новікавай ужо паспела скарыць сэрцы гледачоў у канцы мінулага сезона, — паведаміла дырэктар абласнога драмтэатра Вольга Кузняцова. — Спектакль пастаўлены пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Рускія сезоны». Усе білеты на спектакль разляцеліся ў адно імгненне. І гэта вельмі радуе і хвалюе. Хочацца працаваць, захапляць гледачоў нашымі пастаноўкамі.
Прыемная навіна: калектыў тэатра папоўніўся двума новымі акцёрамі — гэта Павел Траян і Дар’я Кушнер. Яны ўжо прымалі ўдзел у інтэрактыве да спектакля «Пікавая дама», дадатковы паказ якога адбыўся 29 жніўня. Дырэктар тэатра таксама паведаміла, што калектыў, які носіць ганаровае званне заслужанага, актыўна ўдасканальвае свае прафесійныя якасці.
— Летась быў майстар-клас па сцэнічнай мове пад кіраўніцтвам педагога і акцёра Данііла Блюдава, сёлета па майстэрстве акцёра мы працавалі па методыцы Мікалая Дзямідава, — расказвае дырэктар. — Мы разабралі, што ў нас унутры, як нам, акцёрам, дапамагчы выйсці на сцэну, як рыхтавацца да ролі, як раскрыць сябе і пры гэтым зберагчы сябе як чалавека. Гэта было вельмі цікава. У артыстаў вочы агнём гарэлі. І яны зараджаны, унутрана гатовы на новы сезон і гатовы дарыць гледачам незабыўныя эмоцыі.
Да Новага года яшчэ, здаецца, шмат часу, але тэатр ужо на поўную рыхтуецца да гэтай падзеі. Галоўны рэжысёр тэатра Каміля Хусаінава абяцае парадаваць дзяцей яркай пастаноўкай казкі пра Аладзіна. Наогул новы тэатральны сезон, па словах Вольгі Кузняцовай, будзе вельмі насычаным і змястоўным. Расійская актрыса і тэатральны рэжысёр Аляксандра Кохан пагадзілася зрабіць гучную пастаноўку з калектывам тэатра. Якую, пакуль сакрэт. На мастацкі савет вынесеныя тры варыянты. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка і да юбілейнага міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму M.@rt.кантакт — 2027, які пройдзе ў наступным годзе ў 20 раз. На ўдзел у ім падаў заяўку Цэнтр сучасных выканальніцкіх мастацтваў «Дахуа» з Пекіна. Прапануе пастаноўку і Губернскі тэатр з Масквы, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца народны артыст Расіі Сяргей Бязрукаў. Летась спектакль тэатра ўзяў на форуме прыз глядацкіх сімпатый.
Падмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база тэатра — дадаткова набытае гукавое і асвятляльнае абсталяванне, абноўлена сцэна, ярчэй заззяла велічэзная тэатральная жырандоля ў глядацкай зале. Бягучы рамонт уваходнай групы тэатра яшчэ працягваецца, як-ніяк будынак гістарычны, павінен выкарыстоўвацца выключна пэўны матэрыял. Але, як запэўніла дырэктар, эфект будзе надзвычайны. На месца вернецца і скульптурная кампазіцыя дамы з сабачкам, якую на час рамонту спатрэбілася прыбраць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара