Top.Mail.Ru

У Магілёве ўшанавалі памяць свайго нябеснага заступніка

Сёння, 6 жніўня, Беларуская праваслаўная царква ўшаноўвае памяць cвяціцеля Георгія Каніскага, асветніка, таленавітага прапаведніка, філосафа і дыпламата, адну з ключавых фігур у гісторыі праваслаўя на беларускіх землях XVIII стагоддзя.



Георгій Каніскі ўсё сваё жыццё прысвяціў абароне веры і асветы народа. У 1993 годзе ён быў кананізаваны як мясцовашанаваны святы Беларускай праваслаўнай царквы.

Удзел у святочных мерапрыемствах прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Пасля божай літургіі ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы ён разам з архірэямі Беларускай праваслаўнай царквы здзейсніў малебен каля помніка Свяціцеля Георгія Каніскага на назіральнай пляцоўцы парка Падніколле.

На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў. Да падзеі далучыліся каля паўтысячы чалавек. Пасля малебна магіляўчане разам з духавенствам усклалі жывыя кветкі да помніка свяціцеля. 

— Нельга пераацаніць значнасць Свяціцеля Георгія Каніскага для беларускай зямлі, — адзначыў у размове з журналістамі мітрапаліт. — У XVIII стагоддзі ён заставаўся адзіным правячым архірэем на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Час быў цяжкі, супярэчлівы, была небяспека, што праваслаўная вера наогул знікне. Але Бог прамудра накіраваў Свяціцеля Георгія Каніскага, які паспрыяў захаванню веры і адраджэнню. Свяціцель клапаціўся пра дзяцей, каб яны атрымлівалі адукацыю, разумелі Закон духоўны і кіраваліся ім. Яму давялося перажыць шмат пакут і цяжкасцяў. Але добрая, правільная, богаўгодная справа заўсёды, нягледзячы ні на што, атрымлівае ўзнагароду ад Госпада. Сённяшняе свята — гэта падзяка свяціцелю ад нас, нашчадкаў, за тое, што ён зрабіў для народа. Духоўная аснова, якая нам перадаецца з пакалення ў пакаленне ад нашага асветніка, — гэта трывалы фундамент устойлівасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.


Свяціцель Георгій Каніскі пакінуў выразны след у гісторыі. Ён — аўтар гістарычных запісак аб Магілёўскай епархіі, вершаў, паданняў, шэрагу работ, сярод якіх — «Мемарыял пра крыўды праваслаўных», «Трактат вечнага сяброўства», «Збор павучальных слоў», «Нататкі пра тое, што ў Расіі ў канцы XVI стагоддзя не было ніякай уніі з Рымскай царквой», духоўны дзённік «Думкі», адказ на «Ліст Вальтэра да настаўнікаў царквы і багасловаў». У 1765 годзе на прыёме ў караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага выступіў у абарону правоў праваслаўнага насельніцтва Беларусі з прамовай, якая была перакладзена на многія еўрапейскія мовы як узор абароны верацярпімасці. З падачы праваслаўнага падзвіжніка ў Магілёве пры архірэйскім доме была адкрыта друкарня. А яшчэ — вучылішча на ўзор Кіеўскай акадэміі, бо, як ён лічыў, вучыць народ ёсць найпершая і галоўная задача пастырская, бо без гэтага не будзе веры. Ім сабрана вялікая колькасць каштоўных дакументаў па гісторыі праваслаўнай царквы. 

Рускі паэт Аляксандр Пушкін называў Георгія Каніскага адным з самых «славутых мужоў...». Выява Уладыкі Георгія на фоне іншых выдатных гістарычных асоб прысутнічае на барэльефе помніка 1000-годдзя Русі, устаноўленага ў Ноўгарадзе ў 1862 годзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю