Top.Mail.Ru

У Магiлёве прапануюць атрымаць новую спецыяльнасць — ваенрука

Пра важнасць гэтай прафесii кiраўнiк дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказваўся некалькi гадоў таму на адкрыццi ў Бабруйску новай школы. На яго думку, гэтыя спецыялiсты патрэбны для таго, каб забяспечваць бяспеку i выхоўваць дзяцей у духу патрыятызму. 


Летась у МДУ iмя А. Куляшова адкрылася прафiлiзацыя, дзе студэнтам прапаноўвалася атрымаць яшчэ i кампетэнцыi кiраўнiкоў па ваенна-патрыятычным выхаваннi. Сёлета гэта будзе ўжо асобная спецыяльнасць.

I настаўнiк, i ваенрук

— Гэта цалкам новая для ўнiверсiтэта спецыяльнасць — «Фiзiчная культура. Ваенна-патрыятычнае выхаванне», — удакладняе рэктар Магiлёўскага дзяржунiверсiтэта iмя А. Куляшова Дзянiс Дук. — Мы з’яўляемся адзiным унiверсiтэтам у краiне, якi праводзiць набор на яе. Першы вопыт навучання будучых настаўнiкаў фiзiчнай культуры i ваенна-патрыятычнага выхавання ў нас ёсць. I ён — удалы.

Для ўвядзення спецыяльнасцi зроблены адмысловы вучэбны план, падпiсаны дагавор з ваенным камiсарыятам Магiлёўскай вобласцi аб правядзеннi сумесных адукацыйных праграм, удзеле ў мерапрыемствах. Ёсць дамоўленасць i з ваеннай кафедрай Беларуска-Расiйскага ўнiверсiтэта, якая сёлета пасля шматгадовага перарыву зноў адкрылася, аб тым, што студэнты МДУ будуць праходзiць на ёй навучанне з перспектывай атрымаць на выхадзе афiцэрскае званне.

Што дае новая спецыяльнасць?

— Яна — унiверсальная, — тлумачыць рэктар. — Акрамя таго, што наш выпускнiк зможа працаваць настаўнiкам фiзкультуры, ён з’яўляецца яшчэ i спецыялiстам па ваенна-патрыятычным выхаваннi, што вельмi важна для невялiкiх малакамплектных школ. У выпускнiкоў будзе вялiкая магчымасць для выбару першага месца працаўладкавання, таму што попыт на спецыялiста вялiкi. У нас шмат студэнтаў, якiя вучацца на прафiлiзацыi па мэтавым наборы. I думаю, што пры наборы на спецыяльнасць да нас прыйдуць выпускнiкi школ па мэтавым наборы. Яны будуць ведаць месца сваёй будучай работы, праходзiць там практыкi, i гэта таксама вельмi добра.

Дзянiс Дук перакананы: вопыт унiверсiтэта будзе запатрабаваны i не выключана, што гэтая спецыяльнасць з’явiцца i ў iншых навучальных установах

База для навучання

Новую спецыяльнасць можна будзе атрымаць за чатыры гады. Для стварэння базы па падрыхтоўцы ваенрукоў ВНУ закупiла электронны цiр. Набытае i ўжо ўведзена ў эксплуатацыю спартыўнае абсталяванне, трэнажоры.

— Iдзе капiтальная перабудова нашага стадыёна, — расказвае прарэктар па вучэбнай рабоце Уладзiмiр Ясеў. — Там будзе i лыжаролерная траса, i пляцоўкi для гульнявых вiдаў, i сектар для заняткаў лёгкай атлетыкай. Што датычыцца прадметаў, то з другога курса iдуць спецыялiзаваныя: «Асновы дапрызыўнай падрыхтоўкi», «Ваенна-патрыятычнае выхаванне», «Грамадская бяспека ў сферы абароны ад надзвычайных сiтуацый» i iншыя.

Уладзiмiр Ясеў паведамляе, што шмат хто ўжо цiкавiцца новай спецыяльнасцю. На Днi адчыненых дзвярэй гэта было самае распаўсюджанае пытанне.

Большасць — мэтавiкi

Ахвотных атрымаць новую спецыяльнасць менавiта па мэтавым накiраваннi шмат.

— Лiтаральна днямi дадалiся ў спiс тры мэтавiкi з Вiцебскай вобласцi, — кажа дэкан факультэта фiзiчнага выхавання Уладзiмiр Шутаў. — Думаю, што 2-3 чалавекi на месца на гэту спецыяльнасць будзе прэтэндаваць. Галоўныя ўпраўленнi адукацыi рэгiёнаў хутка завершаць фармiраванне спiсаў мэтавiкоў i адправяць для падрыхтоўкi плана па прыёме ў Мiнадукацыi. Тады будзем ведаць дакладна, колькi да нас iх прыйдзе.

Чым спецыяльнасць лепш за прафiлiзацыю?

— Што датычыцца выпускнiкоў прафiлiзацыi «Ваенна-патрыятычнае выхаванне», то рашэнне, цi будуць яны працаваць кiраўнiкамi па ваенна-патрыятычным выхаваннi, залежыць выключна ад работадаўцы, — кажа дэкан. — Тое, што датычыцца спецыяльнасцi, — ужо больш надзейна. Яна ўведзена ў класiфiкатар, i гэта гарантыя таго, што нашы выпускнiкi дакладна могуць працаваць як настаўнiкамi, так i кiраўнiкамi па ВПВ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архiва МДУ iмя А. Куляшова

У тэму

Паступленне па льготнай траекторыi некалькiх катэгорый абiтурыентаў — гэта, несумненна, важна. Але не менш важна, наколькi сучасныя i запатрабаваныя ў моладзi спецыяльнасцi прапануе ВНУ i наколькi якаснае навучанне дае. Ад гэтага шмат чаго залежыць у далейшым жыццi маладых людзей.

— Сёння ў Вiцебскiм дзяржаўным унiверсiтэце вядзецца навучанне на 31 кафедры 10-цi факультэтаў, — расказвае адказны сакратар прыёмнай камiсii, намеснiк дэкана факультэта навучання замежных грамадзян па iдэалагiчнай i выхаваўчай рабоце ВДУ, кандыдат педагагiчных навук Вольга Любчанка. — «Тэхнары», напрыклад, могуць авалодваць ведамi па кiраваннi iнфармацыйнымi рэсурсамi, мiкрабiялогii, кiбербяспецы, iнфармацыйных сiстэмах i тэхналогiях і іншымі.

Перапрацоўчыя прадпрыемствы Брэстчыны чакаюць квалiфiкаваных мiкрабiёлагаў, якiх з гэтага года пачнуць рыхтаваць у Брэсцкiм дзяржаўным унiверсiтэце iмя А. С. Пушкiна на факультэце прыродазнаўства. Такiя спецыялiсты запатрабаваны таксама i ў фармацэўтычнай прамысловасцi. 

На тым жа факультэце адкрыецца навучанне па яшчэ адной спецыяльнасцi — «Краiназнаўства i перакладчыцкая дзейнасць». Такiх спецыялiстаў будуць рыхтаваць для ўстаноў адукацыi, якія запатрабаваны ў сельскай мясцовасцi i малых гарадах.

Гродзенскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя Янкi Купалы сёлета адкрывае падрыхтоўку па адукацыйнай праграме бакалаўрыята «Бiяiнжынерыя i бiяiнфарматыка» на факультэце бiялогii i экалогii. Выпускнiкi змогуць працаваць у навукова-практычных цэнтрах, на прадпрыемствах, звязаных з бiядыягностыкай, фармацэўтыкай, сельскай гаспадаркай, прыродаахоўнай дзейнасцю і іншых.

Начальнiк Цэнтра развiцця кар’еры, адказны сакратар прыёмнай камiсii Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Янкi Купалы Iрына КАРЛЮКОВА называе яркiя прыкметы ВНУ, якiя не пакiнуць моладзь абыякавымi.

— Гродзенскi дзяржаўны ўнiверсiтэт — гэта смарт-унiверсiтэт, — адзначае яна. — Мы прапануем студэнтам развiваць свой патэнцыял у рамках нашага тэхналагiчнага парка. Акрамя таго, з гэтага года дзейнiчае электронная «залiкоўка», ёсць электронны мабiльны расклад i вiртуальная чытальная зала.

Алена ВIНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю