Top.Mail.Ru

У Магілёве праходзіць конкурс грамадскіх ініцыятыў

Аганізатар адкрытага конкурснага адбору -- Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Конкурс праводзіцца не ў першы раз і карыстаецца попытам у насельніцтва. Гэта рэальная магчымасць вырашыць пытанні мясцовага значэння, звязаныя са стварэннем або добраўпарадкаваннем месцаў для дзіцячых гульняў, адпачынку, заняткаў спортам, у гонар воінскай славы і гэтак далей. Пры умове, канешне, калі ў ініцыятараў будзе жаданне паўдзельнічаць у справе фізічна і ўнесці як мінімум 10% ад сумы праекта.


Як паведаміла дырэктар асацыяцыі Паліна Церашкова, на гэты раз на разгляд камісіі паступіла 50 ініцыятыў, 35 з іх рашэннем Магілёўскага аблсавета дапушчаныя да конкурснага адбору.

-- Адкрытыя конкурсныя прагляды праходзяць у два этапы -- 29 і 31 студзеня, -- паведаміла яна. – Шэраг заяўленых на конкурс праектаў звязаны з будаўніцтвам або рамонтам  памятных знакаў, добраўпарадкаваннем месцаў воінскай славы, што актуальна заўсёды, а сёлета яшчэ і звязана са святкаваннем 80-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкай Германіяй. Дастаткова ініцыятыў па добраўпарадкаванні дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, ёсць жадаючыя заняцца акультурваннем крыніц. Некалькі праектаў прысвечаныя захаванню культурнай гістарычнай спадчыны, стварэнню ўмоў для правядзення заняткаў па інтарэсах. Усе ініцыятывы слушныя і цікавыя. Усё залежыць ад таго, наколькі пераканаўча аўтары будуць абараняць свае праекты і самі гатовыя будуць паўдзельнічаць у іх.

Вынікі конкурснага адбору будуць абвешчаныя на наступным тыдні. Усяго на рэалізацыю грамадскіх ініцыятыў прадугледжана 400 тысяч рублёў. Памер сумы на канкрэтны праект будзе залежыць ад таго, якую колькасць балаў ён набярэ.

Фота mogilevnews.by.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю