З 9 паказчыкаў матрыцы задач, устаноўленых для Магілёўскага аблвыканкама пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, выканана 7. Рэальная заработная плата ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года павялічылася на 11,2 %, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 кастрычніка склаў 0,2 % да колькасці рабочай сілы пры прагнозе не больш 1 %. Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі за студзень-верасень склала 727,8 мільёна долараў. Бюджэт захаваў сацыяльную накіраванасць — 58,1 % ад усіх расходаў, накіравана на сацыяльную сферу — 300 мільёнаў рублёў, што на 13 % больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Разам з тым не выкананы паказчык па ўводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай (пабудавана 38,5 тысячы квадратных метраў пры заданні 41,3 тысячы) і валавога рэгіянальнага прадукту (пры заданні 103,9 % выканана на 100,8 %).
— Асноўны адмоўны ўплыў аказала прамысловасць — 97,6 %, якая фарміруе трэць ВРП, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, характарызуючы вынікі работы за 9 месяцаў. — На сёння выклікае занепакоенасць стан асобных прадпрыемстваў. Ніжэй за свае магчымасці спрацаваў па сацыяльна-эканамічным развіцці і шэраг раёнаў.

Намеснік старшыні аблвыканкама Алена Пруднікава-Кірпічонак у размове з журналістамі адзначыла, што выкананы такія ключавыя паказчыкі, як намінальная зарплата, увод жылля, паступленне даходаў у бюджэт, тэмп інвестыцый... Для таго каб выканаць агрэгіруючы паказчык — валавы рэгіянальны прадукт, — неабходна кансалідацыя, у першую чаргу, прамысловасці рэгіёна.
— Падзенне, на жаль, назіраецца менавіта ў вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці і безведамаснай падпарадкаванасці, — падкрэсліла яна. — Камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, роўна як і паўгода таму, спрацавалі з тэмпам, які перавышае тэмпы мінулага года. Аднак гэтага недастаткова, каб знівеліраваць сітуацыю і выйсці на зададзеныя параметры.

З ліку тых, хто не дацягнуў да зададзеных тэмпаў, флагманы прамысловай вытворчасці Магілёўшчыны — прадпрыемствы «Магілёўхімвалакно» і бабруйская «Белшына». На жаль, не вытрымалі канкурэнцыі з аналагічнымі вытворцамі на расійскім рынку.
— Арганізацыям патрэбная перабудова, пошук дзейсных інструментаў для таго, каб у гэтай канкурэнтнай барацьбе перамагчы і застацца на сваіх рынках, — лічыць намеснік старшыні аблвыканкама. — Такія задачы ставяцца і кіраўніком дзяржавы, і губернатарам. Трэба больш актыўна асвойваць усходнеазіяцкі кантынент і так званыя краіны далёкай дугі. Вось туды ў асноўным і павінны цяпер адпрацоўвацца ўсе лагістычныя і фінансавыя ланцужкі. Гэта дазволіць бязбольна экспартаваць і своечасова атрымліваць валютную выручку.
Стаіць задача па ключавым паказчыку — валавым рэгіянальным прадукце — калі і не дайсці да планавага яго значэння, то як мінімум перавысіць узровень мінулага года. Гэта значыць, спрацаваць вышэй за 100 %. На гэта будуць накіраваны ўсе намаганні.
У ходзе пасяджэння былі заслуханы кіраўнікі асобных прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна і райвыканкамаў, разгледжаны праблемныя пытанні і прыманыя меры па выкананні пастаўленых паказчыкаў, дадзена ацэнка вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за 9 месяцаў. У рабоце пасяджэння аблвыканкама прынялі ўдзел першы намеснік міністра фінансаў Алена Печань, прадстаўнікі рэспубліканскіх прамысловых канцэрнаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта mogilev-region.gov.by