Падзея, якую чакалі вельмі доўга, бо з адкрыццём новага корпуса Магілёўскай дзіцячай аблбальніцы адкрываюцца і новыя магчымасці. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка назваў падзею знакавай.
— Сучасны будынак аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем — гэта не разавая акцыя, гэта вынік той планамернай палітыкі, якая праводзіцца дзяржавай, нашым Прэзідэнтам, — падкрэсліў ён падчас адкрыцця. — Сёння шмат сродкаў укладваецца ў сістэму аховы здароўя. Я агучу толькі дзве лічбы за мінулы год. На капрамонт і будаўніцтва медыцынскіх аб’ектаў зрасходавана каля 200 мільёнаў рублёў. У гэтым годзе запланавана такая ж сума.
Разам з віншаваннямі губернатар вобласці ўручыў бальніцы сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Яшчэ адзін сертыфікат перадала ўстанове першы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан.

— Магілёўскую вобласць заўсёды адрозніваў комплексны падыход і максімальная аддача ў аказанні медыцынскай дапамогі, — адзначыла яна. — Паказчыкі гавораць самі за сябе. Яны адны з самых нізкіх у краіне і па захваральнасці дзяцей, і па смяротнасці. Магілёўская абласная дзіцячая бальніца ўнікальная ў сваім родзе, таму што ў яе сёння ёсць усе этапы аказання медыцынскай дапамогі ад кансультатыўнай да рэабілітацыі, аднаўлення здароўя нашых маленькіх дзяцей.
З важнай падзеяй павіншаваў кіраўніцтва вобласці, калектыў бальніцы, магіляўчан намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч.
— Цудоўна, што напярэдадні свята Раства ў Магілёве адкрываецца яшчэ адзін корпус абласной дзіцячай бальніцы, які, па сутнасці замыкае поўны цыкл аказання дзіцячай дапамогі, — паведаміў ён. — Цяпер дзіця зможа атрымаць поўнае лячэнне, пачынаючы ад дыягностыкі, заканчваючы рэабілітацыяй. Такая бальніца ў краіне пакуль адна і гэта, напэўна, стане прыкладам. Цудоўна і тое, што ёсць задумка адкрыць тут кафедру і развіваць медыцынскую навуку. Гэта будзе цікава ўрачам і карысна для пацыентаў.
Галоўны ўрач абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско заўважыў, што асабліва важна, што ў наш неспакойны час, калі ў адных краінах усё разбураюць, у Беларусі, наадварот, ствараюць.
— Вялікі дзякуй паважанаму кіраўніку дзяржавы, Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку за мірнае неба і за магчымасць будаваць, — адзначыў ён. — Гэта, мусіць, найважнейшае ва ўсім нашым жыцці. Вельмі ўдзячны і старшыні аблвыканкама Анатолю Ісачанку, які адразу ж падтрымаў маю прапанову будаваць гэты корпус.
У будаўніцтве і падрыхтоўцы да адкрыцця новага корпуса бальніцы было задзейнічана шмат людзей — будаўнікі, праграмісты, мастакі, медперсанал, які наводзіў парадак, шэфы ад інстытута МУС, якія дапамагалі прыбіраць смецце...
Шыкоўны трохпавярховы будынак злучаны з асноўным корпусам пераходнай галерэяй. На яго першым паверсе знаходзяцца рэсурсны цэнтр ранняга ўмяшання, фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, водалячэбніца, кабінеты сутачнага маніторынгу ЭЭГ, магніта-рэзананснай тамаграфіі, сурдалагічны кабінет. На другім паверсе — псіханеўралагічнае аддзяленне. Уражвае не толькі вялікая колькасць сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання, якім напоўненыя кабінеты, а і з якой душой і мастацтвам аформлены калідоры. Навучэнцы Бабруйскай школы мастацтваў паклапаціліся, каб маленькім пацыентам тут было цікава і зусім не страшна.
У новым корпусе ўражвае ўсё. Акрамя такіх распаўсюджаных традыцыйных метадаў рэабілітацыі як святлолячэнне, магнітатэрапія, рэфлексатэрапія, ёсць зусім незвычайныя, такія як, напрыклад, экзашкілеты, якія дапамагаюць дзецям навучыцца хадзіць. Або цікавыя сістэмы ў басейне, якія дапамогуць дзецям развіваць парушаныя рухальныя функцыі, пераадольваючы супраціўленне вады.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашко прызнаўся, што спраўдзілася яго даўняя мара маладога ўрача. Менавіта тут ён пачынаў сваю медыцынскую кар’еру, а пасля на працягу сямі гадоў узначальваў бальніцу.
— Падзея грандыёзная не толькі для вобласці, але і для ўсёй краіны, — рэзюмаваў ён. — Мы маем новую арганізацыйную форму аказання меддапамогі дзецям Магілёўскай вобласці па розных кірунках дзейнасці і відах экстраннасці. Важна таксама, што тут сканцэнтраваныя не толькі ўсе віды медыцынскай дапамогі, але і розныя спецыялісты. Мы разумеем, што любы клінічна складаны выпадак — гэта не толькі адказнасць асобна ўзятага педыятра, а і людзей розных прафесій, спецыялізацый, якія думаюць над тымі дыягнастычнымі мерапрыемствамі, якія неабходна правесці дзіцяці. І вось сёння гэта становіцца магчымым. У многім унікальнасць праяўляецца яшчэ ў тым, што Магілёўская абласная дзіцячая бальніца канцэнтруе ў сабе нейкія асобныя цэнтры аказання дапамогі: тут ёсць цэнтр слыху, траўматалагічны цэнтр, у перспектыве, магчыма, з’явіцца афтальмалагічны і гэтак далей. Гэта дае магчымасць пераадолення праблемы вузкіх спецыялістаў, дазваляе доктару ўдасканальвацца, быць узаемазамяняльным. Мы ствараем новую мадэль арганізацыі дапамогі дзецям, а ў будучыні, магчыма, і дарослым.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара