Top.Mail.Ru

У Магілёве абмяняліся эксклюзіўнымі навагоднімі пээфкамі

Як данесці да блізкага чалавека свае думкі і пачуцці, ды так, каб гэта было ярка, зразумела, але без слоў? І наогул, ці магчыма такое? Выхад ёсць — PF-паштоўка. Гэта не проста фота з загадкавымі літарамі, якія абазначаюць першыя літары французскага «pour felіcіter» — каб павіншаваць. Кадр павінен быць красамоўным, загадкавым, інтрыгоўным, смешным, дзёрзкім, задзірлівым — якім заўгодна, але змястоўным. Тыя, хто аднойчы паспрабаваў уключыцца ў гэты цікавы працэс, ужо не могуць спыніцца. Думаюць, эксперыментуюць, шукаюць незвычайныя ракурсы, каб на Новы год зноў здзівіць сяброў чымсьці нестандартным і арыгінальным. Напэўна, таму сёлета ў памяшканні народнага клуба «Вясёлка» ў Магілёве было асабліва шматлюдна, гучна і весела.


Народны фотаклуб «Вясёлка» праводзіць конкурс з пачатку 80-х мінулага стагоддзя. Сёлета былі прадстаўлены 94 работы, кожную трэба было ацаніць і растлумачыць. Аўтары — з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Літвы і Ізраіля.

Удзельнікаў чакаў сюрпрыз. Упершыню пераможцаў вызначалі не самі аўтары, а эксперты збоку. Інтрыга захоўвалася да апошняга. Прыцягнуў увагу ідэалістычны вясковы пейзаж Вольгі Мамаджанавай, якая падгледзела яго праз аконны праём паўразбуранай цаглянай сцяны. Не пакінуў абыякавым летуценны анёл-воблака і такая ж паветраная, як на карцінах экспрэсіяністаў, жанчына Алены Ярашэвіч. Цеплынёй веяла ад гуллівых фота Ганны Петухоўскай з малымі дзяўчынкамі, якім, ну хто б сумняваўся, так хочацца быць падобнымі на дарослых. Як заўсёды прывабіў метафізічны погляд на жыццё Ірыны Савосінай, дзе менавіта дэталі маюць вялікі сэнс. 

І вельмі інтрыгоўна выглядаў касмічны свет кіраўніка фотаклуба Аляксандра Грэбнева з яго гульнёй сэнсаў і фарбаў. Чаго толькі вартая жанчына ў чырвоным на фоне фіялетавых камянёў. Нешта нерэальнае і нават незямное.

Здымак ацанілі Гран-Пры. Не абышлося, вядома, і без штучнага інтэлекту. Адзін здымак ну проста бянтэжыў — нейкая японская нэцкі ў кветкавым збанку. Аказваецца, так штучны інтэлект убачыў расліну таўсцянку. Толькі куды яму цягацца з творчым палётам сапраўдных прафесіяналаў?

Прыемна, што сярод пераможцаў шмат маладых. Высока ацанілі арыгінальны погляд Алены Васілеўскай з яе архітэктурнымі эксперыментамі. Адзначылі і фота юных пачаткоўцаў, якім усяго 9 — 12 гадоў. Ды і на конкурс некаторыя ўдзельнікі прыйшлі з малымі дзецьмі. Тыя таксама ўдзельнічалі ў выбары найлепшых пээфак і старанна выбіралі паштоўкі на памяць. Бо гэта цёплая сустрэча — не проста конкурс, а яшчэ і абмен пээфкамі, магчымасць папоўніць свае альбомы эксклюзіўнымі фота.

Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю