Пасяджэнне каардынацыйнага савета па пытаннях дзейнасці кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча прайшло на базе Магілёўскага спецыялізаванага ліцэя МУС. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сілавых ведамстваў, адукацыі, Савета Бяспекі. У якасці мадэратара выступіў першы намеснік Дзяржсакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Дземідзенка. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што сёння моладзь імкнецца зрабіць як мага больш для сваёй краіны. І гэты інтарэс трэба заахвочваць.
Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС лічыцца адным з узорных у Беларусі. Ён адчыніў дзверы крыху болей чым год таму. Тут створаны сучасныя ўмовы для вучобы і пражывання. Выхаванцы жывуць у асобных пакоях па чатыры чалавекі на поўным дзяржзабеспячэнні. Сёння тут вучыцца 189 юнакоў, пачынаючы з 7 класа.
— Мы шмат увагі надаём выхаванню патрыятызму ў нашых ліцэістаў, — кажа дырэктар спецыялізаванай установы Валерый Палішчук. — А ён пачынаецца з любові да радзімы. Праглядаем патрыятычныя фільмы, наведваем музеі, месцы баявой славы. Адно з іх вельмі блізкае нам і дарагое. Гэта мемарыял у вёсцы Гаі батальёну міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава, які загінуў, абараняючы Магілёў. Маладыя міліцыянеры аддалі свае жыцці за радзіму і назаўсёды засталіся ў нашай памяці. Тут курсанты Магілёўскага інстытута МУС прымаюць прысягу, а ліцэісты даюць абяцанне на вернасць служэння Радзіме.

Намеснік міністра абароны, генерал-маёр Аляксандр Навуменка лічыць, што кадэцкія і сувораўскае вучылішчы, спецыялізаваныя ліцэі адыгрываюць вельмі важную ролю ў фарміраванні патрыятызму, падрыхтоўцы будучых абаронцаў Радзімы.
— Ліцэй МУС у Магілёве новы, і тая база, што тут ёсць, дазваляе спадзявацца на высокі вынік, — кажа ён. — Радзіма мае патрэбу ў патрыётах. У краіне вялікая колькасць ваенна-патрыятычных класаў у школах. Але менавіта кадэцкія і сувораўскае вучылішча, спецыялізаваныя ліцэі з’яўляюцца ключавой базай для падрыхтоўкі будучых абаронцаў Айчыны.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара