Сёння ў Кіраўскім раёне адбылася заключная частка двухдзённага V Магілёўскага рэгіянальнага форума па ўстойлівым развіцці. Магілёўская вобласць першая сярод рэгіёнаў распрацавала ўласную Стратэгію рэгіянальнага развіцця. І яна ляжыць у аснове той дзейнасці, якую праводзіць кіраўніцтва рэгіёна.
— На першапачатковым этапе было важна ўцягнуць арганізацыі, сацыяльныя ўстановы, шырокія слаі насельніцтва ў рэалізацыю Стратэгіі, у фарміраванне разумення мэт устойлівага развіцця, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Усе нашы праграмы, якія прымаюцца ў Магілёўскай вобласці, як і па ўсёй краіне, накіраваны на чалавека, яго развіццё, стварэнне камфортных умоў жыцця. І ў гэты кірунак укладваюцца вялікія рэсурсы. Каб работа была эфектыўнай, у аснове яе ляжыць эканоміка. Мы павінны рабіць ўсё для таго, каб нашы прадпрыемствы працавалі, каб бюджэт напаўняўся падаткамі і вось на гэтай стратэгічнай рабоце па развіцці эканомікі, фарміраванні ўмоў для жыцця насельніцтва і засяроджана работа ўсёй нашай вертыкалі.
Форум сабраў прадстаўнікоў выканаўчай улады, дэпутатаў, членаў абласной рабочай групы па ўстойлівым развіцці, СЭЗ «Магілёў», абласных асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, моладзь. Удзел у мерапрыемстве прыняў Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка і прадстаўнікі агенцтваў ААН у Рэспубліцы Беларусь.
Каб мець нагляднае ўяўленне аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці, рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёна на перыяд да 2035 года, дэлегацыі наведалі мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» у Борках, ААТ «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага», Кіраўскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Жыліцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі.
На месцы трагедыі часоў Вялікай Айчыннай вайны ў Борках, дзе кожны прадмет нагадвае пра тую жудасную трагедыю, калі карнікі спалілі болей чым дзве тысячы мірных грамадзян, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рустам Хайдараў заўважыў, што ў Беларусі вельмі глыбока і шчыра перажываюць наступствы вайны.
— У Борках я звярнуў увагу на дзіцячую калыску, — паведаміў ён. — Калі гінуць на вайне людзі, гэта страшна, але калі не ў чым не павінныя дзеці, — жахліва. Вельмі важна, каб мы, дарослыя, палітыкі, якія прымаюць рашэнні, рабілі ўсё для таго, каб гэта не адбывалася.
На пленарным пасяджэнні ў Палацава-паркавым ансамблі ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна былі агучаны прыярытэтныя напрамкі развіцця Магілёўскага рэгіёну ў рамках абноўленай Стратэгіі ўстойлівага развіцця вобласці да 2040 года.
Найважнейшым з іх з’яўляецца рэсурсазберажэнне. Спікеры расказалі пра пілотныя ініцыятывы па ўкараненні прынцыпаў цыркулярнай эканомікі і рэсурсазберажэння на прадпрыемствах і ў арганізацыях Магілёўскай вобласці, працэсе ўцягвання насельніцтва ў прыняцце рашэнняў на мясцовым узроўні. Сваімі напрацоўкамі падзялілася моладзь — пераможцы абласнога конкурсу лепшых практык па рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці на перыяд да 2035 года.
— Праграма развіцця ААН па дасягненні Мэт устойлівага развіцця супадае з тым шляхам, па якім ідзе краіна, — падсумаваў вынікі форуму намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР Сяргей Хаменка. — Пасыл выражаецца ў некалькіх словах — дзяржава для народа, дзяржава ў імя народа. Думаю, прадстаўнікі ААН разумеюць, што гэта не проста словы. Гэта справы, якія спачатку былі прынятыя рашэннем Кіраўніка дзяржавы, а зараз рэалізуюцца нашым урадам , у тым ліку ў рэгіёнах.
Сяргей Хаменка падкрэсліў, што рэгіён актыўна выкарыстоўвае сродкі донараў і рэалізуе праекты у сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай сферах.
— На сённяшні дзень ужо разгледжана Праграма развіцця Рэспублікі Беларусь — Стратэгія развіцця да 2040 года, — рэзюмаваў ён. — Кажучы словамі Прэзідэнта, «мы глядзім за гарызонт, мы робім усё для таго, каб нашы дзеці і ўнукі, іх дзеці і ўнукі жылі ў мірнай і развітай дзяржаве».
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby