Top.Mail.Ru
215

У кватэрах краіны падтрымліваецца аптымальны цеплавы рэжым

Градус для батарэі

Нядаўняя аварыя на цепласетках у Мінску выклікала вялікі рэзананс. Жыхары сталіцы не засталіся без гарачай вады і цяпла толькі дзякуючы зладжаным дзеянням усіх службаў. Прэзідэнт, каментуючы гэту сітуацыю, заўважыў, што, каб захаваць энергасістэму, у моцныя халады не варта так «жарыць» батарэі — лепш, каб крыху халадней, але без аварый. Асабліва «пільныя» каментатары ў сацыяльных сетках тут жа ўсхваляваліся: «Змерзнем у кватэрах»...

Ці трэба турбавацца наконт таго, што ў нашых кватэрах стане халадней? Вось што кажуць наконт гэтага спецыялісты.

Першы намеснік генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскай вобласці Мікалай Лістападаў адразу ж нагадаў пра тое, што сацыяльны стандарт плюс 18 градусаў у кватэры выконваецца больш чым на 100 %. Насамрэч гэты градус часцей падымаецца за рыску плюс 20. І хвалявацца, што ён апусціцца ніжэй, не трэба.

— Каб гэты стандарт выконваўся, у нас на кожнай цеплакрыніцы, з улікам далучаных да яе спажыўцоў, маецца тэмпературны графік падачы цепланосьбіта, — кажа ён. — Па гэтым графіку, у залежнасці ад тэмпературы вонкавага паветра, мы і падаём яго. Каб ён дасягнуў 90 градусаў, трэба, каб на вуліцы было, умоўна кажучы, мінус 30. Пры тэмпературы мінус 20 за акном цепланосьбіт складае 75–80 градусаў на падачы. Таму мы яго не змяншаем, працуем па графіку.

Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, ці ўзнікалі сёлета ў вобласці нейкія аварыйныя сітуацыі на кацельных у сувязі з маразамі.

— Сёлета не, а летась зімой была аварыя ў Крычаве, але не звязаная з маразамі або павышанай тэмпературай цепланосьбіта. Прычынай стаў парыў трубаправода ў цеплавой камеры, — удакладніў Мікалай Лістападаў.

Што значыць павысіць цепланосьбіт да 90 градусаў, «на пальцах» растлумачыў дырэктар Бялыніцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства «Жылкамгас» Віктар Івулёў.

— Мы кожны год падчас летніх прафілактычных аглядаў цеплавых сетак выпрабоўваем іх гідраўлічным ціскам у 16 фізічных атмасфер, а таксама праводзім цеплавыя іспыты ў тэмпературным рэжыме плюс 90 градусаў, — удакладніў ён. — Але гэта мае кароткачасовы характар. Пры такой нагрузцы самыя зношаныя ўчасткі, бывае, не вытрымліваюць нагрузкі і рвуцца. Мы іх рамантуем, што дапамагае пазбегнуць аварыйных сітуацый узімку. У звычайным стане ціск у цеплавых сетках для нашага невялікага райцэнтра складае 5,5 атмасферы. У вялікіх гарадах ён, вядома, вышэй.

Суразмоўца кажа, што, калі істотна павысіць градус цепланосьбіта ва ўмовах значнага паніжэння тэмпературы зімой, можа сапраўды адбыцца пашкоджанне цеплавых сетак.

— Пры доўгатэрміновай нагрузцы не заўсёды вытрымліваюць свае тэхнічныя характарыстыкі кампенсацыйныя прыстасаванні, — удакладняе ён. — Гэта вельмі складана прадугледзіць і прадухіліць. Прэзідэнт правільна сказаў, што пры такіх экстрэмальных тэмпературах надвор’я можна і 20 градусаў цяпла ў кватэры пацярпець. Для гэтага дастаткова тэмпературы цепланосьбіта 70 градусаў са знакам плюс. То-бок пагроза надзвычайнай сітуацыі прама прапарцыянальна знізіцца. Гэта закон фізікі. Калі мы ідзём у пэўным цеплавым рэжыме, які забяспечвае нармальны камфортны стан у кватэрах, лепш не рызыкаваць, тым больш ва ўмовах моцных маразоў.

А наконт скаргаў на нізкую тэмпературу ў кватэры — трэба яшчэ разабрацца, у чым прычына, лічыць суразмоўца. Бывае, што цепланосьбіт тут і ні пры чым. Магчыма, стаяць старыя вокны, праз якія цяпло сыходзіць, ды яшчэ не абклееныя. Або нешта не тое з наладкай унутрыдамавых інжынерных сетак.

— У кожным выпадку патрэбны індывідуальны падыход, — кажа Віктар Івулёў. — Цепласістэма ў краіне цалкам наладжана. Кожны спажывец атрымлівае неабходную колькасць гігакалорый паводле разліковай нагрузкі. Вядома, цяпер сітуацыя складаная, маразы дадаткова іспытваюць цепласістэму. Але выклікае вялікую павагу тое, што кіраўнік дзяржавы цалкам унік у пытанне і зразумела патлумачыў абстаноўку насельніцтву.

Марознае надвор’е не стала выпрабаваннем для цеплазабеспячэння Гомеля. Гарадскія цеплавыя сеткі загадзя павысілі тэмпературу вады ў магістральных трубаправодах, каб захаваць стабільнае цяпло ў жылых дамах.

У бягучы перыяд, паводле інфармацыі Гомельскіх цеплавых сетак, рэжым цеплазабеспячэння карэкціруецца аператыўна і строга ў адпаведнасці з прагнозамі гідраметэацэнтра. Змяненне тэмпературы паветра на вуліцы аўтаматычна цягне за сабой змяненне параметраў цепланосьбіта. Асновай для гэтага служыць спецыяльны тэмпературны графік, які вызначае, якой павінна быць тэмпература вады ў сістэме пры тых ці іншых пагодных умовах.

Кантроль за паказчыкамі тэмпературы вады, якая цыркулюе ў магістральных трубах, вядзецца кругласутачна, што дазваляе своечасова рэагаваць на пахаладанне і не дапускаць зніжэння камфорту для спажыўцоў.

Далей цепланосьбіт паступае ў цеплавыя пункты, дзе аўтаматычныя сістэмы рэгулююць тэмпературу вады ў радыятарах такім чынам, каб у кватэрах падтрымліваўся аптымальны цеплавы рэжым — ад 18 да 24 градусаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля Капрыленка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю