Асаблівасць гэтай вытворчасці ў тым, што яна размешчана на плошчах старога цэмзавода і стала своеасаблівым працягам той дзейнасці, якая там вялася. Пераемнікам з’яўляецца прыватнае прадпрыемства ТАА «КМБ-Усход», кіруе якім малады амбіцыйны жыхар Крычава Станіслаў Сівакоў. Запуск новай вытворчасці адбыўся ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект». Сёлета гэты праект запушчаны і набірае абароты.
«Я, лічы, прадаўжальнік дынастыі, мае бацькі працавалі на цэмзаводзе, і я, калі вярнуўся з арміі, яшчэ паспеў там папрацаваць. Вельмі перажываў, калі дзейнасць завода стала згасаць, — расказвае Станіслаў Сівакоў, пакуль мы ідзём да інавацыйнай пляцоўкі. — Па сутнасці, мы рэанімавалі тут вытворчасць шыферу, але на сучасным узроўні. Для мяне гэта было яшчэ і справай гонару».
Калі праходзім цераз заводскі мосцік у цэху, пад якім знаходзіцца старое абсталяванне, мой гід заўважае, што яно да нядаўняга часу яшчэ працавала, «КМБ-Усход» выпускаў тут шыфер па старой тэхналогіі. Яшчэ адна такая лінія побач была разабрана і на яе месцы зманціравана новая — высокатэхналагічная. «Пляцоўка была падрыхтавана сваімі сіламі, работнікі, якія гэтым займаліся, цяпер працуюць на новым абсталяванні, — расказвае суразмоўца. — Спачатку планавалі ставіць еўрапейскае, але пачаліся санкцыі, і мы пераарыентаваліся на кітайскіх партнёраў. Ездзіў у Кітай, каб выбраць найбольш надзейны варыянт, асабіста прымаў лінію. Спадзяюся, што ў партнёрах не памыліўся. Самае галоўнае — гэта якасць абсталявання. Яно павінна надзейна працаваць не адзін год».
Сёлета новая лінія была запушчана, а старая прыпынена. Але, як запэўнівае дырэктар, калі ў краіне здарыцца будаўнічы бум, старую можна будзе таксама запусціць.
Сёння «КМБ-Усход» лічыцца ў краіне вядучым вытворцам фібрацэментнага шыферу. Прадпрыемства працуе па замкнёным цыкле, без перапынку — кругласутачна. Работа вядзецца ў некалькі змен — людзі кантралююць аўтаматызаваныя працэсы і задзейнічаны на прыёмцы-адгрузцы гатовай прадукцыі.
Працуе прадпрыемства і на імпартазамяшчэнне. Адзін з відаў запатрабаванага на будоўлях шыферу раней завозіўся ў Беларусь з Расіі. Цяпер яго з поспехам робіць «КМБ-Усход». «Сфера яго прымянення неабмежаваная, — сцвярджае кіраўнік прадпрыемства. — Пачынаючы ад будаўніцтва гаражоў, перагародак, сцен і збудаванняў па каркаснай тэхналогіі да афармлення кветнікаў, градак, кампосных ям, дарожак...»
На дасягнутым ў Крычаве не спыняюцца — запускаюць вытворчасць сайдынгу «пад дрэва», які ў краіне ніхто не вырабляе. На чарзе — фібрацэментная чарапіца. Пакуль доследныя экзэмпляры можна ўбачыць толькі ў кабінеце дырэктара. Але хутка ўсё гэта стане на паток. «Дзякуй дзяржаве за тыя прэферэнцыі, якія дае 235-ы ўказ па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна, — гаворыць Станіслаў Сівакоў. На першапачатковым этапе мы былі вызвалены ад выплаты падатку на прыбытак, што дазволіла сфарміраваць капітал для мадэрнізацыі. Плюс ільготы па падаходным падатку для людзей, іншыя льготы. Гэтымі прэферэнцыямі мы актыўна карысталіся як зноў утворанае прадпрыемства. І гэта была сур’ёзная падтрымка для нас».
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Станіслава Сівакова
г. Крычаў
У тэму
Намеснік старшыні Крычаўскага райвыканкама Наталля Асмалоўская:
— Праектам, які рэалізоўвала ТАА «КМБ-Усход», прадугледжвалася мадэрнізацыя дзеючай шыфернай вытворчасці, будаўніцтва новай тэхналагічнай лініі, устаноўка абсталявання для вытворчасці фібрацэментных панэляў. Сёння тут выпускаюцца запатрабаваныя ў краіне і за яе межамі будматэрыялы. У вытворчасці прымяняецца інавацыйная рэзка вадой, у выніку чаго атрымліваецца высокая якасць прадукцыі. Пастаўкі ідуць на ўнутраны рынак і ў Расію. Прадпрыемства перспектыўнае і, што асабліва прыемна, цалкам беларускае. Спачатку інвестары арандавалі памяшканне, затым набылі яго. Інавацыйная вытворчасць стабільна развіваецца за кошт крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў.