Тыя часы, калі нашы продкі пераапраналіся ў міфічных жывёл і адпраўляліся на Калядкі, у Клічаўскім раёне не забываюць. Стары Новы год тут не проста працяг Новага года і Раства, а падзея, прасякнутая духам старажытных традыцый.
— У дзень Старога Новага года нашы населеныя пункты ажываюць, ператвараючыся ў вялікую сцэну для калядавання, — расказвае загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна Жанна Ачыновіч. — Гэты звычай сыходзіць каранямі ў глыбокую даўніну і захоўвае сваю актуальнасць па сённяшні дзень. Гістарычна калядаванне ў Клічаўскім раёне было справай сур’ёзнай і адказнай. Падрыхтоўка пачыналася задоўга да пачатку гулянняў. У іх удзельнічалі пераважна дарослыя. Цікавай асаблівасцю было тое, што хлопцы часта апраналі жаночыя касцюмы, а дзяўчаты —мужчынскія. Гэта дадавала забаве весялосці. Традыцыйны набор персанажаў уключаў у сябе цыган, жабракоў, а таксама Казу, Мядзведзя і Коня. Героі сімвалізавалі розныя сілы прыроды і сацыяльныя з’явы, абяцалі багаты ўраджай і дабрабыт у новым годзе.
Жана Ачыновіч звяртае ўвагу на тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі, адаптуючыся да сучасных рэалій, калядныя абрады зведалі пэўныя змены. Аднак асноўная сутнасць і дух свята захаваліся. Калядуючых сёння можна сустрэць не толькі ў вёсках раёна, але і ў самім райцэнтры. Сёлета жыхароў Клічава весялілі Чорт, Цыганка, Баба-Яга і Каза, вобразы якіх стварылі медработнікі Клічаўскай ЦРБ. Яны зрабілі сабе такія касцюмы, што іх немагчыма было пазнаць. Выступалі з песнямі і танцамі, імправізавалі і жартавалі.
У Старым Востраве настрой падымалі школьнікі, якія пераапрануліся ў казачныя касцюмы і пайшлі з песнямі па дварах. У Колбчы сельскі клуб падрыхтаваў тэатралізаваную імпрэзу «Як пайшла Каляда», дзе традыцыйныя матывы калядак дэманстраваліся ў сучаснай інтэрпрытацыі. А аматарскае этнаграфічнае аб’яднанне «Верацэнца.by» раённага Дома культуры аграгарадка Заполле прадставіла праграму, складзеную з аўтэнтычных калядных песень Клічаўскага раёна. Разыначкай стала сцэна, дзе «цыганы» з запалам гандлявалі «царскім гузікам» — сімвалам поспеху і багацця.
—Калядаванне ў Клічаўскім раёне жывая традыцыя, яна аб’ядноўвае людзей і перадае духоўныя каштоўнасці з пакалення ў пакаленне, — кажа Жана Ачыновіч. — У калядках заключаны пажаданні дабра, здароўя і дабрабыту. І гэтае свята не толькі радуе жыхароў, але і выхоўвае ў моладзі любоў да сваёй малой радзімы, яе гісторыі і культуры.
Фота з архіва Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР