Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Юньнань традыцыйнае ўпрыгожванне дахаў стала модным сувенірам

«Вамаа» — традыцыйнае ўпрыгожванне на дахах дамоў у правінцыі Юньнань на паўднёвым захадзе Кітая. У апошнія гады майстры, якія захоўваюць тэхніку вырабу «вамаа», актыўна адаптуюць старажытнае рамяство да сучасных густаў. Невялікія дэкаратыўныя фігуркі ператварыліся ў папулярныя сувеніры і садзейнічаюць захаванню мясцовай культуры, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Фігуркі «вамаа», якія нагадваюць тыграў, вырабляюць з гліны ці каменя і размяшчаюць на каньку даху. Яны сімвалізуюць абарону дома і прыцягненне дабрабыту.

У Музеі «вамаа» ў старажытным мястэчку Лунцюань горада Куньмін (адміністрацыйны цэнтр правінцыі Юньнань) захоўваецца каля 400 фігурак з розных раёнаў правінцыі. Дырэктар музея Хун Хайба паведаміў, што размяшчэнне «вамаа» на каньку даху — старадаўні звычай у сельскіх раёнах Юньнані. Паводле яго слоў, фігурка нібы тыгр стаіць на самай высокай кропцы, ахоўваючы дом.

Форма не мае строгіх канонаў, што адкрывае прастору для творчасці. 

У 2022 годзе тэхналогія вырабу «вамаа» была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны правінцыі. Сёння ў Юньнані працуюць больш за 20 майстроў-носьбітаў гэтай традыцыі. 51-гадовы Су Лунсян, майстар лепкі, за 30 гадоў стварыў сотні варыянтаў «вамаа» — ад мініяцюрных фігурак вышынёй 2-3 см да чатырохметровых скульптур. Усяго ён зрабіў амаль 23 тыс. вырабаў, а таксама распрацаваў больш за 200 відаў сувенірнай прадукцыі па матывах «вамаа»: падвескі, пярсцёнкі, магніты на халадзільнік, чайны посуд.

Маладое пакаленне майстроў прыўносіць свежыя ідэі. Мастачка Сюн Юаньюань стварыла серыю «вамаа» з выявай дзікіх грыбоў — сімвала Юньнані. Гэтыя працы сталі папулярнымі на кірмашах і ў сацыяльных сетках.

У продажы таксама з’явіліся мініяцюрныя фігуркі «вамаа», кававыя кубкі з іх выявай, керамічныя падстаўкі для пахошчаў і іншыя сувеніры. Асаблівай папулярнасцю ў маладых турыстаў карыстаюцца падвескі ў тэхніцы батыка народнасці бай з Далі-Байскай аўтаномнай акругі і магніты з «вамаа».

У Музеі «вамаа» асартымент сувеніраў павялічыўся з 20 да 160 відаў, а іх продажы дэманструюць устойлівы рост: з больш як тысячы вырабаў у 2023 годзе да 20 тысяч летась. Мясцовыя школы ўключылі выраб «вамаа» ў праграму эстэтычнага выхавання. Дзеці вучацца ляпіць фігуркі пад кіраўніцтвам майстроў. Такім чынам яны развіваюць творчыя здольнасці і знаёмяцца з культурнай спадчынай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю