Як адзначыў міністр навукі і тэхналогій КНР Інь Хэцзюнь, тры перспектыўныя кірункі — штучны інтэлект (ШІ), робататэхніка і інавацыйная фармацэўтыка — імкліва развіваюцца і, як чакаецца, стануць новымі лакаматывамі прамысловага росту, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Структура кітайскага экспарту за апошнія гады істотна змянілася. На пачатковым этапе адзенне, мэбля і бытавая тэхніка — так званая «старая тройка» — дзякуючы канкурэнтным перавагам у кошце працоўнай сілы сталі сімвалам брэнда «Зроблена ў Кітаі». Пасля іх месца паступова заняла «новая тройка» — электрамабілі, літыевыя акумулятары і фотаэлектрычная прадукцыя. Менавіта гэтыя галіны вывелі кітайскі экспарт на новы ўзровень, забяспечыўшы рост узроўню тэхналагічнасці прадукцыі, яе дабаўленай вартасці і развіццё нізкавугляроднай эканомікі. У 2025 годзе аб’ём экспарту прадукцыі «новай тройкі» наблізіўся да 1,3 трлн юаняў, што ў 4,5 раза перавышае паказчык 2020 года. Яна стала адным з ключавых фактараў мадэрнізацыі прамысловасці Кітая.
Цяпер штучны інтэлект, робататэхніка і інавацыйная фармацэўтыка дэманструюць высокую міжнародную канкурэнтаздольнасць, а па шэрагу ключавых паказчыкаў Кітай займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Па афіцыйных даных, да сярэдзіны ліпеня бягучага года тыднёвы аб’ём выкарыстання кітайскіх вялікіх моўных мадэляў дасягнуў 36,11 трлн токенаў. Гэты паказчык рос на працягу васьмі тыдняў запар, а Кітай утрымліваў першае месца ў свеце па гэтым паказчыку ўжо дванаццаць тыдняў запар.
У першым паўгоддзі экспарт кітайскай робататэхнічнай прадукцыі дасягнуў 6,29 млрд юаняў, ахапіўшы 141 краіну і рэгіён. Пры гэтым экспарт хірургічных робатаў павялічыўся ў 4,3 раза. Агульны аб’ём здзелак па ліцэнзаванні інавацыйных лекавых прэпаратаў склаў каля 110 млрд долараў ЗША, а кітайскія фармацэўтычныя кампаніі ўвайшлі ў першую дзясятку сусветнага рэйтынгу па аб’ёме такіх здзелак, заняўшы восем з дзесяці вядучых пазіцый.
Характэрна, што экспарт прадукцыі ў сферы штучнага інтэлекту, робататэхнікі і інавацыйнай фармацэўтыкі ўжо не абмяжоўваецца пастаўкамі гатовай прадукцыі. Усё большую ролю адыгрывае экспарт ключавых тэхналогій і сістэмных магчымасцяў. Так, у сферы інавацыйнай фармацэўтыкі экспарт ахоплівае ўвесь вытворчы ланцужок — ад пошуку новых лекавых мішэняў і распрацоўкі прэпаратаў да іх клінічнага прымянення. У робататэхніцы ўсё большае значэнне набываюць комплексныя рашэнні, якія ўключаюць абсталяванне, праграмнае забеспячэнне, даныя і сэрвіснае суправаджэнне. У галіне штучнага інтэлекту Кітай усё больш актыўна экспартуе алгарытмы, вялікія моўныя мадэлі і іншыя лічбавыя тэхналогіі, выходзячы далёка за рамкі традыцыйнага гандлю таварамі.
Прамысловая мадэрнізацыя таксама садзейнічае павышэнню якасці гандлю паслугамі. Са студзеня па май бягучага года агульны аб’ём гандлю паслугамі Кітая павялічыўся на 6 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а экспарт навукаёмістых паслуг вырас на 12,2 %.
Мікалай ЛІТВІНАЎ