Top.Mail.Ru

У Кіраўскім раёне ні адно цяля не гадуецца на вуліцы

У Кіраўскі раён на выязны семінар-нараду на тэму «Узвядзенне прафілакторыяў з аблегчаных канструкцый» прыехалі прадстаўнікі кіраўніцтва аграпрамысловага комплексу з усёй краіны — першыя намеснікі губернатараў, старшыні камітэтаў, спецыялісты па жывёлагадоўлі, ветэрынарнай службы, праектанты. 


Удзельнікі наведалі МТК у шэрагу гаспадарак Кіраўскага раёна, азнаёміліся з тэхналогіяй узвядзення памяшканняў для ўтрымання цялят прафілакторнага перыяду рознага тыпу — арачнага, з металаканструкцый, драўлянага, камбінаванага тыпу. У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў і профільны віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка.

Пленарнае пасяджэнне прайшло пасля даклада Юрыя Горлава Прэзідэнту. Таму найперш звярнулі ўвагу на тыя заўвагі, якія зрабіў міністру кіраўнік дзяржавы. 

Юрый Шулейка заўважыў, што некаторыя сельгасарганізацыі аказаліся не гатовыя да такіх экстрэмальных умоў зімоўкі. Вялікая частка цялят у нас усё яшчэ вырошчваецца ў не зусім прыстасаваных умовах.

Намеснік Прэм’ер-міністра лічыць, што прычына гэтай праблемы — расхлябанасць на месцах.

Юрый Горлаў нагадаў пра нядаўна выкрытыя факты са Шчучынскага раёна аб падзяжы некалькіх соцень галоў жывёлы. На гэта Прэзідэнт звярнуў увагу падчас даклада. Як высветлілася, адзін чалавек там абслугоўвае 120 галоў цялят. Хіба ў стане справіцца адзін чалавек, ды яшчэ ў экстрэмальных умовах надвор’я?

Заўвагі Прэзідэнта датычыліся і работы райаграсэрвісаў. 

— Па кожным райаграсэрвісе павінна быць выбудавана спецыялізацыя, — нагадаў Юрый Шулейка.

Юрый Горлаў паведаміў, што гаворка ішла і аб цэнтралізаваных закупках. 

— Не павінна быць ніякіх пасрэднікаў, — падкрэсліў ён. 

Кіраўскі раён быў выбраны для семінара невыпадкова. Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі падкрэсліў, што раён стаў своеасаблівай трэніровачнай пляцоўкай па прафілактыцы падзяжу. Галоўнае, сёння стварыць умовы для вырошчвання менавіта самай праблемнай групы маладняку ва ўзросце 2-3 месяцы. 

Як паведаміла старшыня Кіраўскага райвыканкама Галіна Слабоднікава, у раёне няма цялят, якія знаходзяцца на вуліцы. 

— У нас 27 прафілакторыяў, розных па канструкцыях, — паведаміла яна. — Тыя, што наведалі, пабудаваны ў рамках будаўніцтва МТК за апошнія два гады. Калі казаць пра забяспечанасць кадрамі і заработную плату, то сярэдняя ў цялятніц па раёне складае каля 2800 рублёў, аператара машыннага даення крыху больш за 3000, у залежнасці ад гаспадаркі. І праблем кадравых не ўзнікае, таму што на некаторых комплексах заработная плата фактычна ўраўнавалася.

Стратэгіяй развіцця жывёлагадоўлі падчас знаходжання на аб’ектах падзялілася начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі Наталля Соніч. 


— На гэты год запланаваны вялікія аб'ёмы па будаўніцтве прафілакторыяў на 71 000 жывёламесцаў, каб усіх цялят, якія ўтрымліваюцца ў дадзены момант пад адкрытым небам, перавесці ў добрае памяшканне. 

Наталля Соніч звярнула ўвагу на тое, што гэта павінны быць не толькі прыгожыя будынкі, але і ўтрыманне — дамкі розных мадыфікацый для цялят і самае неабходнае абсталяванне накшталт размарожвальніка малозіва, маразільнай камеры, малочнага таксі. Напрыклад, норма нагрузкі па нарматывах на адну цялятніцу павінна быць не болей за 70-75 цялят. Калі прафілакторый на 200 месцаў, то павінна быць 2 малочныя таксі абавязкова. 

—Уручную можна няякасна памыць посуд, а машына ўсё ж такі гэта хутчэй памые і лепш, яшчэ і прадэзынфікуе, — аргументавала спецыяліст. — А гэта захаванасць пагалоўя, што самае галоўнае. Акрамя гэтага, у вёсцы ўсё менш і менш працуе людзей. І мы павінны зрабіць ім найперш камфортныя ўмовы. Мы рэкамендацыі і на сайце Мінсельгасхарча размясцілі, і ўсім разаслалі. 

  • У ходзе пленарнага пасяджэння былі заслуханы справаздачы прадстаўнікоў абласцей з дэманстрацыяй фота- і відэаматэрыялаў аб падыходах пры будаўніцтве прафілакторыяў. Дацэнт кафедры буйной жывёлагадоўлі і перапрацоўкі жывёлагадоўчай прадукцыі Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Марусіч расказаў пра ўтрыманне і кармленне цялят прафілакторнага перыяду. Намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Балашэнка акцэнтаваў увагу на будаўніцтве жывёлагадоўчых аб'ектаў па спрошчанай схеме. Наталля Соніч расказала пра выкарыстанне эндаскопа ў штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы і ўтрыманне нованароджаных цялят у ААТ «Нестановічы-Агра».

Удзельнікі высока ацанілі мерапрыемства. Генеральны дырэктар віцебскага племпрадпрыемства Фізулі Гасанаў паведаміў, што семінар вельмі карысны.

— Маразы вяртаюцца, і цяляты на вуліцы — гэта злачынства, — падкрэсліў ён. — Я думаю, што ад семінара будзе вялікая карысць, бо лепш адзін раз убачыць, чым што разоў пачуць. Наогул, такія семінары заўсёды патрэбны. Гэта вучоба. Цяпер яны сталі больш інтэнсіўна праводзіцца і гэта цудоўна.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Анатоль Гапонік заўважыў, што важна паглядзець тыя асаблівасці, якія ёсць у Магілёўскай вобласці і недзе прымяніць на сваёй тэрыторыі, каб выканаць даручэнне Прэзідэнта. У планах Гомельшчыны на 2026 год — пабудаваць 81 прафілакторый. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю