Top.Mail.Ru

У Хоцімскім раёне жыхары аграгарадка стварылі ўмовы для юных спартсменаў

Пляцоўка для будучых рэкордаў

У аграгарадку Забялышын Хоцімскага раёна настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, дэпутата Забялышынскага сельсавета Наталлю Жураўлёву натхнілі на ініцыятыву па будаўніцтве пляцоўкі «Даступны спорт» спартыўныя поспехі мясцовых школьнікаў. Толькі на абласных і рэспубліканскіх этапах спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» яны заваявалі за апошнія 10 гадоў сотні ўзнагарод — кубкамі застаўлена ўсё фае школы. Ініцыятыва трапіла ў лік пераможцаў і атрымала амаль 60 тысяч рублёў на рэалізацыю ад Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Урачыстае адкрыццё пляцоўкі адбылося мінулай восенню падчас раённых «Дажынак». Гэта быў доўгачаканы падарунак, асабліва для дзяцей.

Пляцоўка разлічана на аматараў здаровага ладу жыцця любога ўзросту, але стаўка зроблена на спартыўную моладзь — набылі трэнажоры, зроблена зона для варкаўта.

— Наш тытулаваны настаўнік фізкультуры і спорту Аляксандр Сцепчанка (ганаровы грамадзянін Хоцімскага раёна, «Найлепшы па прафесіі — 2023», «Чалавек года Магілёўшчыны — 2021», уладальнік медаля імя Ф. Скарыны, выбітная асоба, імя якой занесена ў «Кнігу славы Магілёўшчыны». — Заўв. аўт.) працуе з дзецьмі на вынік, сур’ёзна рыхтуе іх да спартыўных рэкордаў, — удакладняе Наталля Жураўлёва. — Ён добра ведае, якія трэнажоры неабходныя для развіцця тых ці іншых груп цягліц. І мы набывалі менавіта тыя, якія ён рэкамендаваў. Наш «спартыўны гарадок» стаў для школьнікаў добрым дапаўненнем да існуючых спартзалы і лыжаролернай трасы.

Школу ў Забялышыне, дзе рыхтуюць дзяцей для вялікага спорту, ведаюць ва ўсёй краіне. Ужо той факт, што абласная каманда па біятлоне, якая ўдзельнічае ў рэспубліканскіх спаборніцтвах для дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, амаль на 70 % складаецца менавіта з забялышынскіх школьнікаў, шмат пра што гаворыць. У аграгарадку ганарацца сваёй зямлячкай Марыяй Бараноўскай, якой нядаўна было прысвоена званне «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа» за паспяховае выступленне ў міжнародных спаборніцтвах па пажарна-выратавальным спорце.

Дарэчы, пляцоўка «Даступны спорт» — гэта працяг яшчэ адной ініцыятывы пад назвай «Планета дзяцінства», якая перамагла ў раённым конкурсе грамадскіх ініцыятыў у 2022 годзе. Гэтым разам быў зроблены больш грунтоўны і сур’ёзны спартыўны аб’ект.

— У нас няма такіх шыкоўных спартыўных збудаванняў, як у горадзе, але ў нашых дзяцей ёсць вялікае жаданне займацца спортам, і мы самі стварылі для іх умовы, — разважае Наталля Жураўлёва. — Пачалі дзейнічаць, і нас падтрымалі — і кіраўніцтва раёна, і абласны Савет дэпутатаў, і Магілёўская абласная асацыяцыя Саветаў мясцовых дэпутатаў, і раённыя арганізацыі. Калі б не было гэтага адзінства, ідэя так і засталася б марай. А разам мы — сіла.

Старшыня Хоцімскага райсавета дэпутатаў Яўген Нікалаенка звяртае ўвагу на тое, што забялышынская ініцыятыва вельмі ўсіх натхніла. Думка пра стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў сельскай школе, якая, лічы, на чыстым энтузіязме рыхтуе прызёраў і пераможцаў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, ужо даўно лунала ў паветры. Усё ўпіралася ў фінансы. Самастойна рэалізаваць праект было немагчыма, але конкурс грамадзянскіх ініцыятыў дапамог.

— Мы атрымалі вялікія сродкі, але ніводны рубель не быў патрачаны ўпустую, — кажа Яўген Нікалаенка. — Былі закуплены не абы-якія трэнажоры, а менавіта тыя, якія неабходны для падрыхтоўкі нашых спартсменаў. Усе згуртаваліся вакол ініцыятывы і ажыццявілі яе. І гэта стала прыкладам для іншых. Сёлета раён прапанаваў на конкурс аж 9 ініцыятыў. І нават калі не атрымаецца трапіць у лік пераможцаў, мы ўсё роўна будзем шукаць сродкі для рэалізацыі ўсіх праектаў. Летась, напрыклад, акрамя ініцыятывы па Забялышыне мы прапаноўвалі на конкурс яшчэ адну — вельмі прыгожую і рамантычную. Наш былы старшыня райвыканкама Геворг Мелканян прапанаваў зрабіць па вуліцы Камунараў Алею любові. Ідэю вельмі актыўна падтрымала моладзь. Але праект на конкурсе не перамог. І мы рэалізавалі яго за кошт сродкаў суботніка і абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Устанавілі ліхтары, розныя цікавыя лаўкі, скульптурныя кампазіцыі. Падключыліся ўсе арганізацыі раёна — і цяпер гэта адно з папулярных месцаў Хоцімска.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Наталлі ЖУРАЎЛЁВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю