Top.Mail.Ru
248

У Дрыбіне набірае абароты фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў

З сённяшняга дня і на працягу заўтрашняга ў сталіцы шапавалаў гучыць народная музыка, працуюць гандлёвыя рады, праводзяцца розныя конкурсы і забавы. Тут адзначаюць XIV Рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”


Праграма распісана літаральна па хвілінах. Не паспявае адно мерапрыемства закончыцца, пачынаецца другое. Сёння, напрыклад, усе фестывальныя падзеі прысвячаюцца дзецям. З раніцы назіралася ажыўленне каля возера «Кропелька», а потым свята ахапіла ўвесь цэнтр горада. Шмат удзельнікаў сабраў дзіцячы конкурс малюнка на асфальце «Добраўпарадкаванне вачыма дзяцей», фестываль фарбаў «Холі», дзіцячая дыскатэка і конкурс вакальнага майстэрства «Музычная капель». Працуюць дзіцячыя крамніцы, гульнявыя, інтэрактыўныя і спартыўныя пляцоўкі, фотазоны, праводзяцца майстар-класы. Вечарам адбудзецца дэманстрацыя фільма пад адкрытым небам «Гэта наша гісторыя» і адкрыццё маладзёжнага фестывалю — раённы этап рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Рэспублікі Беларусь «SuperПРОФІ-2025». З 20.00 і да апоўначы запланаваныя канцэрты і святочная дыскатэка.

Не менш насычаная суботняя праграма. Будуць працаваць горад майстроў, таржковыя крамніцы і падворкі, літаратурная гасціная, праводзіцца майстар-класы па народных промыслах і рамёствах, запрашаць гульнявыя атракцыёны. Адбудуцца ўрачыстая цырымонія адкрыцця «Віват, Таржкі-2025», тэатралізаваная сустрэча гасцей і экскурсія па падворках, святочнае шэсце гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, парад тэхнікі. На працягу дня публіку будзе забаўляць шоу хадулістаў. Яркай падзеяй стане гала-канцэрт творчых калектываў і гасцей фестывалю, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне ўдзельнікаў фестывалю. Вечар пачнецца пад спевы ўдзельнікаў канцэрта «Песні над Праняй». Затым на сцэну выйдзе беларуская спявачка Улада. Апагеем свята стане вогненнае шоу і святочны феерверк. Завершыцца фестываль святочнай дыскатэкай, якая будзе грымець да апоўначы.

— Гэты фестываль — візітоўка раёна, — падкрэсліла намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Наталля Дубікоўская. — Здаўна наш край славіўся вялікімі кірмашамі, на якія з’язджаліся людзі з розных месцаў. І традыцыя сустракаць іх на мытні захавалася на свяце. З яго пачынаюцца падзеі кожнага з фестывальных дзён. Прыемна, што сёлета ўдзел у нашым канцэрце бяруць 29 калектываў — у два разы больш, чым летась — амаль з усіх абласцей Беларусі, у тым ліку з Расіі — з Бельскага раёна. Да нас прыехала каля шасцідзесяці майстроў. Гэта ўсё сведчыць пра цікавасць да нашага свята, да народнай спадчыны. «Дрыбінскія таржкі» любяць і мясцовыя жыхары, і суседзі. Свята папулярызуе народную творчасць, промыслы, рамёствы

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта mogomc.by


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю