Top.Mail.Ru

У Чашніцкім раёне да абласных «Дажынак» адкрылі новае прадпрыемства

Новае прыватнае прадпрыемства — ТАА «Лукомльскі кансервавы завод» адкрылася ў самым маладым горадзе Беларусі Новалукомлі. Такі падарунак раёну да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2025», які прымае Чашніцкі раён, удалося зрабіць дзякуючы рэалізацыі ініцыятывы Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект». Кошт узвядзення кансервавага завода склаў больш за 18 млн рублёў. Акрамя ўласных сродкаў інвестара выкарыстаны прадастаўленыя дзяржавай ільготныя крэдытына суму больш за 13 млн рублёў. 



«Адкрыццё гэтага завода — падзея не толькі для Чашніцкага раёна, але і для ўсёй вобласці, — падкрэсліў Старшыня Палатя прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. — За год пабудаваць такое прадпрыемства — гэта выдатна! Гэта паспяховы прыклад беларускага бізнесу. Гэта ўклад у эканоміку вобласці, новыя працоўныя месцы». 

З’явіцца на Чашніччыне такой вытворчасці загадала сама прырода. Бо возера Лукомльскае, на беразе якога дыслакуецца прадпрыемства, — чацвёртае ў Беларусі па плошчы (больш за 37 кв. кіламетраў) і другое пасля Нарачы па аб’ёме вады — славіцца багаццем рыбных рэсурсаў. Вялізны вадаём перададзены новаму заводу ў арэнду. Летась сюды запусцілі рыбу — таўсталобіка і белага амура, зарыбленне праводзіцца сістэмна. Квота прамысловай здабычы рыбы прадпрыемствам на бягучы год складае 50 тон. Пасля перапрацоўкі яна з’явіцца на прылаўках беларускіх магазінаў.

1.1.jpg

Натуральную рыбную сыравіну на Лукомскі кансервавы будзе пастаўляць таксама ТАА «Каракморэпрадукт», пагадненне аб супрацоўніцтве з якім падпісана на XI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у Віцебску ў 2024 годзе.

«Прадпрыемства-партнёр размяшчае сваім флотам і вядзе здабычу рыбы — кеты, неркі, гарбушы — на поўначы Камчаткі ў экалагічначыстым рэгіёне, — адзначыў дырэктар ТАА „Лукомльскі кансервавы завод“ Анатоль Каросцін. — Дзікі ласось тут нерастуе ў натуральных прыродных умовах, што забяспечвае высокую якасць канчатковага прадукта. Згодна з заключанымі дагаворамі, на нашых вытворчых плошчах будзе вырабляцца прадукцыя, аналагаў якой няма на беларускім рынку. Мэтавымі рынкамі збыту будуць Беларусь і краіны Еўразійскага эканамічнага саюза». 

Шматфункцыянальны кансервавы завод арыентаваны на перапрацоўку прэснаводнай і марской рыбы, а таксама морапрадуктаў. На пачатковым этапе працы плануецца перапрацоўваць каля 70 тон сыравіны за месяц. Чакаецца, што з выхадам на поўную вытворчую магутнасць у год будзе выпускаццакаля 725 тон рыбных кансерваў і прэсэрваў». 

Кіраўнік паведаміў, што для ўзвядзення завода інвестару быў выдзелены зямельны ўчастак плошчай 2,8 гектара. Спецыялізаваны будынак узводзіўся з нуля — ад інжынерных камунікацый, свідравіны са станцыяй абезжалезвання вады, галоўнага корпуса з вытворчымі цэхамі плошчай амаль у 2 тыс. «квадратаў» — да складскіх памяшканняў і стаянак аўтатранспарту. Будаўніцтва пад ключ доўжылася з ліпеня 2024 года па жнівень 2025-га. Гэты комплекс адпавядае сучасным патрабаванням і стандартам, на заводзе ўстаноўлена выдатнае спецабсталяванне, халадзільныя сістэмы, створаны аптымальныя ўмовы працы.

1.2.jpg

На новым прадпрыемстве створана 44 працоўныя месцы, у перспектыве — па меры развіцця — колькасць персаналу можа павялічыцца да 70 чалавек. За апошнія гады ў раёне не стваралася ніводнай вытворчасці, гатовай прыняць на працу так шмат суіскальнікаў.

Дарэчы, у Віцебскай вобласці на 2025 год у рамках прэзідэнцкай ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» запланавана рэалізацыя 20 асноўных вытворчых праектаў з агульным аб’ёмам інвестыцый больш за 98 млн рублёў, а таксама 35 інфраструктурных праектаў з агульным аб’ёмам інвестыцый амаль 71 млн рублёў.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю