Top.Mail.Ru
Хутка Радаўнiца, за ёй — Дзень Перамогi. Сёлета гэтыя два знакавыя для беларусаў днi зусiм побач у календары, i гэта сiмвалiчна. Шануючы продкаў, даглядаючы iх магiлы, мы не можам не ўспомнiць тых, каму таксама, як i дзядам-прадзедам, павiнны сказаць дзякуй за жыццё. Тых, хто наблiжаў Перамогу, хто ваяваў за яе на франтах i ў партызанскiх атрадах, тых, хто стаў нявiннай ахвярай фашысцкiх нелюдзяў. Тых, хто загiнуў на нашай зямлi, каб мы на ёй жылi, таму мы iдзём на iх магiлы, як да сваiх родзiчаў. Даглядаем, прыбiраем, прыносiм кветкi. Гэта самае малое, што мы можам зрабiць, каб iм аддзячыць.

У нашай краiне няма нi аднаго занядбанага пахавання Вялiкай Айчыннай вайны. Апякуецца гэтым мясцовая ўлада, а яшчэ неабыякавыя людзi, якiя ведаюць i памятаюць.

З пачуццём адказнасцi i ўдзячнасцi

У Мсцiславе на Магiлёўшчыне народныя выбраннiкi ўзялi пад асабiсты кантроль усе воiнскiя пахаваннi ў раёне. Мэта акцыi «Дэпутаты памятаюць» — ахапiць усе без выключэння месцы, дзе пахаваны героi Вялiкай Айчыннай.

З дапамогай арганiзацый, моладзi, насельнiцтва народныя выбраннiкi рамантуюць помнiкi або ўстанаўлiваюць новыя, добраўпарадкоўваюць тэрыторыi, саджаюць кветкi. Адбываецца гэта масава i з настроем.

— Рэалiзацыя дэпутацкай iнiцыятывы па навядзеннi санiтарнага парадку i добраўпарадкаваннi воiнскiх пахаванняў набыла ў нас паўсюдны характар, — кажа старшыня Мсцiслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — Нашы дэпутаты выступаюць арганiзатарамi, а часам i галоўнымi выканаўцамi гэтых работ. Робiцца ўсё не дзеля «птушачкi», а з пачуццём адказнасцi i ўдзячнасцi перад героямi вайны. Iнiцыятыва iдзе ад сэрца, i людзi ахвотна яе падхоплiваюць.

У рамках акцыi дэпутат райсавета, старшыня Хадасоўскага сельсавета Анатоль Пруднiкаў навёў парадак на магiле лётчыка Аляксандра Iванавiча Жука, якая знаходзiцца на могiлках у вёсцы Тураўка. Мсцiслаўская цэнтральная бальнiца праводзiць работы па рамонце i добраўпарадкаваннi помнiка загiнулым воiнам у вёсцы Каробчына. Андраноўская сярэдняя школа абнавiла ў аграгарадку помнiк воiнскай славы. А школьнiкi аграгарадка Разанцы на чале з дэпутатам Вольгай Селiванавай навялi парадак на брацкiм пахаваннi ў вёсцы Аслянка.

Дэпутат Алена Зубкова арганiзавала работы па бягучым рамонце помнiка i добраўпарадкаваннi прылеглай тэрыторыi загiнулым воiнам-землякам у вёсцы Рожава. У аграгарадку Басценавiчы Капачоўскага сельсавета на прыборцы розных воiнскiх пахаванняў былi задзейнiчаны працоўныя ААТ «Бабушкiна крынка», дэпутат райсавета Сяргей Фядосаў разам з вучнямi Капачоўскай сярэдняй школай i актывам КОТГС.

Работнiкi паштовай сувязi добраўпарадкавалi брацкую магiлу ў вёсцы Каменка. Наведзены парадак на воiнскiм пахаваннi ў вёсцы Малькаўка.

Дзякуючы арганiзацыi «Бытавыя i палiграфiчныя паслугi» i дэпутацкаму корпусу распачаты работы па ўстаноўцы помнiка мiрным жыхарам, расстраляным 30 мая 1942 года ў вёсцы Несцерава.

— Пералiк месцаў прыкладання сiл нашых жыхароў вялiкi, — падкрэслiвае Алена Клеянкова. — На тэрыторыi раёна 68 воiнскiх пахаванняў. I дэпутаты памятаюць пра кожнае з iх.

Мемарыял у Сiтнiцкiм Двары i яшчэ 11 помнiкаў

Вёска Сiтнiцкi Двор Лунiнецкага раёна Брэсцкай вобласцi падзялiла лёс Хатынi — тут фашысты расстралялi i спалiлi жывымi 482 чалавекi. Дамы i пабудовы таксама спалiлi.

Праўда, пасля вайны вёска адрадзiлася. У 1953 годзе паставiлi абелiск у памяць аб трагедыi. Пазней быў узведзены мемарыяльны комплекс, якi з’яўляецца сiмвалам смутку, мужнасцi i стойкасцi беларускага народа.

— Кожную вясну сюды прыходзяць людзi, каб аддаць данiну павагi i памяцi, — расказвае старшыня Сiнкевiцкага сельскага Савета Вольга Клеўжыц. — Вось i ўчора вечарам зазiрнула сюды, убачыла машыны з вiцебскiмi, гомельскiмi нумарамi. Калi да вяскоўцаў едуць сваякi, яны найперш спыняюцца каля гэтага помнiка, бо ў кожнага тут ляжыць нехта з родных...

Паводле слоў кiраўнiка мясцовай улады, кожную вясну ў ваколiцах 12 помнiкаў падзеям вайны, якiя размешчаны на тэрыторыi сельсавета, наводзiцца парадак. Сёлета прыклад у добрай справе падаваў сенатар, генеральны дырэктар РУПП «Гранiт» Эдуард Гаўрылковiч. Працоўны дэсант у складзе прадстаўнiкоў названага прадпрыемства, прафсаюзных актывiстаў, моладзi прыбыў да помнiка. Спачатку ўшанавалi памяць хвiлiнай маўчання, усклалi кветкi, а потым узялiся за работу. Дарэчы, за вёскай Сiтнiцкi Двор ёсць некалькi помнiкаў, прысвечаных падзеям вайны. Кожнаму з iх удзялiлi ўвагу, прыбралi сухiя галiны i лiсце, пафарбавалi бардзюры i агароджу, разбiлi новыя клумбы.

— Мемарыял у Сiтнiцкiм Двары — асаблiвы для нас, — кажа Вольга Клеўжыц. — У нас прыгожыя мясцiны, цяпер усё пачынае квiтнець, а прыходзiш сюды — мароз бяжыць па скуры, бо ляжаць пад гэтымi плiтамi старыя i малыя... Хоць за кожным помнiкам замацаваны шэфскiя арганiзацыi, якiя iх даглядаюць, мы самi, прадстаўнiкi сельвыканкама, заўсёды працуем тут, наводзiм парадак, у тым лiку ўласнымi рукамi. Сёлета яшчэ далучыліся школьнiкi, прадстаўнiкi працоўных калектываў, нават вучнi Мiкашэвiцкай школы прыязджалi, каб дапамагчы ў гэтай рабоце. Так што ў Дзень Перамогi не сорамна будзе прыйсцi да любога помнiка, ускласцi кветкi, ушанаваць памяць.

«Наш святы абавязак»

На ўлiку ў Гарадоцкiм раёне знаходзiцца 97 воiнскiх пахаванняў i пахаванняў ахвяр Вялiкай Айчыннай вайны, на якiх знайшлi свой апошнi прытулак больш за 31 тысячу савецкiх салдат i афiцэраў, мiрных жыхароў. Работа па добраўпарадкаваннi гэтых месцаў, бягучым рамонце, падтрыманнi ў добрым выглядзе вядзецца пастаянна. Дзесьцi — сiламi сельскiх выканаўчых камiтэтаў, у iншых выпадках спонсарскую i фiзiчную дапамогу аказваюць арганiзацыi i ўстановы, якiя ўзялi шэфства над тым цi iншым аб’ектам.

Свой унёсак ва ўвекавечванне памяцi герояў Вялiкай Айчыннай робяць i неабыякавыя мясцовыя жыхары, для якiх словы «патрыятызм» i «ўдзячнасць» — не пусты гук. Адны выходзяць на суботнiкi, наводзяць парадак, а тыя, хто мае большыя магчымасцi, бяруцца за больш маштабную справу. Напрыклад, жыхар вёскi Вялiкiя Стайкi Вайханскага сельсавета Валянцiн Маскалёў за асабiстыя сродкi набыў i ўстанавiў новую агароджу на воiнскiм пахаваннi, якое размешчана ў яго вёсцы. Там пахаваны 368 воiнаў.

Усяго на тэрыторыi сельскага Савета знаходзяцца пяць воiнскiх могiлак i адно пахаванне ахвяр вайны. Да кожнага з гэтых памятных месцаў не зарастае народная сцяжына, да добраўпарадкавання актыўна падключаюцца школьнiкi, старажылы, прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый i ўстаноў. «Я ўдзячна жыхарам сельсавета за актыўнасць i ўдзел ва ўвекавечваннi памяцi аб загiнулых. Захаваць i перадаць наступным пакаленням гiстарычную праўду, расказаць аб подзвiгах салдат той вайны, з якой наш народ выйшаў пераможцам, — наш святы абавязак», — адзначыла старшыня Вайханскага сельскага Савета Лiлiя Грузневiч.

У памяць аб земляках

На тэрыторыi Каменскага сельсавета, што знаходзiцца на Лагойшчыне пад Мiнскам, акрамя помнiка рэспублiканскага значэння — мемарыяльнага комплексу «Хатынь» — налiчваецца яшчэ некалькi воiнскiх пахаванняў. Навядзенню чысцiнi i парадку на такiх важных аб’ектах мясцовыя ўлады ўдзяляюць асаблiвую ўвагу.

Помнiк землякам сельсавета — гэта адно з воiнскiх пахаванняў, размешчаных на тэрыторыi аграгарадка Камена. Яго стварылi ў далёкiм 1969 годзе дзеля ўшанавання памяцi 293 мясцовых жыхароў, якiя загiнулi ў Вялiкую Айчынную вайну на франтах i ў партызанах. Пазней сюды ж перанеслi i брацкую магiлу.

«Адзiн з першых суботнiкаў, якi адбыўся ў сакавiку, разам з мясцовымi жыхарамi, арганiзацыямi i сярэдняй школай мы правялi менавiта тут, — расказвае старшыня Каменскага сельсавета Аксана Жолудзь. — Але работы па навядзеннi парадку на зямлi мы праводзiм не толькi падчас рэспублiканскiх суботнiкаў i свят. Нават у звычайныя днi мы збiраемся каля воiнскага пахавання, каб прыбраць лiсце, выдалiць лiшнюю раслiннасць. А некалькi гадоў таму мы перарабiлi ўваходную дарожку, цяпер падтрымлiваем у належным стане прыступкi да манумента. Усё гэта мы робiм не таму, што нас абавязалi, а па поклiчы сэрца».

Дарэчы, гэта воiнскае пахаванне — адзiны ў Беларусi мемарыял Вялiкай Айчыннай вайны з драўлянымi помнiкамi на ўваходзе. «Яны былi пабудаваны ў 1975 годзе, i з тых часоў не страцiлi сваёй былой прыгажосцi. Мы iх падфарбоўваем, даглядаем, не даём знiкнуць важнай гiсторыi нашага краю. Наогул за воiнскiм пахаваннем замацавана наша Каменская сярэдняя школа, у якой сёння навучаецца больш за 70 чалавек, а таксама мясцовы клуб. Разам мы прыкладаем усе намаганнi, каб гэта памятнае месца заўсёды было дагледжана».

Усяго на тэрыторыi Каменскага сельсавета налiчваюцца сем воiнскiх пахаванняў. «Акрамя таго, на нашай тэрыторыi ёсць такiя пахаваннi, якiя патрабуюць правядзення пэўных даследчых работ, пасля чаго, магчыма, некаторыя будуць пераведзены ў пералiк воiнскiх пахаванняў. Сёння яны размешчаны на тэрыторыях грамадзянскiх могiлак, iх мы таксама даглядаем. Гэта наша работа i адказная задача, пастаўленая, напэўна, не толькi дзяржавай, але i Госпадам Богам, — захоўваць i аберагаць гiстарычную памяць», — падкрэслiла старшыня сельсавета.

Нэлi ЗIГУЛЯ, Святлана ЯСКЕВIЧ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Данiiл ХМЯЛЬНIЦКI
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю