Летась колькасць занятых у эканоміцы Беларусі грамадзян павялічылася на 10,4 тысячы чалавек і склала 4 мільёны 159 тысяч. Але не ўсе рэзервы яшчэ задзейнічаны. І нават пры наяўнасці вакансій асобныя беспрацоўныя не спяшаюцца ўключыцца ў стваральны працэс па ўмацаванні бюджэту краіны. Што гэтаму перашкаджае і як выправіць становішча? З гэтым разбіраліся ў Бабруйску на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі.
Дэталёвы аналіз і рэкамендацыі
На сустрэчу былі запрошаны старшыні абласных, гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў з усёй краіны. Бо хто, як не яны, ведаюць сітуацыю на месцах? Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што Савету Рэспублікі адведзена асаблівая роля каардынаваць дзейнасць дэпутацкага корпуса ўсёй краіны. І створаны пры ім Савет па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання іграе вельмі важную ролю ў рабоце над законапраектамі і тымі рашэннямі, якія прымаюцца ў парламенце. За апошнія два гады было праведзена пяць такіх сустрэч, на іх разгледжаны пытанні, якія датычыліся зямельна-маёмасных адносін, замацавання кадраў у сельскай мясцовасці, будаўніцтва жылых дамоў і інфраструктуры ў малых населеных пунктах, дзейнасці садовых таварыстваў. Па рэкамендацыях Савета зацверджана наменклатура спраў садовых таварыстваў, устаноўлены гранічна дапушчальныя тарыфы для насельніцтва па электрычнай энергіі, у тым ліку для садовых таварыстваў, з рэспубліканскага бюджэту выдзелены субвенцыі на фінансаванне расходаў па зносе непрыдатных для выкарыстання аб’ектаў і гэтак далей. «Пытанне занятасці і стан рынку працы будуць таксама дэталёва прааналізаваны», — падкрэсліла Наталля Качанава.
У Беларусі створана сур’ёзная прававая база работы з насельніцтвам у пытаннях працаўладкавання і занятасці. Ва ўсіх гарадах і раёнах функцыянуюць пастаянна дзеючыя камісіі па садзейнічанні занятасці, якія ўзначальваюць старшыні мясцовых Саветаў. І хаця сітуацыя на рынку працы Беларусі характарызуецца нізкім узроўнем беспрацоўя, ёсць грамадзяне, якім зручна не працаваць. Пры гэтым яны карыстаюцца
ўсімі тымі сацыяльнымі перавагамі, што і тыя, хто працуе.
— Гэта не проста праблема, гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці, стабільнасці і дабрабыту нашай краіны, — рэзюмавала Наталля Качанава. — Прэзідэнт краіны неаднаразова казаў, што аснова асноў — эканоміка. Яна — галоўная зброя ў сучасным свеце. А эканоміка — перш за ўсё працоўныя людзі. Будзе эканоміка — будзе і краіна.
Галоўная задача — максімальная падтрымка чалавека ў працаўладкаванні
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка звярнула ўвагу на тое, што пры росце ўзроўню занятых у сферы гандлю, інфармацыйных тэхналогій, індустрыі гасціннага бізнесу адбылося зніжэнне працоўных у прамысловасці. Сёння 15 тысяч прадпрыемстваў краіны маюць патрэбу ў работніках. Праблему прыходзіцца вырашаць у тым ліку за кошт мігрантаў. Летась іх у краіне працавала болей чым 48 тысяч чалавек. У асноўным гэта жыхары Туркменістана.
Старшыня Бабруйскага гарсавета Ірына Рынейская расказала, як праблема занятасці вырашаецца на прыкладзе Бабруйска. Яна звярнула ўвагу на тое, што ўзровень беспрацоўя па мінулым годзе склаў 0,2%, а колькасць вакансій перавышала колькасць беспрацоўных. Прычым найбольшая патрэба — 75% — была ў работніках рабочых спецыяльнасцяў.
— У нашым горадзе ідзе мэтанакіраваная работа па ўцягванні насельніцтва ў эканоміку, — падкрэсліла Ірына Рынейская. — Самая галоўная задача — максімальная падтрымка чалавека ў працаўладкаванні. Сёння ў горадзе прымаецца шэраг канкрэтных і сістэмных мер. Адзін з важных момантаў — стварэнне новых працоўных месцаў па розных прафесійных кірунках. Летась іх было створана больш за 750. Наша галоўная задача — забяспечыць па максімуме працаўладкаванне грамадзян, бо ў гэтым ёсць развіццё горада і яго эканомікі.
У краіне хапае інструментаў і механізмаў для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні. Для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, напрыклад, існуе бюджэтнае субсідзіраванне, для атрымання новай кампетэнцыі — перанавучанне.
У мэтах садзейнічання занятасці ў сельскай мясцовасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны забяспечвае фінансавую падтрымку беспрацоўных, гатовых пераехаць працаваць з горада ў сельскую мясцовасць. Было б толькі жаданне.
Апошнім часам дэпутатам у супрацоўніцтве з праваахоўнікамі, работнікамі сацыяльнага абслугоўвання, падатковых органаў атрымалася па максімуме актуалізаваць базы даных па беспрацоўі. Па некаторых кандыдатурах праводзіцца нават індывідуальная праца. Але, як паказвае практыка, рычагоў уздзеяння на грамадзян, якія не жадаюць працаваць, не хапае. Дэпутаты выказвалі канкрэтныя прапановы, каб палепшыць сітуацыю на рынку працы.
— Мы ўсе іх запішам у пратакол і накіруем у дзяржаўныя органы, — рэзюмавала Наталля Качанава. — Гэта кансалідаванае меркаванне дэпутацкага корпуса ўсёй краіны. Такія варыянты накіраваны на тое, каб матываваць людзей працаваць. А наогул трэба пачынаць як мага раней, больш увагі аддаваць ролі сям’і і сістэме адукацыі. Калі дзіця бачыць, што яго бацькі працуюць і чагосьці дасягаюць, яно таксама будзе імкнуцца быць падобным на іх.
Напрыканцы мерапрыемства старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц паведаміў, што чарговае пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні будзе прысвечана развіццю турыстычнага патэнцыялу краіны і адбудзецца ў Віцебскай вобласці.
— Гэта тэма адпавядае адной з задач, якую паставіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка пры звароце з пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу на Усебеларускім народных сходзе, — паведаміў Леанід Канстанцінавіч. — У найбліжэйшую пяцігодку плануецца павялічыць уклад турызму ў эканоміку краіны. На пастаяннай аснове будуць арганізоўвацца сустрэчы, праводзіцца семінары з удзелам дэпутатаў базавага, пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, умацоўвацца міжнародныя сувязі, у тым ліку ў рамках ХІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
У тэму
Намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Уладзімір Кніга:
— У Бабруйску вядзецца мэтанакіраваная работа з людзьмі, якія не працуюць, па ўцягванні іх у эканоміку горада. Да справы падключыліся ўсе суб'екты прафілактыкі, у тым ліку органы ўнутраных спраў. Праблема занятасці, на жаль, існуе. Горад мае патрэбу ў работніках працоўных спецыяльнасцяў. На той жа «Белшыне», дзе сёння працуе 6 тысяч чалавек, амаль пад 600 вакансій. У цэлым сітуацыя па горадзе паляпшаецца і колькасць занятых у эканоміцы горада расце.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА