Top.Mail.Ru

Трывалая тара для перавозкі па чыгунцы нафтапрадуктаў — пытанне не толькі якасці, але і бяспекі

Сёлета Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару па выніках работы за мінулы год. Ужо той факт, што прадпрыемства з невялікага райцэнтра на Магілёўшчыне паспяхова канкурыруе з расійскімі і кітайскімі вытворцамі, сведчыць пра многае. Тут робяць тару для чыгуначных саставаў. Здавалася б, што складанага ў вытворчасці цыстэрнаў, у якіх перавозяць нафтапрадукты? Але, трапіўшы непасрэдна на прадпрыемства, зразумелі, што гэта шматступенны працэс, і кантроль за якасцю на ўсіх этапах вытворчасці — важны яго складнік. Яно і нядзіўна, бо тут узнікае і пытанне бяспекі: уявіце, што здарыцца, калі мазут ці бензін з няякасна зробленай цыстэрны грузавога саставу ў вялікай колькасці выльецца побач з населеным пунктам, вадаёмам, сельгасугоддзямі...


Кантроль на ўваходзе...

Якасць прадукцыі на асіповіцкім прадпрыемстве адсочваецца з моманту паступлення запчастак і неабходных матэрыялаў да выхаду гатовай адзінкі ў эксплуатацыю.

— Асноўны наш від прадукцыі — нафтабензінавыя вагоны-цыстэрны, — расказвае намеснік дырэктара галоўны інжынер завода Мікалай Гулей. — Усе матэрыялы і камплектуючыя праходзяць уваходны кантроль. Матэрыялы правяраюцца на адпаведнасць якасці, правяраюцца дакументы, сертыфікаты, пашпарты. Уваходны матэрыял праходзіць шротаструменную ачыстку, што дазваляе пазбегнуць пытанняў па якасці лакафарбавага пакрыцця ў далейшым пры эксплуатацыі. Швы катла вагона-цыстэрны выпрабоўваюцца ўльтрагукавой дэфектаскапіяй у цэнтральнай заводскай лабараторыі. Потым кацёл падаецца на пазіцыю гідраўлічных і пнеўматычных іспытаў, выпрабоўваецца высокім ціскам на прадмет адсутнасці працякання.

У працэсе вытворчасці прадукцыя праходзіць не адну ступень кантролю. Апроч ультрагукавой дэфектаскапіі, праводзіцца яшчэ і рэнтгенаграфія кантэйнера-цыстэрны. Для гэтага набыты сучасны апарат, які даследуе «цела» катла і паказвае дэфекты.

Каб паглядзець, як ён працуе, адпраўляемся ў цэнтральную заводскую лабараторыю. У яе рабоце задзейнічаны шэсць чалавек. Усе супрацоўнікі — прафесіяналы, маюць сертыфікаты кампетэнтнасці. Лабараторыя акрэдытавана ў Беларускім дзяржцэнтры акрэдытацыі.


Непасрэдна «рэнтгенам» займаецца начальнік лабараторыі Кірыл Бязменаў.

— Новае абсталяванне прызначана для правядзення неразбуральнага кантролю, на ім мы ўсталёўваем аб’ект кантролю і праводзім рэнтген, — расказвае ён пра нюансы работы. — Мы бачым на экране зварное злучэнне, усе яго дэфекты, якіх яны памераў. Бачым нават, дзе зачышчалі злучэнне. Усе здымкі і пратаколы на кожны від вырабу захоўваюцца 45 гадоў.

... і на выхадзе

За якасцю прадукцыі на ўсіх этапах яе стварэння сочаць таксама спецыялісты аддзела тэхнічнага кантролю і бюро стандартызацыі, сертыфікацыі і кіравання якасцю. Бюро штогод праходзіць праверкі на адпаведнасць стандарту ІСО 9001. На заводзе існуе ўнікальны стэнд па нормах ІСО, які дазваляе выпрабаваць любы від буйнатанажнага кантэйнера або кантэйнера-цыстэрны. І нават канкурэнты з ліку расіян (а да санкцый — яшчэ і палякаў) прыязджалі ў Асіповічы на выпрабаванне сваёй прадукцыі.

Пасля прыёмкі аддзелам тэхнічнага кантролю прадукцыя праходзіць яшчэ адну праверку: калі гэта вагоны, то — спецыялістам канструктарска-тэхнічнага цэнтра Беларускай чыгункі, а калі буйнатанажныя кантэйнеры для марскіх перавозак, то — інспектарам Расійскага марскога рэгістра суднаходства.

Цікава ведаць, што ў Асіповічах ствараюць кантэйнеры не толькі для наземнага і марскога карыстання, але і для патрэб палярнікаў.

— На сёння адзін такі кантэйнер знаходзіцца ў нас у вытворчасці, а два мы ўжо адгрузілі ў Антарктыду, — удакладняе Мікалай Гулей. — Гэта серыйны кантэйнер, у якім прадугледжаны разагрэў грузаў.

Завод працягвае несці адказнасць за якасць прадукцыі нават тады, калі яна знаходзіцца ў эксплуатацыі. У аддзеле тэхнічнага кантролю ёсць спецыялісты па рабоце з рэкламацыямі. «Штомесячна робім справаздачы па рабоце з рэкламацыямі нашаму акцыянеру — Магілёўскаму аддзяленню БЧ», — удакладняе суразмоўнік.


Сёлета прадпрыемства стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Лідары прамысловасці Рэспублікі Беларусь — 2024» у намінацыі «Прадукт года» ў катэгорыі «Рост экспартных паставак».

Зваршчык — прафесія № 1

Дастаткова прайсціся па цэхах, каб зразумець, што гэта так. Там, дзе чалавеку цяжка падабрацца да месца зваркі, ён гэта робіць дыстанцыйна — з дапамогай рабатызаванай сістэмы. Назіраем, як майстар кіруе дзеяннямі вучня. З дапамогай аўтаматычнай лініі яны збіраюць ёмістыя абечкі — цыліндрычныя элементы цыстэрны. Захапляльны працэс.

— Падрыхтоўку кадраў і работу па павышэнні кваліфікацыі вядзём без адрыву ад вытворчасці, — расказвае Мікалай Гулей. — Усе нашы зваршчыкі праходзяць штогадовую атэстацыю, ім прысвойваецца індывідуальнае кляймо, кожны зваршчык абавязаны ставіць яго на сваю прадукцыю, а значыць, асабіста адказвае за яе якасць.

На вытворчасці асноўнай прадукцыі таксама задзейнічаны слесар механазборачных работ, слесар па зборцы металаканструкцый, маляр. А на нарыхтоўчым участку патрэбны вальцоўшчык, гібшчык металу, газарэзчык...

Да ведама: па выніках работы за мінулы год прадпрыемства было прэміравана за стварэнне 50 працоўных месцаў з высокім узроўнем зарплаты.

— Мы прымаем людзей падсобнымі рабочымі, і тут без адрыву ад вытворчасці вучым і прысвойваем прафесію, неабходную для працы на прадпрыемстве, — удакладняе Мікалай Гулей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Асіповічы

Чытайце таксама: Пабывалі на вытворчасці экалагічна чыстага транспарту

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю