Традыцыйны тыдзень работы ў сваёй Наваполацкай выбарчай акрузе № 24 дэпутат Палаты прадстаўнікоў імкнецца правесці як мага больш прадуктыўна
Напрыклад, пяць дзён — з 26 да 30 студзеня — змяшчаюць удзел у адкрытым дыялогу з моладдзю «Час канкрэтных спраў», сустрэчы з працоўнымі калектывамі ААТ «ААБ Беларусбанк», ПДУ імя Ефрасінні Полацкай, мясцовых цэнтральнай гарбальніцы, філіяла РУПЭ «Белтэлекам», цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама выезд на сельгаспрадпрыемства «Палімір-Агра», прамую тэлефонную лінію, асабісты прыём грамадзян і сустрэчы з імі па месцы жыхарства, маніторынг цэн у гандлёвых аб’ектах.
Тэмы сустрэч — самыя актуальныя на бягучы момант: вынікі УНС, пастаўленыя на ім задачы; міжнародная абстаноўка ў кантэксце захавання міру ў Беларусі; імкненне да эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці.
— З землякамі я гавару аб надзённым простай мовай, даводжу, што прынятыя дзесьці «наверсе» рашэнні і вектары развіцця ідуць ад жыцця, датычацца непасрэдна кожнага з нас, — заўважае Дзяніс Карась. — Прыйшоў да высновы, што самыя шчырыя і цікавыя думкі людзі выказваюць у неафіцыйнай абстаноўцы. Таму такім меркаванням разам з афіцыйнымі зваротамі ўдзяляю належную ўвагу, ніводнае пытанне, якое да мяне паступае, не застаецца без разгляду.
Разам з суразмоўцам разважаем аб тым, што кожнаму чалавеку яго асабістыя ўстойлівае матэрыяльнае становішча, бытавы і сацыяльны камфорт, бяспека яго сям’і і дзяцей важнейшыя за абстрактны агульны дабрабыт. Але наяўнасць свайго базавага мінімуму людзі часта ўспрымаюць як тое, што проста «павінна быць», не задумваючыся, што гэта і ёсць вынік унутранай палітыкі нашай дзяржавы, за якім стаіць штодзённая паслядоўная праца многіх людзей. Добрасумленнае выкананне сваіх працоўных, грамадзянскіх і іншых абавязкаў станоўча ўплывае не толькі на прыватны, але і на агульны вынік. Таму асабістае і глабальнае цесна ўзаемазвязаны.
Выбаршчыкі даверылі Дзянісу Карасю прадстаўляць свае інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў другі раз запар. Ён быў дэпутатам гэтага органа на сёмым скліканні, цяпер — на восьмым, з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. За гэты час садзейнічаў шэрагу станоўчых змяненняў, якія адбыліся ў яго акрузе.
— Усе добра ведаюць, што Наваполацк — флагман беларускай прамысловасці: у горадзе працуе больш за 100 прадпрыемстваў розных форм уласнасці — ад найбуйнешага ААТ «Нафтан» да маленькіх фірм, — нагадаў дэпутат. — Таму выбаршчыкаў непакоіла экалагічнае становішча ў горадзе-статысячніку.
І паглядзіце, якія вялікія крокі зроблены ў гэтым кірунку толькі за апошні час: транспарт грамадскага аўтапарка ў значнай ступені заменены на электрычны. Забягаючы наперад, скажу, што атрымае жыццё праграма развіцця трамвайнага руху. Здадзены ў эксплуатацыю рэгіянальны комплекс па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Насельніцтва актыўней выступае з ініцыятывамі па правядзенні экалагічных акцый.
Дзяніс Карась і сам станавіўся ўдзельнікам суботнікаў у так званым Вымяральніцкім лесе, на які звярталі ўвагу тыя, хто прыходзіў на прыём да дэпутата. Гэты прыгожы, але раней запушчаны лясны масіў паблізу ААТ «Вымяральнік» намаганнямі мясцовых арганізацый і грамадзян летась ператвораны ў зону культурнага адпачынку: яго вычысцілі ад хмызняку і буралому, уладкавалі пешаходныя дарожкі і асвятленне, а напрыканцы развесілі кармушкі для птушак і запусцілі некалькі сем’яў вавёрак. Прыемна прагуляцца! Мясцовая ўлада і прадстаўнікі дэпутацкага корпусу гатовыя падтрымаць перспектыўныя прапановы ці грамадзянскія ініцыятывы насельніцтва.
— Падчас размоў з выбаршчыкамі я пастаянна падкрэсліваю, што мая асноўная работа ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў заключаецца ў нарматворчасці, — тлумачыць народны выбраннік. — Гэта дзейнасць накіравана на ўдасканаленне заканадаўства, спрашчэнне шэрагу адміністрацыйных працэдур і зносін паміж суб’ектамі гаспадарання, а таксама грамадзянамі. Задача парламентарыяў падчас работы ў выбарчых акругах заключаецца ў тым, каб праверыць, як законы працуюць на месцах, і данесці, што патрабуе ўдасканальвання.
Дэпутаты разлічваюць на звароты, якія выяўлялі б пэўныя пралікі ў заканадаўчай базе і ўстараненне якіх мела б грамадскую значнасць. Нярэдкія выпадкі, калі людзі, раней не звяртаючыся ў профільныя арганізацыі, не спрабуючы вырашыць асабістыя пытанні па інстанцыях, ідуць адразу да дэпутата. Калі патрабаванні законныя, аб праблеме для яе наступнага вырашэння паведамляецца ў паўнамоцныя арганізацыі — іншых рычагоў уплыву ў членаў парламента няма, як і грашовай скрыні на фінансаванне пэўных праектаў. Дарэчы, з практыкі вынікае, што прыватныя пытанні грамадзян вырашаюцца станоўча і аператыўна. Іншы ж раз народныя выбраннікі вымушаны нагадваць, што нельга кіравацца толькі сваімі «хацелкамі», бо правы аднаго заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы другога.
— Я сапраўдны навапалачанін, — сцвярджае суразмовец. — Адметнасцю любімага горада лічу не толькі тое, што тут дзейнічаюць шматлікія вытворчыя арганізацыі, дзе людзі атрымліваюць добрую зарплату, але і тое, што тут створана выдатная інфраструктура: шматлікія гандлёвыя пункты крокавай даступнасці, аб’екты культуры, аховы здароўя і спорту. Сфера адукацыі прадстаўлена ўстановамі ад дзіцячых садкоў да ВНУ. Ёсць умовы, каб працаваць, ствараць сем’і і нараджаць дзяцей, рэалізоўвацца ў любой сферы, развівацца, бавіць вольны час.
Горад актыўна разрастаецца. На дадзены момант заканчваюцца плошчы пад забудоўлю на левым беразе Заходняй Дзвіны. У перспектыве трэба асвойваць правы яе бераг, а гэта прадугледжвае будаўніцтва яшчэ аднаго моста, перанос камунікацый на супрацьлеглы бок, стварэнне і развіццё новых мікрараёнаў.
— Я лічу, што мне пашчасціла нарадзіцца і жыць у краіне, якая стала эталонам усяго выдатнага, што толькі можа быць на зямным шары. Спачатку гэта была БССР, цяпер — Рэспубліка Беларусь. У нашай дзяржаве ўсё арыентавана на паляпшэнне якасці жыцця чалавека, — сцвярджае Дзяніс Карась. — За доўгі час, амаль чвэрць стагоддзя, работы на «Нафтане» і цяпер у Палаце прадстаўнікоў я сустракаў і працягваю сустракаць выдатных людзей. Гэта патрыёты, энтузіясты, прафесіяналы, разумныя, дасціпныя, творчыя асобы. Наша адзінства ў прытрымліванні курсу, намечанага нашым нацыянальным лідарам, нашым Прэзідэнтам, яшчэ больш умацуе Беларусь.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц