Сваю радзіму, невялікі Гарадок паблізу ад Віцебска, яна абрала пастаянным месцам жыхарства свядома, хаця пасля атрымання прафесійнай адукацыі харэографа пачынала працаваць у абласным цэнтры. Вярнулася дадому і лічыць, што правінцыя — паняцце выключна геаграфічнае. Быць жа інтэлігентам можна і ў глыбінцы. Галоўнае — працаваць для развіцця, ствараць, не цурацца глыбіннай спадчыны продкаў, працягваць іх традыцыі, зацвярджаючы: у нас ніколькі не горш, чым у іншых.
— Мая галоўная любоў на працягу больш за 25 гадоў — менавіта беларускі народны танец, — прызнаецца дзяўчына. — Ён даволі цяжкі з пункту гледжання тэхнічнага выканання, але на сваёй мове расказвае, што мы, беларусы, працавітыя і сціплыя, дасціпныя і вясёлыя. Такімі выхоўваю юных танцораў.
Летась калектыў «Задорынкі» Гарадоцкай ДШМ імя І. Серыкава, якім кіруе Таццяна Осіпава, атрымаў званне «Узорны аматарскі калектыў». Тут у трох узроставых групах займаецца больш за 70 дзяцей.
Наша гераіня стаяла каля яго вытокаў, стварыўшы дзіцячы калектыў-спадарожнік заслужанага аматарскага калектыву народнага ансамбля песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага РЦК. Таццяна і сама заўзята танцавала ў ім пад кіраўніцтвам балетмайстра, свайго настаўніка і цяперашняга паплечніка Наталлі Тарасавай.
У далёкім 1974-м гэты ансамбль заснаваў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Іван Серыкаў. Менавіта яго імя сёння носіць школа мастацтваў, а ў Гарадку ладзіцца прысвечанае яго памяці абласное свята-конкурс харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі».
— У рэпертуары і «Яблынькі», і «Задорынак» многа нумароў у пастаноўцы мэтра: «Вяночкі», «Закаблукі», «Кірмаш», «Расхадуха-барыня», «Расшугалец», але асваенне значнай часткі яго харэаграфічнай спадчыны яшчэ наперадзе, — гаворыць Таццяна.
Дарэчы, у яе багажы — перамога ў рэспубліканскім конкурсе «SuperПРОФИ», угаранаванне званнем «Чалавек года Віцебшчыны». Дзяўчына нос не задзірае, працягвае добрасумленна рабіць сваю творчую справу, а ўжо вынікі, як і сама Таццяна, упрыгожваюць яе радзіму.
Святлана ЯКАЎЛЕВА