Top.Mail.Ru

Ісачанка: «Там, дзе ўсё арганізавана, праблем няма»

У размове з журналістамі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка паведаміў, што Кіраўнік дзяржавы падчас даклада цікавіўся менавіта тым, якія ёсць праблемы, недапрацоўкі. Асаблівая ўвага была ўдзелена сельскай гаспадарцы. 



— У цэлым рэгіён забяспечаны кармамі і камбікармамі ў поўным аб’ёме, нашы вытворчыя магутнасці па вытворчасці камбікармоў загружаны на 100 працэнтаў, нават крыху больш, працуем. Збожжа ёсць, дабаўкі купляем, прадпрыемствы працуюць у некалькі змен, і фінансава яны становяцца больш устойлівымі. З улікам маразоў павялічылі рацыён для кармлення жывёл, прынялі ўсе меры, перавялі цялят у памяшканні, — расказаў губернатар. 


На жаль, у вобласці на 30 % да ўзроўню мінулага года павялічыўся падзеж жывёлы. 

— Гэта не звязана з марозам, гэта элементарнае незахаванне тэхналогій і безгаспадарлівасць, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — Падзеж зафіксаваны ва ўсіх раёнах, але найбольшае павелічэнне ў трох — у Глускім, Шклоўскім і Бабруйскім. Створаны мабільныя групы, якія працуюць непасрэдна на месцах, выязджаючы ў гаспадарку, аказваючы рознага роду дапамогу, пачынаючы ад захавання тэхналогій, заканчваючы кармамі. Акрамя таго, у гаспадарках арганізавана дзяжурства па начах. Адным словам, увесь рэсурс задзейнічаны.


Анатоль Ісачанка нагадаў, што ў вобласці распрацавана Стратэгія развіцця АПК, дзе прадугледжана будаўніцтва прафілакторыяў, новых ферм і перавод усёй жывёлы, якая змяшчаецца на прывязным утрыманні, на беспрывязнае. 

— Нам трэба пабудаваць за пяцігодку 83 аб’екты, — удакладніў ён. — З іх каля 20 — гэта новае будаўніцтва, 63 — рэканструкцыя. Мы будзем мець каля 200 МТК, дзе будзе змяшчацца ўсё наша пагалоўе. Вось сёлета ў нас задача пабудаваць недзе 11 малочнатаварных комплексаў — ужо ёсць фінансаванне, ёсць праектная дакументацыя, і мы пачалі выкананне гэтай работы. Акрамя таго, будзе ўзведзена 43 прафілакторыі для цялят. Усё неабходнае ёсць, прынята адпаведная пастанова ўрада, усё адпрацавана і ўжо ўсе кіраўнікі ведаюць месцы, дзе будуць будаваць, адкуль будуць паступаць матэрыялы. Такія Стратэгіі прыняты на ўзроўні кожнага раёна рашэннямі райвыканкама, усе пункты ў частцы паляпшэння або павелічэння прадукцыі адпрацаваны. Ёсць пытанні па тэхналогіі і іх трэба шліфаваць. 


Анатоль Ісачанка ўдакладніў, што пабудаваныя комплексы даюць станоўчы вынік — там сапраўды павялічыліся ўдоі, ёсць эканоміка і людзям больш камфортна працаваць. Губернатар паведаміў таксама, што Прэзідэнту было даложана аб ходзе работ па будаўніцтве сельгастэхнікі і аб рамонце сельгасхіміі для захоўвання мінеральных угнаенняў у Шклове. Дарэчы, будаўніцтва і рэканструкцыя гэтых аб’ектаў, як і будаўніцтва малаказавода, вядзецца ў Шклове ў рамках даручэння Кіраўніка дзяржавы.

— У гэтым годзе — малаказавод да канца года, а сельгастэхніка ўжо вясной — запрацуюць, — падкрэсліў губернатар. — Што датычыцца базы сельгасхіміі, то яна не пераставала працаваць, там паэтапна рамантуюцца складскія памяшканні. Акрамя таго, улічваючы досвед работы нашых мехатрадаў, плануем на базе сельгасхіміі стварыць атрад для ўнясення мінеральных угнаенняў і работы з ядахімікатамі. Тэхніку неабходную закупілі. Такія базы павінны працаваць не на адзін раён, а і на бліжэйшыя. Таму што гэта вялікія грошы, вялікія аб’ёмы і яны павінны быць задзейнічаны.


Анатоль Ісачанка заўважыў, што маразы не заспелі сельгасгаспадаркі знянацку. 

— Там, дзе ёсць гаспадар, там, дзе ёсць арганізацыя працы, там праблем няма,— аргументаваў ён. — Усе пытанні заключаюцца ў кіраўніку, у арганізацыі працы. Там, дзе ўсё арганізавана, праблем няма. І ёсць у нас гаспадаркі, дзе няма падзяжу жывёлы, яны працуюць стабільна, расце вытворчасць малака. Справа ў дысцыпліне. Іншых пытанняў няма. Нашы мясакамбінаты загружаны па мясе практычна на 90 %. Уся жывёла, якую мы вырошчваем у нашых гаспадарках, паступае на нашы прадпрыемствы, перапрацоўваецца і рэалізоўваецца. Акрамя гэтага, вядома, працуе сістэма спажыўкааперацыі, дзе таксама ў нас створаны апорныя цэнтры, куды мы пастаўляем жывёлу, ну і плюс перапрацоўчыя прадпрыемствы саміх гаспадарак. Яны сертыфікаваныя, вырабляюць прадукцыю, прадаюць.


Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю