Добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак і месцаў масавага адпачынку, рамонт воінскіх пахаванняў, стварэнне спартыўных аб’ектаў, уладкаванне крынічак — у Магілёўскай вобласці зроблена шмат карысных і важных спраў па ініцыятыве і непасрэдным удзеле жыхароў. І гэты стваральны працэс працягваецца. Гарадскімі і раённымі Саветамі дэпутатаў падчас падвядзення вынікаў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, што праводзіць абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў, падтрыманы 18 найбольш значных ініцыятыў, якія будуць прафінансаваны з бюджэту.
У шэрагу раёнаў адбудзецца рамонт або рэканструкцыя помнікаў загінулым землякам і воінам. Фінансавую падтрымку атрымала клічаўская ініцыятыва «Трагедыя на Пакровы». Ва ўрочышчы Лясное ў Клічаўскім раёне ў 1941 годзе фашысты знішчылі некалькі соцень яўрэяў. За сродкі, сабраныя жыхарамі і выдзеленыя па лініі бюджэту, будзе адрамантаваны помнік у памяць аб гэтай трагедыі каля вёскі Паплавы.
А жыхары аграгарадка Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна атрымалі магчымасць капітальна адрамантаваць помнік землякам, якія не вярнуліся з вайны.
— У населеным пункце жывуць перасяленцы з некалькіх чарнобыльскіх вёсак, — удакладніла старшыня Касцюковіцкага райсавета дэпутатаў Ларыса Герасімава. — Помнік, на які нанесены прозвішчы іх гераічных продкаў, быў зроблены даўно і ўжо прыйшоў у аварыйны стан. Людзі выказалі жаданне яго абнавіць. І гэта ініцыятыва атрымала падтрымку.
У Хоцімску ініцыятыўная група прапанавала зрабіць у гарадскім пасёлку некалькі лакальных месцаў для адпачынку.
— Наш гарадскі пасёлак невялікі, гарадскога транспарту няма, і пенсіянеры перыядычна звярталіся з прапановамі зрабіць для іх так званыя пункты прыпынку, — расказаў старшыня Хоцімскага райсавета дэпутатаў Яўген Нікалаенка. — Вырашана пабудаваць як мінімум тры альтанкі з лаўкамі і ўрнамі для смецця. Жыхары ахвотна прагаласавалі за гэту ідэю рублём.
Ініцыятарам праекта па стварэнні арт-лакацыі «Месца прыцягнення закаханых» у Крычаве стаў Маладзёжны савет пры раённым Савеце дэпутатаў. Прапанавана зрабіць прыгожы аб’ект на тэрыторыі палаца Пацёмкіна. Улічваючы, што ў палацы знаходзіцца ЗАГС, лепшага месца немагчыма было і знайсці. Мясцовая моладзь выказалася за праект аднагалосна.
Яшчэ адзін маладзёжны праект, які быў падтрыманы, — «Слаўныя імёны зямлі Слаўгарадскай». Вырашана стварыць мемарыяльную зону ў гарадскім парку — адрамантаваць пешаходныя дарожкі, устанавіць сучаснае асвятленне, размясціць інфармацыйныя стэнды аб земляках.
— Гэта своеасаблівы працяг ініцыятыў, рэалізаваных раней, «Сувязь часоў і пакаленняў» і «Тут вытокі Прапойска — Слаўгарада», — паведаміла старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Святлана Язерская. — Наша моладзь выказалася за захаванне памяці аб тых людзях, якія зрабілі ўнёсак у развіццё старадаўняга Прапойска, пасля вайны атрымаўшага назву Слаўгарад, і пакінулі свой след у гісторыі. Тым больш што сёлета наш горад адзначае 890-годдзе свайго існавання.
Будзе таксама прафінансаваны праект «Размалюем свет ярчэй», накіраваны на добраўпарадкаванне дзіцячага парку ў Мсціславе. З’явіцца акультураная зона для масавага адпачынку ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Больш функцыянальнымі стануць пляцоўка «Сэрцу мілы куток» у вёсцы Заполле Бялыніцкага раёна і дзіцячая лакацыя ў Круглым.
— Усяго на рэалізацыю грамадзянскіх праектаў будзе выдаткавана 550 тысяч беларускіх рублёў, — падкрэсліла дырэктар асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Настасся Канавалава. — Гэта тыя ініцыятывы, якія былі заяўленыя жыхарамі і фінансава падтрыманыя імі ў памеры 10 % ад агульнага кошту. Ацэнка грамадзянскіх ініцыятыў праводзілася на аснове актуальнасці, значнасці, інавацыйнасці і для паляпшэння якасці жыцця.
— Удзел у конкурсе становіцца ўсё больш папулярны сярод насельніцтва вобласці, што сведчыць аб узрослай цікавасці да грамадскай дзейнасці і жаданні ўплываць на паляпшэнне якасці жыцця ў сваім рэгіёне, — лічыць член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. — Кожная ініцыятыва — гэта ўнёсак у агульную справу, магчымасць зрабіць наш рэгіён лепшым і камфортным для жыцця. Конкурсны адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Магілёўскай вобласці працягвае садзейнічаць развіццю дыялогу паміж уладай і грамадствам, стымулюючы актыўнасць і ініцыятыўнасць жыхароў рэгіёна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў