З надзеяй на добры ўраджай
Сяўба на Чашніччыне сёлета пачалася 17 сакавіка. На бягучы момант яравымі засеяна больш за 2300 гектараў, у тым ліку пшаніцай — 801, ячменем — 435, аўсом — 700, зернебабовымі — 420 гектараў. Працягваецца сяўба адналетніх культур, нядоўга чакаць сваёй чаргі і кукурузе.

Падрыхтаваліся загадзя
Адсеяцца ў аптымальныя, нават сціслыя, тэрміны дазволіў вельмі адказны падыход да вясенне-палявой кампаніі.
— Значная работа па пераворванні глебы на зіму была праведзена мінулай восенню. Паколькі ў раёне няма мясцовага райаграсэрвіса, па дапамогу ў вывазцы і ўнясенні арганікі пад яравую сяўбу звярталіся ў ААТ «Аршанскі райаграсервіс», і суседзі своечасова падставілі плячо, — тлумачыць першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Чашніцкага райвыканкама Галіна ДАВІДОВІЧ. — Да пачатку сяўбы адрамантавалі і падрыхтавалі ўсю тэхніку, якую планавалі задзейнічаць на палях.
Да таго ж у раён прыйшлі тры новыя энерганасычаныя трактары «Беларус-3522». Усяго ва ўмоўным мехатрадзе раёна 150 трактароў, з якіх 30 — энерганасычаныя. У «гарачыя» дні на палях шчыравала каля 70 адзінак тэхнікі — па колькасці механізатараў, занятых непасрэдна на сяўбе. Доўга не раскачваліся: адны з першых у вобласці пачалі падкормку азімых культур і сяўбу яравых.

У дзве змены
Сёлета ў практыку ўпершыню былі ўведзены другія, начныя, змены пры падрыхтоўцы глебы пад сяўбу.
— Калі асноўны механізатар працаваў на трактары з сямі гадзін раніцы да сямі вечара, то потым, з сямі вечара да шасці раніцы, яго змяняў калега — ёсць жа тыя, чыя тэхніка на рамонце, ці тыя, хто завяршыў, скажам, падкормку азімых мінеральнымі ўгнаеннямі і часова свабодны, — расказвае галоўны аграном ААТ «Праземле-Агра» Максім СКРАБНЕЎСКІ. — Мужчыны пагаджаліся. Такі графік захоўваўся літаральна некалькі дзён, а вынік атрымаўся адчувальны.
Дарэчы, начныя змены — адзін з фактараў, чаму раён абышоўся на сяўбе выключна сваімі сіламі, без прыцягнення механізатараў з іншых арганізацый.
Галіна Давідовіч адзначыла асабліва дружную, зладжаную работу ўсіх сельгасарганізацый раёна.
Яны стараліся ісці на роўных: каб нехта не дужа выбіваўся наперад, а іншы не адставаў, перакідвалі тэхніку да суседзяў на гатовыя да правядзення агратэхнічных мерапрыемстваў участкі. Гэта спрыяла добраму маральнаму настрою. Райсельгасхарч распрацаваў адзіныя для ўсіх гаспадарак расцэнкі і палажэнне аб мерах матэрыяльнага стымулявання механізатараў. Механізм адкрыты, даведзены да сейбітаў, таму кожны з іх ведае, колькі прыкладна зарабляе за рабочую змену пры ўмове выканання плана — ад 200 рублёў. Задаволены аграрыі і забеспячэннем сытнымі гарачымі абедамі, з сабой хіба што кава ў тэрмасах.
Каб забяспечыць кармамі
Ва ўмовах земляробства Чашніцкага раёна асноўная стаўка робіцца на азімыя збожжавыя культуры, мінулай восенню яны былі пасеяны на плошчы больш за 5 тысяч гектараў.
— Мы маем на мэце сёлета атрымаць сярэднюю ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых не менш за 25 цэнтнераў з гектара, — дзеліцца планамі Галіна Давідовіч. — Для гэтага вынайшлі сродкі ў мясцовым бюджэце на сартавое аднаўленне, набыццё элітнага насення, насення першай рэпрадукцыі і вясною засеялі ім 30–35 % плошчаў.
Як і іншыя аграрыі паўночнага рэгіёна, чашнічане павялічваюць пасяўныя плошчы пад кукурузу. Калі летась яна займала ўсяго каля 3 тысяч гектараў, то ў гэтым годзе зойме каля 4,8 тысячы гектараў на сілас і 1,2 тысячы гектараў на зерне. Гэта культура разам з адналетнімі травамі стане трывалым фундаментам кармавой базы для грамадскага статка. Дарэчы, травы таксама пачалі падсяваць ранняй вясной, гэтыя работы належыць выканаць на плошчы 2,4 тысячы гектараў — цяпер выкананне складае больш за палову. З мясцовага бюджэту выдзелена 360 тысяч рублёў на набыццё насення люцэрны, яшчэ каля 100 тысяч рублёў уласных сродкаў на гэтыя патрэбы выдаткавалі самі сельгасарганізацыі.

Адной камандай
Адметна, што апошнім часам у раён ахвотна едуць на работу спецыялісты і кіраўнікі з Міншчыны, уключаючы саму Галіну Давідовіч. Сярод іх — маладыя кіраўнікі ААТ «Праземле-Агра» Віктар КУЛАКОЎ і ААТ «Іванскі-Агра» Арсеній ХАРОЛЬСКІ. Прадстаўнікі цэнтральнага рэгіёна прыўносяць у работу адказнае стаўленне да культуры земляробства: па іх патрабаваннях і пад іх наглядам ажыццяўляецца неабходны поўны цыкл апрацоўкі глебы, захоўваецца тэхналагічная дысцыпліна. Некаторыя асаблівасці новай мясцовасці даводзіцца спасцігаць непасрэдна на практыцы. Пра іх яскрава расказалі механізатары Дзмітрый СЕЛЯДЗЕЦ і Сяргей САДОЎСКІ:
— Калі на Чашніччыну ехалі перасяленцы з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС мясцін, ведаеце, што ў іх скарбе найбольш здзіўляла мясцовых жыхароў? Яны цягнулі з сабой... камяні ў якасці цяжару для саленняў. На Гомельшчыне яны куплялі іх за грошы, а ў нас гэта «багацце» палі самі штогод нараджаюць, нават у назвах урочышчаў гэта адлюстроўваецца: Каменка, Камянец... Такія ўжо асаблівасці нашай зямлі. Як і драбнаконтурнасць палёў, вымачкі, што перашкаджаюць весці сяўбу, — да іх даводзіцца пакідаць пад’езды, вяртацца, каб засеяць, калі нізіны падсохнуць.
Мужчыны, якія працуюць у счэпцы, адзначылі, што сяўбу-2026 вядуць з задавальненнем: спрыяюць надвор’е, добра падрыхтаваныя тэхніка і навясныя агрэгаты, забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі і насеннем, перспектыва зарабіць нядрэнныя грошы і ў цэлым арганізацыя працы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара