Top.Mail.Ru

Судовыя эксперты здзейснілі патрыятычную экспедыцыю ў Слаўгарадскі раён

Для магілёўскіх судэкспертаў гэта ўжо чацвёрты падобны паход па месцах баявой славы. Пешшу яны пераадолелі маршрут працягласцю 25 кіламетраў. Экспедыцыя была прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.


— Удзел у экспедыцыі прынялі афіцэры і работнікі ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення

ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — На чале з начальнікам упраўлення палкоўнікам юстыцыі Яраславам Іосіфавічам Федарынчыкам яны прайшлі ад вёскі Лапацічы да аграгарадка Лясная, дзе падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе адбылася бітва рускай арміі пад камандаваннем Пятра I са шведскім войскам. На мемарыяльным комплексе ў памяць аб перамозе рускіх салдат адбыўся мітынг, у якім прыняло ўдзел і кіраўніцтва Слаўгарадскага райвыканкама. Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да памятнага знака воінскай славы «Рускі арол», наведалі Свята-Петрапаўлаўскі храм і музей, дзе пачулі цікавыя факты пра бітву пад Лясной. Перанесціся ў той далёкі час дапамагла рэканструкцыя бою рускіх са шведамі.

З Лясной удзельнікі паходу адправіліся ў вёску Рабавічы, дзе ўсклалі кветкі да мемарыяла Героя Савецкага Саюза Пятра Панамарова. 19-гадовы чырвонаармеец геройскі загінуў пры вызваленні Слаўгарадскага раёна ў 1943-м годзе. У Рабавічах судэксперты таксама ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар ахвяр нацысцкага рэжыму з ліку мірных жыхароў і ваеннапалонных. А на месцы імправізаванай партызанскай яны здзейснілі прывал, азнаёміліся з бытам партызан, паспрабавалі ежу, якой «лясныя байцы» харчаваліся ва ўмовах нямецкай акупацыі. 

— Нашы патрыятычныя экспедыцыі маюць вялікае выхаваўчае значэнне, — адзначыла Ірына Рачкоўская. — Падчас іх адбываецца знаёмства з гісторыяй Радзімы, ушаноўваецца памяць тых, хто змагаўся за яе незалежнасць, падымаецца прэстыж афіцэрскага звання. А маляўнічыя краявіды беларускай прыроды, яе прыгажосць з’яўляюцца яшчэ адным напамінам пра тое, якая цудоўная ў нас спадчына. І мы нясем вялікую адказнасць за яе захаванне перад будучымі пакаленнямі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва ДКСЭ па Магілёўскай вобласці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю