Top.Mail.Ru

Суботнік па закліку сэрца

12 красавіка ўся краіна выйдзе на Рэспубліканскі суботнік. Як правіла, праходзіць ён масава, арганізавана, рэзультатыўна. Людзі працуюць з ахвотай: талака — наша, беларускае слова, а навесці парадак, зрабіць месца, дзе жывеш, прыгажэйшым, можна сказаць, — нацыянальная традыцыя. Таму многія, акрамя ўдзелу ў важным мерапрыемстве рэспубліканскага маштабу, ладзяць, вобразна кажучы, суботнікі па закліку сэрца. Дзякуючы нераўнадушным энтузіястам, збіраюцца самі, працуюць разам, робяць сваю радзіму чыстай і ўтульнай. І так па ўсёй краіне, у чым і пераканаліся нашы карэспандэнты.


Працуе да 100 чалавек

Старшыню Папінскага сельскага Савета Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці Святлану ДЫШКО застаць у кабінеце аказалася справай няпростай. Вось і гэтым разам яна адказала на званок, адставіўшы ўбок граблі:

— Вясна, настрой рабочы, стараемся максімальна выкарыстаць пагодныя дні, — гаворыць старшыня. — Сёння (4 красавіка. — Аўт.) у Новай Папіне працуе каля 100 чалавек. Прыбіраем, фарбуем, упрыгожваем. Нядаўна паставілі новую агароджу на могілках, устанавілі некалькі лавак у цэнтральнай частцы вёскі. Усё набыта за кошт сабраных грамадзянамі сродкаў. На сумесную працу выходзяць і пенсіянеры, і маладзейшыя. Мы любім сваю малую радзіму і хочам сустрэць вясновыя святы ў прыгожай вёсцы. З пачатку сезона ў населеных пунктах сельсавета ўжо прайшло 16 суботнікаў.

Яшчэ кіраўнік мясцовай улады расказала пра вёску Зарэчка. Паводле яе слоў, дзейнасць жыхароў Зарэчкі — прыклад сапраўднага вясковага самакіравання. Людзі збіраюцца на сход, прымаюць рашэнне і агульнымі намаганнямі ўвасабляюць яго ў жыццё. Пачалося з таго, што паўтара дзясятка гадоў таму жыхары Зарэчкі зрабілі значную агульную справу — талакой узвялі невялікую царкву-капліцу.

Паводле назірання старшыні, гэта вёска вызначаецца не толькі працавітасцю, адказнасцю людзей, тут ёсць касцяк актывістаў, якія могуць падаць прыклад. Некалькі гадоў таму на агульным сходзе вырашылі могілкі прывесці ў парадак. Пасля сходу жаночая суполка актывістаў занялася зборам грошай. Прайсці па вёсцы, сабраць узносы сярод жыхароў аказалася самым лёгкім. З дапамогай сельвыканкама знаходзілі нумары тэлефонаў землякоў, якія жывуць у розных гарадах, чые бацькі пахаваны на могілках. Адгукалася пераважная большасць. Адным словам, патрэбную суму сабралі і купілі матэрыялы на першую палову агароджы. Потым такім жа чынам зрабілі і другую частку.

Праўда, давялося наняць арганізацыю і знесці больш за пяць соцень дрэў. Некаторыя былі літаральна ў тры абхваты. Альпіністы дрэвы папілавалі ды пакінулі іх на месцы. Усё гэта патрабавалася ачысціць ад галля, вывезці, прыбраць — таксама вялікая работа — потым спаліць, ачысціць тэрыторыю ад зараснікаў і хмызняку. У працэсе работы знайшлі шмат раней забытых магіл — партызан, мірных жыхароў, якія загінулі падчас вайны. Гэтыя пахаванні ўжо, відаць, няма каму даглядаць, вяскоўцы іх акультурылі, крыжы паднавілі. «Цяпер і школьнікі прыходзяць дапамагчы, трэба ж падтрымліваць, каб па-людску ўсё было. Адным словам, недагледжаных магіл мы не пакідаем, перад святам усё прыбіраем», — гаворыць старшыня сельвыканкама і дадае, што ў Зарэчцы і сёлета ўжо наведзены вясновы парадак.

Самі з рукамі

А ў сталіцы да добраўпарадкавання далучаюцца Калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС).

— Часцей за ўсё менавіта мы выступаем як ініцыятары ў пытаннях навядзення парадку на зямлі, — расказвае старшыня 120-га КОТГСа Кастрычніцкага раёна Мінска Алег БРАШКО. — Трэба разумець, што камунальнікам прасачыць за абсалютна кожным домам, пад’ездам — вельмі цяжка. Мы ж непасрэдна жывём на гэтых тэрыторыях і бачым усе нюансы, якія хвалююць людзей. У ходзе штодзённага маніторынгу тэрыторыі выяўляем самыя розныя праблемы. Гэта, напрыклад, яма на дарозе, зламаная лавачка каля пад’езда... Пры гэтым многія такія праблемы мы, члены КОТГСа, закрываем уласнымі сіламі.

Суботнікі — звычайная справа для мінчан. «Прычым мы праводзім іх не таму, што так трэба або нас абавязалі. Не! Мы праводзім суботнікі таму, што самі хочам, каб вакол нашых дамоў было чыста і дагледжана. Упэўнены, што абсалютна кожны чалавек хоча жыць у прыгожым раёне. Таму на штомесячным пасяджэнні КОТГСа мы вызначаем дзень, калі правядзём чарговы суботнік. Вядома, 12 красавіка зноў выйдзем на вуліцы. Але пры гэтым ужо правялі суботнік 5 красавіка. Тады вакол нашага КОТГСа і на прылеглых тэрыторыях мы навялі сапраўдны парадак. Варта адзначыць, што кожны з членаў КОТГСа пры гэтым з’яўляецца і старшым па пад’ездзе альбо па двары. Такім чынам, праз старшых па пад’ездзе мы і агітуем людзей выходзіць на вуліцу для таго, каб навесці парадак на сваёй зямлі», — расказвае Алег Брашко.

Пры гэтым, дадаў Алег Брашко, заўсёды ўдзяляем увагу ліквідацыі нейкіх недахопаў, рамонту лавак і іншага: «Бо суботнік — гэта не проста прыйшоў, нешта там падмёў і прыбраў лісце. Суботнік — комплексны падыход да добраўпарадкавання, калі кожны чалавек наводзіць парадак не таму, што яму загадалі, а таму, што ён сам гэтага хоча, робіць гэта ахвотна, якасна, з душой. І заўсёды прыемна, калі ты прыходзіш дадому пасля асноўнай работы і бачыш, што ўсюды чыста. Ды і нездарма ж кажуць, што Беларусь — самая чыстая краіна з ліку былых саюзных рэспублік. Менавіта таму мы і агітуем людзей выходзіць на такія суботнікі, дзесьці падмесці, дзесьці нешта падфарбаваць — зрабіць наш двор, нашу вуліцу яшчэ лепшай».

Старшыня 120-га КОТГСа Кастрычніцкага раёна сталіцы прызнаўся, што ў іх існуе пэўная праблема: «Мы не фінансавая арганізацыя, у нас няма ні свайго рахунку, ні прыборачнага інвентару. Таму пры арганізацыі суботнікаў звяртаемся ў мясцовыя жыллёва-камунальныя службы. На шчасце, яны ахвотна ідуць нам насустрач, выдзяляюць прыборачны інвентар і, што самае прыемнае, напрыканцы работ высылаюць трактар, які дапамагае прыбраць усё смецце. Пасля кожнага такога суботніка на нашых вуліцах становіцца вельмі прыгожа. Ды і людзі імкнуцца менш смеціць там, дзе нядаўна самі наводзілі парадак».

Дагледжаная памяць

Могілкі ў вёсцы Шэйпічы Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны старадаўнія, але выглядаюць вельмі прывабна. Нядаўна тут паставілі новаю агароджу — абнеслі тэрыторыю брусам. У тым, што на вясковых могілках чысціня і парадак, перадусім заслуга жыхароў, якія вельмі трапятліва ставяцца да памяці сваіх продкаў. І ў гэтым яны плённа супрацоўнічаюць з мясцовай уладай. Атрымліваецца вельмі эфектыўна.

Нядаўна на шэйпіцкіх могілках з’явіўся помнік землякам, якія загінулі падчас вайны. Гэта ўдзячная памяць жыхароў, якія ўсе работы па вырабе і ўстаноўцы помніка ўзялі на сябе.

— На адкрыццё сабралася шмат вяскоўцаў, прысутнічаў мясцовы бацюшка, які асвяціў помнік, — расказвае старшыня Свіслацкага сельсавета Аляксей Траццякоў. — Ініцыятарам выступіла стараста вёскі Валянціна Бурак. Яна заўсёды на прамой сувязі з насельніцтвам. Шмат чаго зроблена для камфорту жыхароў па яе зваротах.

Перад Вялікаднем на могілках шчыруюць і камунальнікі, і дэпутаты, і насельніцтва. Жыхары прыходзяць са сваім інвентаром, працуюць на сумленне.

  • — У мяне таксама ў машыне заўсёды ляжаць рабочыя пальчаткі, — усміхаецца Аляксей Траццякоў. — Ніколі не ведаеш, дзе спатрэбіцца дапамога. Вясной наогул работы шмат. У тым ліку на могілках. Падалі заяўку на пясок, каб людзі маглі месцы пахаванняў сваіх родных асвяжыць. У Асіповічах няма пясчанага кар’ера, таму трэба вырашаць пытанне загадзя. І пра вываз смецця, якога ў дні такіх вось народных суботнікаў збіраецца асабліва шмат, паклапаціліся. Асабліва турбуюць штучныя кветкі, якія народ ахапкамі прыносіць на Радаўніцу. Мы нагадваем, што яны вельмі небяспечныя для экалогіі, але кожны год усё паўтараецца. Нешта трэба рабіць з гэтым, кардынальна мяняць сітуацыю.

У Асіповіцкім раёне дэпутаты знайшлі цікавы спосаб плённага супрацоўніцтва з камунальнікамі па замене агароджаў.

— Прапаноўваем людзям, якія нешта ўмеюць сваімі рукамі рабіць, папрацаваць, — расказвае старшыня сельсавета. — ЖКГ робіць калькуляцыю, колькі каштуюць работы па замене агароджы, дае матэрыял, а нашы людзі самі ўсё робяць і атрымліваюць пры гэтым капейку. І ЖКГ не адрывае ад работы сваіх людзей, і мясцовыя ўдзельнічаюць у добрай справе, і сельсавету добра, што парадак наведзены.

У гонар герояў-вызваліцеляў

Тэрыторыя Крынкаўскага сельскага Савета Лёзненскага раёна Віцебшчыны даволі вялікая — 38 населеных пунктаў, у дзесяці з іх пражывае да пяці чалавек. Працягласць па перыметры складае 122 кіламетры. Навесці парадак у адзіночку, прызнаецца старшыня сельсавета Людміла Іванова, немагчыма, аднак у кожнай вёсцы ёсць неабыякавыя да сваёй радзімы людзі. Яны і імкнуцца па поклічы сэрца зрабіць свой населены пункт лепшым пастаянна, не толькі ў Год добраўпарадкавання.

Вялікую дапамогу кіраўніку сельсавета ў арганізацыі людзей на добрыя справы аказваюць старэйшыны вёсак. Так, у Высачанах добра ведаюць актыўную Святлану Курэкаву, яна рэгулярна згуртоўвае аднавяскоўцаў на суботнікі. У Крынках жыве Фаіна Сучкова, якая арганізоўвае людзей на прыборку воінскіх пахаванняў і ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. У вёсцы Іванькова есць Таццяна Бондарава, якая змагла арганізаваць у населеным пункце збор смецця, актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы. І такіх прыкладаў у Крынкаўскім сельсавеце шмат.

Асаблівую ўвагу дэпутацкі корпус, установы і арганізацыі сельсавета аддаюць захаванню гістарычнай памяці. І нездарма, бо на ўліку ў Крынкаўскім сельсавеце знаходзяцца 12 воінскіх пахаванняў і 5 мемарыяльных комплексаў. Тут здзейсніла свой подзвіг Герой Савецкага Саюза танкіст Марыя Акцябрская, помнік ёй усталяваны насупраць адміністрацыйнага будынка сельсавета. Воінскае пахаванне клапатліва даглядаюць школьнікі, а Людміла Іванова вядзе работу па пошуку інвестараў, якія дапамагаюць праводзіць рэканструкцыю старых месцаў воінскай славы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю