Top.Mail.Ru

Шматдзетная сям’я з Краснаполля пра свае захапленні, любоў да малой радзімы, выхаванне дзяцей

Нядаўна Таццяна і Аляксандр Казловы як шматдзетная сям’я атрымалі ключы ад двухпакаёўкі ў трохпавярховіку па вуліцы Ленінскай у Краснаполлі. Сужэнцы задаволены — цяпер у іх ёсць уласнае жыллё, дзе будуць расці іх дзеці, гасціць радня і гатавацца духмяны хлеб. А галоўнае, у Таццяны і Аляксандра ёсць свой рэцэпт шчасця, якім яны ахвотна падзяліліся з карэспандэнтамі «Звязды».



Ціхае сямейнае шчасце

Таццяна родам з Краснаполля, муж нарадзіўся ў Казахстане, але ўжо даўно жыве ў Беларусі. Жылі на суседніх вуліцах, і аднойчы іх сцяжынкі перасекліся. Налета будзе ўжо 10 гадоў, як яны разам. Іх агульная любоў і спадзяванні — два сыны і лапачка-дачка. Кірылу ўжо 12 гадоў, Міхаілу — 8, а Варвары 5 жніўня споўніцца 3 гадкі.

Таццяна ўсміхаецца, што ў яе ніколі не было жадання кудысьці з’ехаць з Краснаполля. Як, дарэчы, і ў мужа. Іх бацькі, а таксама брат Таццяны і сястра Аляксандра таксама са сваімі сем’ямі жывуць у гэтым жа райцэнтры.

— Мы любім, каб было ціха, спакойна, без мітусні, — кажуць сужэнцы. — Мы цалкам вясковыя жыхары, горад нас хутка стамляе. Калі трэба, садзімся на сваё аўто і едзем у Магілёў ці яшчэ куды.

Час ляціць непрыкметна, за хатнімі справамі дзень заканчваецца хутка. Сям’я наведвае мясцовы храм, Аляксандр нават дапамагае свяшчэнніку, служыць пры алтары. Пры храме працуе нядзельная школа, якую перыядычна наведвае старэйшы сын Кірыл. Бацькі лічаць, што духоўнае выхаванне моладзі сёння — вельмі важная справа. Як, дарэчы, і фізічнае. Міхаіл, напрыклад, ходзіць на плаванне ў мясцовы ФАК, які таксама не вельмі далёка ад дома. А Кірыл пры школе займаецца футболам.

Дзякуй дзяржаве за клопат

Аляксандр і Таццяна радуюцца, што цяпер у іх ёсць асобнае жыллё. Раней прыходзілася здымаць кватэру. Але чужое і сваё дзве вялікія розніцы.

— Дзякуй дзяржаве за клопат, — кажуць яны. — Як шматдзетнай сям’і нам выдзелілі крэдыт на кватэру пад 1 %. Пакоі вялікія, ніякіх недахопаў няма — усё зроблена акуратна. Нават рамонт не трэба рабіць — заязджай і жыві. Пашчасціла нават з паверхам — дастаўся прэстыжны другі. У доме 12 кватэр, 11 — арэндных і толькі наша для шматдзетных.

Сямейства задаволена і месцам, дзе дом пабудаваны. Побач школа, дзіцячы садок, зусім блізка паліклініка і крама. Усё можна пешшу абысці. Вельмі зручна.

Таццяна дадае, што ў школе дзеці атрымліваюць бясплатныя абеды. І гэта таксама добрая падтрымка для шматдзетнай сям’і.

Смачна есці

Калі б вы бачылі, якія пірожныя, тарты і хлеб пякуць сужэнцы, вырашылі б, што яны кулінары. І памыліліся б. Таццяна па сваёй прафесіі бібліятэкар, а Аляксандр працуе ў раённым філіяле Клімавіцкіх электрасетак. А вось у вольны час яны сапраўды кулінары.

— Не паверыце, але да таго, як выйсці замуж, я гатаваць зусім не ўмела, — прызнаецца Таццяна. — А вось Аляксандр ужо ўмеў пячы хлеб і мяне захапіў. Хлеб у яго і зараз лепш атрымліваецца. А вось па тартах я майстар.

Маладая жанчына прызнаецца, што некалькі гадоў таму спробы нешта спячы заканчваліся сумна. Але яна нарэшце знайшла свой рэцэпт спачатку бісквіту, потым дражджавога цеста. Лепш за ўсё ў яе атрымліваюцца бісквітны торт, «Медавік» і «Чырвоны аксаміт». Апошні наогул ідзе на ўра. «Бісквіт — на кефіры, крэм — сметанковы — м-м-м як жа гэта смачна. Сакавіты, вільготны — не торт, а казка».

Аляксандр хлеб пячэ наогул як сапраўдны прафесіянал. Інгрэдыенты, кажа, на вока кладзе, а ўсё роўна атрымліваецца супер. Гэта ўжо нешта на ўзроўні інтуіцыі. «Сакрэт добрай выпечкі — выдатны настрой, — удакладняе Таццяна. — Тады ўсё атрымліваецца смачна».

Не толькі сям’я

Таццяна і Аляксандр — прыклад для пераймання для сваіх дзяцей. З дзяцінства прывучаюць цаніць іх сямейныя каштоўнасці, паважаць дарослых, дапамагаць старэйшым. На святы ў бацькоўскім доме збіраюцца разам і дзеці, і ўнукі. За гасцінным сталом усім ледзь хапае месца.

— У майго брата дачка і ў мужа сястры двое дзетак — разам з нашымі цэлая футбольная каманда атрымліваецца, дакладней — дзіцячы садок, — смяецца Таццяна.

Асабліва любяць у сям’і Ражджаство. Сёлета Таццяна ўпершыню варыла на яго куццю з ячнай крупы, халвой і разынкамі. Усім спадабалася, і гаспадыню гэта натхніла. На наступны год збіраецца паўтарыць гэты вопыт.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю