Праект рашэння аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і праект бюджэту на 2026 год накіраваныя на забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі рэгіёна і рост дабрабыту насельніцтва. У планах забяспечыць тэмп росту ВРП на ўзроўні 102,9 %, намінальнай зарплаты —112,6 %, інвестыцый —102,9 %.
— Працаваць прыйдзецца шмат, мы павінны хутчэй рухацца па ўсіх кірунках, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Асабліва гэта датычыцца інвестыцый і росту прадукцыйнасці працы. Ад гэтага залежыць рост заработнай платы. Неабходна таксама забяспечыць захаванне цэнавай стабільнасці, павялічыць экспарт і актыўна асвойваць новыя перспектыўныя рынкі.
Для забеспячэння росту ВРП на 2,9 % прамысловасць Магілёўшчыны павінна працаваць з тэмпам росту 103,1 %. А каб прадпрыемствы былі здольныя забяспечыць такі тэмп, яны павінны быць сучаснага ўзроўню. Сёлета свае вытворчасці плануюць мадэрнізаваць «Белшына», «Магілёўхімвалакно», «Магілёўліфтмаш» і іншыя прадпрыемствы.
Рэгіён шмат працуе над стварэннем імпартазамяшчальнай прадукцыі. Планам мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні на 2026 год прадугледжаны выпуск 223 пазіцый такой прадукцыі болей чым на мільярд долараў з тэмпам росту 105,4 %.
Вялікія спадзяванні на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый. Тэмп росту вытворчасці малака чакаецца на ўзроўні 103,9 %, мяса буйной рагатай жывёлы — 104,7, свіней — 107,4, птушкі — 101,8. На працягу мінулага года ў Магілёўскай вобласці было ўведзена дзевяць сучасных малочнатаварных комплексаў. Аб’екты, пабудаваныя і рэканструяваныя па ўказе Прэзідэнта, дадуць магчымасць нарасціць аб’ёмы вытворчасці малака. Праграма будаўніцтва і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў працягнецца і сёлета.
Палітыка эканомікі рэгіёна традыцыйна настроена на прыцягненне інвестыцый.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алена Пруднікава-Кірпічонак адзначыла, што неабходныя інструменты актывізацыі гэтай дзейнасці і крэдытныя прадукты ёсць.
Развіццю інвестпатэнцыялу будзе садзейнічаць і турызм. Сёлета за кошт будоўлі і рэканструкцыі плануецца пашырэнне гасцінічнага фонду, месцаў у санаторна-аздараўленчых установах. Існуючыя механізмы дазваляюць атрымаць банкаўскія сродкі пад устойлівы турыстычны інвестпраект, у тым ліку і прыватнаму інвестару.
Эфектыўны спосаб прыцягнення інвестыцый — рэгіянальная ініцыятыва. У вобласці плануецца рэалізаваць 26 праектаў на 200 мільёнаў рублёў і стварыць 283 працоўныя месцы.
Нэлі ЗІГУЛЯ