Top.Mail.Ru

Шклоў запрашае на «Дажынкі»

Аўтар:
Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» пройдзе ў Шклове ў гэту суботу — 10 кастрычніка

Райцэнтр грунтоўна падрыхтаваўся да сустрэчы ўдзельнікаў і гасцей свята. На цэнтральных вуліцах абноўлены фасады жылых дамоў, адрамантаваныя дарогі і пешаходныя зоны, пасаджаны новыя дрэвы, пахарашэў старадаўні гарадскі парк... 

Як паведамілі ў Шклоўскім райвыканкаме, цэнтральнай пляцоўкай «Дажынак» стане раённы Дом культуры. У ходзе падрыхтоўкі да фестывалю зроблены рамонт будынка, закуплена новае сцэнічнае абсталяванне, добраўпарадкавана прылягаючая да ўстановы плошча. 

У суботу з 9 раніцы пачнецца работа тэматычных пляцовак і гандлёвых радоў. На вуліцах Ленінская і Фабрычная адкрыецца вялікая выстава-кірмаш «Млын ураджаю», дзе будзе прадэманстраваная сельскагаспадарчая прадукцыя прадпрыемстваў вобласці, аграпрамысловы патэнцыял раёнаў, іх турыстычныя, культурныя, прамысловыя складнікі. Смачна паесці і выгадна атаварыцца прапануюць шматлікія гандлёвыя аб’екты і кавярні пад адкрытым небам па вуліцах Савецкая, Пралетарская, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Тут у шырокім асартыменце будзе прадавацца харчовая, прамысловая і сувенірная прадукцыя.

Працаўнікам сяла і героям уборачнай кампаніі-2026 года прысвечана выстава фатаграфій «Наш гонар». Убачыць яе можна на пляцоўцы каля раённага Дома культуры. Непадалёк ад установы будуць прадстаўлены і найлепшыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі флагманаў АПК. 

З 13.00 да 15.00 на плошчы каля раённага Дома культуры адбудзецца ўрачыстае канцэртнае мерапрыемства ўшаноўвання аграрыяў «Слава людзям, што працуюць на зямлі!». Перад гэтым — з 10.00 да 11.00 — на Лядовай арэне Шклова прагучаць словы падзякі працаўнікам сяла і ўручаны ўзнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін. У рамках абласных «Дажынак» у гэты дзень адкрыецца помнік-бюст савецкаму перадавіку сельскай гаспадаркі, жывёлаводу, Герою Сацыялістычнай працы, маці-гераіні Ніне Баранавай у аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна.

Гарадскі парк у Шклове падчас «Дажынак» стане месцам прыцягненне дзяцей і моладзі. Сваімі дасягненнямі і напрамкамі дзейнасці падзеляцца ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, шклоўскія сярэднія школы, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Шклоўскага раёна. Яны рыхтуюць квэст-гульні, выставы, фотазоны, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Сваіх наведвальнікаў чакаюць на пляцоўцы абкама БРСМ.

З 15.00 да 17.00 ў гарадскім парку будзе працаваць інтэрактыўная дзіцячая пляцоўка. Не сумна правесці час дапамогуць роставыя лялькі і атракцыёны. 

Да ведама аматараў спорту, у гарадскім парку з 10.00 да 17.00 будуць працаваць пляцоўкі для гульні ў лазертаг і заняткаў воркаутам, конкурсныя пляцоўкі «Футбол» і «Хакей», адбудзецца першынства па міні-футболе. 

У парку і непадалёк ад Дома культуры размесцяцца лакацыі Дэпартамента аховы і МНС. Тут пройдуць паказальныя выступленні і будзе працаваць выстава спецыялізаванай тэхнікі. 

Не менш насычаная вячэрняя праграма. З 17.00 да 20.00 на плошчы каля раённага Дома культуры адбудзецца ўрачыстае закрыццё фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» і гала-канцэрт лаўрэатаў конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні і мастацкіх калектываў, артыстаў эстрады. Завершыцца фестываль-кірмаш музычна-забаўляльнай праграмай і святочным феерверкам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю