Жыхароў рэгіёна нацэльваюць на прарыўныя ідэі і арганізаванасць
Падчас рабочай паездкі ў Віцебск Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка прыняў удзел у цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны», а таксама сустрэўся з працоўным калектывам УП «Віцебскаблгаз», азнаёміўся з работай цэнтра па тэхнічным абслугоўванні спажыўцоў і офіса лічбавізацыі ПУ «АйТиГаз».
Цырымонія ўшанавання людзей, удастоеных галоўнай узнагароды вобласці — звання «Чалавек года Віцебшчыны», праходзіла 17-ы раз. За гэты час яе ўладальнікамі сталі больш за 1,2 тыс. чалавек. Сёлета за высокія вынікі працы ў папярэднім годзе яе ўручылі 53 прадстаўнікам усіх сфер дзейнасці, чые дасягненні сталі прыкметным укладам у развіццё паўночнага рэгіёна. На думку Ігара Сергяенкі, гэтага высокага звання заслугоўваюць тыя, хто сваімі розумам, працай, энергіяй і добрым сэрцам вядзе за сабой іншых, задае максімальна высокую планку, стварае і натхняе.
— Кіраўнік дзяржавы паставіў перад Віцебскай вобласцю сур’ёзныя задачы, і іх трэба выконваць, — нагадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў дэлегацыям раёнаў і працоўных калектывам, якія сабраліся ў канцэртнай зале «Віцебск». — Віцебшчына павінна зайграць новымі фарбамі. Тут ёсць для гэтага ўсё. Але патрэбны прарыўныя ідэі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, належыць больш актыўна задзейнічаць бізнес, каб жыццё стала зусім іншым. Вядома, не хапае яшчэ дысцыпліны, арганізаванасці. У гэтым патрэбна дадаваць.
У сваю чаргу старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік заўважыў: «Наперадзе ў нас многа няпростых, але важных задач, якія трэба рашаць разам. Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць прамысловаму комплексу, мадэрнізацыі аграрнага сектара і адраджэнню сяла, пошуку новых пунктаў росту ў эканоміцы. Не застанецца па-за ўвагай турыстычны патэнцыял Віцебшчыны, яе прыродныя ўнікальнасць і багатая культурная спадчына».
Прыкладам прадпрыемства, дзе прымяняюць новыя падыходы да арганізацыі працы, акумулююць адукаваныя кадры, распрацоўваюць і прымяняюць сучасныя тэхналогіі, служыць УП «Віцебскаблгаз». Хаця профільная дзейнасць прадпрыемства, як відаць з назвы, звязана з забеспячэннем спажыўцоў газам, яго можна лічыць шырокапрофільным, бо яно займаецца сельскай гаспадаркай, здабычай торфу і нават распрацоўкай праграмнага забеспячэння.
Падчас размовы з працоўным калектывам прадпрыемства Старшыня Палаты прадстаўнікоў узгадаў і заканадаўчыя ініцыятывы. У прыватнасці, закон «Аб газазабеспячэнні», які дзейнічае ўжо 23 гады. Ігар Сергяенка адзначыў, што за гэты значны перыяд сур’ёзным карэкціроўкам ён не падвяргаўся, што сведчыць аб стабільнасці адпаведнага прававога рэгулявання. «Але калі ў вас ёсць абгрунтаваныя прапановы па дадзеным законе, парламентарыі гатовы іх абмеркаваць і прапрацаваць», — звярнуўся да работнікаў газавай сферы спікер Палаты прадстаўнікоў.
Ён таксама зазначыў, што ў Палаце прадстаўнікоў у лютым 2025 года адбыўся семінар па праблемных пытаннях і перспектывах развіцця электраэнергетыкі і газіфікацыі населеных пунктаў у Рэспубліцы Беларусь. На яго былі запрошаны міністр энергетыкі, кіраўнікі абласных прадпрыемстваў электраэнергетыкі і газазабеспячальных арганізацый, у тым ліку і УП «Віцебскаблгаз».
«Дарэчы, узровень газіфікацыі жылога фонду краіны з 1994 года павялічыўся з 35 % да 84 % (больш за 3 млн кватэр), — паведаміў Ігар Сергяенка. — У сельскай мясцовасці — з 10 да 51 %».
Святлана ЯКАЎЛЕВА