Top.Mail.Ru

Се­на­тар і дэ­пу­тат — пра пры­ёмы гра­ма­дзян, гра­мад­скія іні­цы­я­ты­вы, па­тры­я­тыч­нае вы­ха­ван­не

Рабочы дзень старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандра Гарошкіна, распісаны па хвілінах — гэта і прыёмы грамадзян, і сустрэчы ў працоўных калектывах, і маніторынгі гандлёвых аб’ектаў і ўстаноў аховы здароўя. Чужых пытанняў і праблем для дэпутата не існуе. Не менш адказная работа ў парламенце, дзе прымаюцца важныя для грамадства законы. Якія пытанні прыходзіцца вырашаць і якія задачы ставіць, расказаў «МС» сенатар.


Не заклікаць, а паказваць прыклад

— Аляксандр Рыгоравіч, наколькі адказна прадстаўляць народ ва ўладзе?

— Вельмі адказна, бо сотні чалавек даверылі мне прадстаўляць іх інтарэсы на дзяржаўным узроўні, і я не магу іх падвесці. Самая галоўная задача, каб тыя пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва, вырашаліся на месцах, а не перанакіроўваліся, скажам, у рэспубліканскія органы ўлады. Большасць з іх, як правіла, датычыцца бытавых умоў, паляпшэння якасці жыцця насельніцтва. І галоўная задача дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў адразу ж браць гэтыя пытанні на кантроль. Зразумела, што жыццё не стаіць на месцы, і законы, па якіх мы жывём, не статычныя. Прэзідэнт пастаянна звяртае ўвагу на тое, што законы павінны працаваць для людзей. І тут я бачу задачу як члена Савета Рэспублікі ўлічваць тыя пытанні, якія патрабуюць дапрацоўкі, унясення змяненняў у законы нашай дзяржавы. Апроч таго, што ёсць афіцыйныя дні прыёмаў грамадзян, калі працуеш як старшыня абласнога Савета, або як сенатар, мой кабінет адкрыты і ў любы іншы час. Калі я на месцы, гатовы прыняць чалавека з яго праблемамі і паспрабаваць максімальна дапамагчы. Наша дзяржава сацыяльна арыентаваная. Робіцца ўсё для таго, каб чалавеку, які тут жыве і працуе, было ўтульна і камфортна.

— У апошні час вельмі актыўна падтрымліваецца такі рух, як грамадзянскія ініцыятывы...

— У мінулым годзе, які быў аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам добраўпарадкавання, мы шмат працавалі з насельніцтвам, тлумачылі, што стварэнне камфортных умоў жыцця, чысціня, утульнасць на вуліцах нашых гарадоў і вёсак — гэта агульная задача для ўсіх, у тым ліку і для насельніцтва. І жыхары нас падтрымалі. Дэпутаты не толькі заклікаюць, але і паказваюць прыклад. Вялікая колькасць ініцыятыў, якія рэалізаваныя ў 2025 годзе і запланаваныя на 2026-ы, заяўлена менавіта дэпутатамі. Сёлета мы выбралі 18 праектаў з больш чым 50, якія будуць рэалізаваныя з падтрымкай бюджэту. Але гэта не значыць, што на астатніх ініцыятывах будзе пастаўлены крыж. Яны таксама атрымаюць права на жыццё, але іншымі спосабамі — або за кошт сродкаў Магілёўскай абласной асацыяцыі Саветаў мясцовых дэпутатаў, або спонсараў.

У звязцы з выканаўчай уладай

— Як сенатар вы ўдзельнічаеце ў стварэнні законаў. Ці прыходзілася нешта ініцыяваць ад імя жыхароў вобласці?

— Існуе паслядоўнасць у вырашэнні таго ці іншага пытання. Калі яго нельга вырашыць на мясцовым раённым ці гарадскім ўзроўні, я з ім звяртаюся да старшыні аблвыканкама, і мы прадметна разглядаем праблему. Але калі пытанне патрабуе пэўных карэкціровак у заканадаўстве, мая галоўная задача, і гэтага ад нас патрабуе Наталля Іванаўна Качанава, давесці яго да Савета Рэспублікі. Яно будзе перададзена ў Палату прадстаўнікоў на разгляд для магчымасці ўнясення ў заканадаўства. Так было ў выпадку з пенсіянерамі, калі ім дазволілі і пенсію атрымліваць, і заробак у поўным аб’ёме. Мы бачылі, што ёсць праблемы з працоўнымі рэсурсамі, і ёсць людзі, якія на пенсіі, але жадаюць працаваць. І закон быў прыняты.

— На што звяртаеце ўвагу пры правядзенні маніторынгаў?

— Як гаворыць Прэзідэнт, мы зыходзім ад жыцця, звяртаем увагу на тое, што хвалюе грамадзян. Што датычыцца ЖКГ, то тут больш планавыя работы. Наша задача — праблемы бачыць і даводзіць да выканаўчай улады, патрабаваць складання пэўных планаў, з якімі мы зможам прыйсці да грамадзяніна і ўсё яму растлумачыць. Людзі, калі іх своечасова праінфармаваць, ставяцца да гэтага з разуменнем. Шмат пытанняў, якія да нас паступаюць, датычацца аховы здароўя і гандлю. Перад дэпутацкім корпусам стаіць дакладная задача праводзіць маніторынгі і даваць справаздачу Савету Рэспублікі. Адсочваем асартымент, звяртаем увагу на прысутнасць у ім тавараў беларускай вытворчасці. І лепшы індыкатар тут —людзі, яны заўсёды раскажуць, якога, напрыклад, хлеба ці малака даўно не было ў продажы. Так, здараюцца нейкія перабоі, было, што з-за снегападу чагосьці не давезлі. Жыхары адразу пачалі біць трывогу. І шмат хто тэлефанаваў сваім дэпутатам. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень даверу. Людзі ведаюць, што народны выбраннік адразу ж адрэагуе. Быў нават выпадак, калі старшыня сельсавета асабіста прадукты бабульцы адвозіў. Аўтакрама не змагла даехаць з-за дрэнных умоў надвор’я, а дэпутат быў на месцы і выканаў просьбу.

— А вы можаце як дэпутат ці сенатар паўплываць на работу, напрыклад, адстаючых прадпрыемстваў?

— Наўпрост на эканоміку мы паўплываць не можам, але з людзьмі працуем. Калі ідзе адток эканамічна актыўнага насельніцтва, мы не павінны заплюшчваць на гэта вочы. Ізноў такі ідзём да выканаўчай улады. Разам аналізуем: чаму? І шукаем шляхі вырашэння. Справіцца з праблемай можна толькі тады, калі яна на паверхні.

Галоўнае — забяспечыць мір

— Мы жывём у няпросты час, каля заходніх граніц нагнятаецца ваенна-палітычная абстаноўка, па даручэнні Прэзідэнта праводзіцца раптоўная праверка Узброеных Сіл. Вы ў Савеце Рэспублікі працуеце ў камісіі, якая займаецца пытаннямі нацыянальнай бяспекі. Да чаго трэба быць гатовымі?

— Праверка Узброеных Сіл — гэта нармальная практыка, у тым ліку раптоўная па рашэнні Галоўнакамандуючага, якім у нас з’яўляецца Прэзідэнт. Кажу гэта як былы ваенны камісар вобласці. Галоўнакамандуючы павінен ведаць, ці гатовая армія, што ўмее радавы салдат. Пасля маштабнай праверкі праводзіцца дэталёвы аналіз. Кіраўнік дзяржавы казаў, што нас не пакінуць у спакоі. У разгойдванне сітуацыі шмат грошай укладзена, гэта своеасаблівы камерцыйны праект. Стаўкі зроблены, а выніку пакуль няма. За намі назіраюць, спрабуюць на трываласць. Разведка даносіць, якія сродкі ўзбраення набываюцца. Гэта наступальныя віды ўзбраення. Расія, наш стратэгічны партнёр, перадала нам для стрымлівання нядобразычліўцаў сучасныя сродкі СПА, тактычную ядзерную зброю. Галоўнае — забяспечыць мір, без гэтага нельга казаць пра ўстойлівае эканамічнае развіццё.

Нашай моладзі трэба часцей расказваць пра гераічнае ваеннае мінулае. Для гэтага, дарэчы, па ініцыятыве старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі ў нас і пабудаваны ў кароткі тэрмін музей Славы Магілёўшчыны. Тут наша моладзь на прыкладах бачыць, чаму важна абараняць бацькаўшчыну. Акрамя нас саміх гэта ніхто іншы не зробіць. Наёмнікі не абароняць нашых матуль і Радзіму, яны ваююць за грошы. Таму ў краіне і створана стройная сістэма абароны, якая ўключае сілавы блок, тэрытарыяльную абарону і народнае апалчэнне, каб была магчымасць у выпадку неспадзяванай сітуацыі дзейнічаць хутка, усім разам стаць на абарону нашай Радзімы. Праз некалькі дзён мы адзначым Дзень абаронцы Айчыны — наша агульнае свята, бо Айчына — гэта справа агульная, і абараняць яе трэба разам. Любую армію, нават самую абучаную, можна перамагчы, а вось народ — не. Нашы Узброеныя Сілы існуюць не для таго, каб весці вайну, а каб яе не дапусціць. Калі гэта яшчэ падтрымліваецца і магутнай ідэалогіяй, наша краіна непераможная

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота ТГ-канала Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю