Вышыня снежнага покрыва на Верхнядзвіншчыне, паўночным захадзе Беларусі, пасля цыклону Улі складае каля 20 сантыметраў. Камунальныя, дарожныя службы з дапамогай розных арганізацый працягваюць расчышчаць ад снегу дарогі, вуліцы, двары. Вядома ж, першарадную ўвагу пры гэтым удзяляюць найбольш ажыўленым і важным для ажыццяўлення сацыяльна-гаспадарчай дзейнасці аб’ектам. Паступова даходзяць і да маленькіх вёсак на ўскрайку раёна.
Але гэта не азначае, што дагэтуль яны былі адрэзаныя ад цывілізацыі. Напрыклад, сацыяльны работнік Алена Пахірка ўзяла за практыку дабірацца да старых, якіх абслугоўвае, на сваёй кабылцы Ластаўцы. У кожны бок ад яе вёскі кіламетры па чатыры.
— Запрагаю Ластаўку, загружаю ў сані ўсё, што заказана: прадукты, лекі, апранаюся цяплей — і наперад праз сумёты, — смяецца Алена. — Справа прывычная з дзяцінства. Сёлета снегу не так і многа, як бывала даўней: дзе-нідзе перамяло дарогі, што цягнуцца праз палі. А так нічога.
Халодным зімовым днём візіт сацыяльнага работніка, першай памочніцы пажылых людзей, вельмі дарэчы: яна і дровы, і вады прынясе, двор пачысціць, есці зварыць, прыбярэ і проста пагаворыць. Добра, калі ты не адзін у хацінцы, узятай у снежны палон.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота прадастаўлена ТЦСАН Верхнядзвінскага раёна